На скрыжаванні трох алей

- 11:00Выхаванне

На Віцебшчыне завяршыўся міжнародны маладзёжны лагер “Бе-La-Русь” — ужо 27-ы па ліку. Па традыцыі месцам сустрэчы стала лясная паляна ля Кургана Дружбы, куды на 4 дні прыехалі больш за 500 самых таленавітых актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Саюза за прагрэс моладзі Латвіі і Расійскага саюза моладзі, а таксама ветэранаў маладзёжнага руху і ганаровых гасцей.

Курган Дружбы быў насыпаны ў 1959 годзе на мяжы трох краін у памяць аб баявой садружнасці партызан Беларусі, Латвіі і Расіі. Ад кургана пракладзены тры алеі: у бок Беларусі — бярозавая, Латвіі — ліпавая, Расіі — кляновая. На вяршыні кургана расце дуб як сімвал добрасуседскіх адносін трох нацый, і таму дубовы ліст стаў сімвалам міжнароднага маладзёжнага лагера “Бе-La-Русь”. Менавіта дубовымі венікамі старажылы лагера “параць” навічкоў і абліваюць вадой з прыгранічнай рэчкі падчас цырымоніі пасвячэння.

Рыжанцы Марыне Васільевай быць “на веніку” не прывыкаць: у лагеры яна 26-ы раз. Але сёлета яна яшчэ і сустаршыня (Саюз за прагрэс моладзі Латвіі — арганізатар), таму адказвае і за ідэю змены.

— Дэвіз сёлетняга нашага лагера — “Дыхай на поўныя грудзі!”, — тлумачыць ідэю сустрэчы Марына. — Для кожнага ён абазначае нешта сваё. Для некага — гэта хадзіць у горы, для некага — выступаць на сцэне або не маўчаць у спрэчнай сітуацыі, для некага — жыццё і зносіны без меж. Мы хочам, каб лагер дазволіў нам не баяцца сябе, не баяцца гаварыць, пра што думаем. Не баяцца рабіць памылак. Так, яны будуць у маладых. Але калі іх не рабіць, нічога вакол не зменіцца.

Смеласць стала лейтматывам і першай творчай лагернай падзеі — фестывалю “Бе-Lа-Рускія зоры. Добры дзень, курган!”, дзе моладзь прэзентавала свае краіны ў розных жанрах мастацтва, і конкурсу бівуакаў “У гасцях у казкі”, дзе прадстаўляла арыгінальны тэатралізаваны паказ і яго абарону.

Смеласць у спалучэнні з фізічнай вытрымкай забяспечыла напал чэмпіянатаў па футболе і валейболе, спаборніцтваў па дартсе. Спрытнасць і гнуткасць дапамагла хлопцам і дзяўчатам здаць нарматывы ГПА (“Гатовы да працы і абароны”), што было ў праграме ўпершыню.

Інавацыяй стала і конкурсна-забаўляльная праграма “Б.А.Я.Н.” (Бе-La-Русское Ассорти Ярких и Находчивых) — сумесная творчая двухдзённая работа двух зборных інтэрнацыянальных каманд. Адкрыццю і развіццю талентаў яго ўдзельнікаў спрыяла работа творчых майстэрняў “Гэта вы можаце!”, дзе “старыя” вучылі навічкоў розным відам мастацтва: маляванню хной, бодзі-арту, аквагрыму і інш.

Важнае месца ў лагеры адводзіцца мерапрыемствам патрыятычнай накіраванасці, таму ў праграме былі мітынг памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, памятнае ўскладанне кветак да манументаў камсамольцам-падпольшчыкам на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Праз латвійскіх пагранічнікаў удзельнікі лагера перадалі гірлянды для ўскладання да помніка Героя Савецкага Саюза Іманта Судмаліса.

Удзельнікі лагера адзначаюць, што за час свайго існавання ён стаў любімым месцам сустрэч, бо найчасцей на працягу года хапае часу толькі на зносіны ў сацыяльных сетках. Хаця некаторыя знаёмствы перарастаюць у шлюб. Так, знаёмства Дзмітрыя і Настассі Яфіменка ў лагеры ў 2014 годзе прывяло да вяселля. Хутка іх дачцэ споўніцца год, а ў 2019 годзе бацькі плануюць прывезці яе ў лагер. А Аляксандр і Яна Курзанавы з Яраслаўля сёлета ўжо прывезлі ўсіх сваіх васьмярых дзяцей, каб паказаць, дзе некалі ўпершыню сустрэліся яны самі.

Дарэчы, плануецца, што маладзёжны лагер хутка зменіць фармат. Па словах Дзмітрыя Варанюка, першага сакратара ЦК БРСМ, тое, што 27 гадоў запар моладзь трох краін, пераадольваючы сотні кіламетраў, збіраецца разам, канечне, сведчыць пра папулярнасць праекта, але, каб ён станавіўся яшчэ больш цікавым і разнастайным, у яго праграму трэба ўносіць змены.

— За 27 гадоў тут з’явіліся выдатныя традыцыі. Напрыклад, ад патрыятычнага, творчага, спартыўнага мы не збіраемся адмаўляцца. Але сёння сур’ёзна задумваемся, каб зрабіць перазагрузку лагера, праводзіць яго ў новым фармаце. Гаворка не пра знешнія змены, а пра тое, каб, акрамя душэўных зносін, на лясной паляне з’яўляліся канкрэтныя вынікі двух- і трохбаковага міжнароднага супрацоўніцтва. Напрыклад, мы хочам актывізаваць міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне. У найбліжэйшы час запускаем беларуска-расійскі бізнес-інкубатар. Мы збяром маладых прадпрымальнікаў, спецыялістаў свабодных эканамічных зон, інвестараў і правядзём з імі кантактны форум. Спадзяёмся, што да гэтай ініцыятывы далучацца нашы латышскія сябры, — зазначыў Дзмітрый Варанюк.

Плануецца, што супрацоўніцтва будзе і ў іншых сферах — у сельскай гаспадарцы, валанцёрстве, абмене прафесійнымі навыкамі паміж маладымі спецыялістамі. Для гэтага ў “Бе-La-Русь” у будучыні будуць запрошаны вядомыя асобы з трох краін, дзейнасць якіх блізкая моладзі: айцішнік Касперскі, стваральнікі Viber і папулярных камп’ютарных гульняў, маладыя спартсмены, напрыклад, Дар’я Домрачава і Уле Эйнар Б’ёрндален, футбаліст Арцём Дзюба і хакеіст Аляксандр Авечкін і інш. Іх парады і майстар-класы нададуць лагеру адукацыйны вектар.

Павел Краснаруцкі, старшыня Расійскага саюза моладзі, прапанаваў наладзіць узаемадзеянне не толькі на ўзроўні цэнтральных камітэтаў маладзёжных арганізацый, але і на рэгіянальным. У прыватнасці, такім пашыраным складам плануецца выпрацаваць сумесныя праекты да II Еўрапейскіх гульняў у Мінску і чэмпіянату свету па хакеі 2021 года ў Беларусі і Латвіі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.