Вучэбныя дапаможнікі для ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны былі абмеркаваны на рэспубліканскай дыялогавай пляцоўцы.
Сярод удзельнікаў дыялогу, які быў арганізаваны на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, — аўтары вучэбнай літаратуры па гісторыі, навукоўцы, настаўнікі-практыкі, выкладчыкі гістарычных дысцыплін УВА.
Па словах намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, амаль год назад кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача распрацаваць падручнік па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе будзе паказана вялікая роля беларускага народа і знойдуць адлюстраванне матэрыялы і дакументы тых часоў, якія дагэтуль не дэманстраваліся. Асаблівы сэнс распрацоўка вучэбнага дапаможніка набывае ў сувязі з тым, што 2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці і праходзіць пад знакам захавання праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа.
Аляксандр Кадлубай адзначыў, што ёсць вялікі задзел для выканання даручэння кіраўніка дзяржавы. З 2004 года ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі выкарыстоўваюцца вучэбныя дапаможнікі “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”, распрацаваныя аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук прафесара А.А.Кавалені. Для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі створаны вучэбна-метадычны комплекс, які ўключае вучэбную праграму факультатыўных заняткаў, вучэбны дапаможнік для навучэнцаў, хрэстаматыю, даведнік, атлас, рабочы сшытак, дапаможнік для педагогаў.
У цяперашні час вядзецца экспертыза вучэбных дапаможнікаў як для агульнай сярэдняй, так і для вышэйшай адукацыі.
“Было прынята правільнае рашэнне аб тым, каб абнавіць не толькі дапаможнік, але і іншыя кампаненты ВМК: сёння вядзецца работа па перавыданні хрэстаматыі для навучэнцаў і дапаможніка для настаўнікаў. Да гэтай работы прыцягнуты педагогі-практыкі, якія вядуць пошукава-даследчую работу з навучэнцамі”, — падкрэсліў намеснік міністра.
Аляксандр Каваленя расказаў аб асаблівасцях вучэбных выданняў, ацэнцы іх спецыялістамі, звярнуў увагу на ўнесеныя ў змест карэктывы, факталагічны матэрыял. Так, ёсць змяненні, якія тычацца ўстанаўлення Дня народнага адзінства, пытанняў генацыду беларускага народа. На шырокім дакументальным матэрыяле разгледжаны пытанні аб калабарацыянізме.
У вучэбным дапаможніку для УВА аўтары пастараліся ўлічыць дасягненні савецкай гістарыяграфіі і ваеннай гісторыі, імкнуліся звярнуць увагу на праблемныя пытанні, паказаць, што ў шэрагу замежных публікацый разгорнута мэтанакіраваная фальсіфікацыя ў ваенны перыяд.
“Уся сістэма гуманітарных ведаў павінна працаваць на гуманітарную падрыхтоўку спецыялістаў, — лічыць А.Каваленя. — Мэтазгодна рэкамендаваць УВА арганізоўваць факультатывы і спецкурсы з улікам прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў. Так, у медыцынскіх універсітэтах засяродзіць увагу на медыцынскім забеспячэнні вайскоўцаў, партызан у гады вайны, для педагагічных — на школе і настаўніцтве Беларусі ў ваенны перыяд”.
Доктар гістарычных наук прафесар Ігар Марзалюк расказаў аб канцэптуальным абнаўленні выкладання гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На яго думку, неабходна даць навучэнцам і студэнтам паняцце ідэалогіі нацызму і яго асноўных кампанентаў, уключыць у дапаможнік некаторыя моманты, разгледжаныя ў манаграфіі А.Кавалені, напрыклад тыя, што тычацца калабарацыяністаў, дакументы і гістарычныя матэрыялы. “Калі гэта не паказваць, то вайна становіцца камп’ютарнай гульнёй, а нашы размовы — фармалізмам”, — заўважыў Ігар Марзалюк.
Па меркаванні аднаго з аўтараў дапаможніка, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Марыны Красновай, аксіёмай у педагогіцы з’яўляецца той факт, што станоўчыя якасці выхоўваюцца на станоўчых прыкладах. І гэта трэба памятаць. Асноўная задача факультатыўнага курса засталася ранейшай — захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, аб гераізме савецкага і беларускага народа. “Мы павінны разумець, што навучэнцы не прафесійныя гісторыкі. Вывучэнне гісторыі носіць не толькі пазнавальны, але і выхаваўчы характар. Пры распрацоўцы дапаможніка ў яго былі ўнесены моманты, якія ў вучэбнай літаратуры не прапісваліся, знайшоў адлюстраванне шэраг праблемных пытанняў: няўдачы Чырвонай Арміі летам — восенню 1941 года, калабарацыянізм, складанасць узаемаадносін СССР з саюзнікамі. Была ўведзена рубрыка “Ствараем летапіс вайны”, якая была прызначана для таго, каб школьнікі звярнуліся да ўспамінаў сваіх родных, знаёмых. Рубрыка пераведзена ў плоскасць даследчай дзейнасці, калі школьнікі, выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, вядуць пошукавую, даследчую дзейнасць. Метадычны апарат выдання накіраваны на тое, каб дзеці вучыліся працаваць з дакументамі, выказваць сваё меркаванне. Вынікам вывучэння курса павінна стаць тое, што дзеці зразумеюць: менавіта савецка-германскі фронт быў асноўным, а наш народ — народ-пераможца, дзякуючы свайму гераізму, мы змаглі адстаяць нашу краіну і трагедыю, якую перанёс наш народ, не павінны забываць,” — адзначыла Марына Краснова.
Педагогі-практыкі ўнеслі шэраг прапаноў па ўдасканаленні ВМК. Сярод іх — улічыць узроставыя асаблівасці навучэнцаў, ажывіць матэрыял цікавымі фактамі, больш выкарыстоўваць QR-коды, пашырыць паняційны апарат дапаможніка, узмацніць візуальны рад, унесці ў спіс рэкамендуемых не толькі дакументальныя, але і мастацкія кінафільмы і інш. Прагучала меркаванне зрабіць гэты курс абавязковым, што аблегчыць вучням здачу экзамену па гісторыі Беларусі.
Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі прыйшлі да пераканання, што толькі пры ўмове кансалідацыі намаганняў спецыялістаў сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях можна вырашыць задачы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і захаванні гістарычнай памяці.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.