На старт! Увага! Гуляем!

Заўтра, у Дзень Перамогі, пачнецца мерапрыемства, да правядзення якога ўся краіна адказна рыхтавалася доўгі час: 78-мы чэмпіянат свету па хакеі з шайбай. Менавіта 9 мая, увечары, турнір стартуе знакавым матчам паміж зборнымі Беларусі і ЗША. Сёння ж, упершыню ў гісторыі правядзення чэмпіянату, на плошчы Дзяржаўнага сцяга праводзіцца ўрачыстая цырымонія падняцця нацыянальных сцягоў усіх каманд краін — удзельніц турніру. Тым самым Беларусь афіцыйна вітае ўсіх, хто прымае ўдзел у гэтай знакавай для краіны і ўсяго свету спартыўнай падзеі.
Пра тое, як падрыхтавалася краіна да сустрэчы гасцей, колькі замежных турыстаў плануецца прыняць, ці можна яшчэ трапіць на матч любімай зборнай, на прэс-канферэнцыі, што прайшла напярэдадні ў сталіцы, расказаў дырэктар Дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2014 года Яўген Мікалаевіч Ворсін.

Напярэдадні чэмпіянату інтарэс да гэтага турніру як у Беларусі, так і за яе межамі істотна павысіўся. Сёння арганізатары сцвярджаюць, што гатовы адкрыць чэмпіянат у “поўным узбраенні”. Зараз праходзяць апошнія інспекцыйныя праверкі падрыхтоўкі галоўных спартыўных арэн міжнароднымі экспертамі.
— Праблем арганізацыйнага характару на сёння практычна няма, — падкрэсліў Яўген Мікалаевіч Ворсін. — Усё робіцца для таго, каб для ўдзельнікаў чэмпіянату былі створаны найлепшыя ўмовы і прадастаўлены найлепшыя магчымасці для рэалізацыі спартыўнага майстэрства і патэнцыялу. А гэта ўсё, што тычыцца размяшчэння, арганізацыі харчавання, транспартнага абслугоўвання, арганізацыі вольнага часу, шматлікіх экскурсійных праграм.
Варта адзначыць, што яшчэ за два дні да пачатку чэмпіянату ўжо каля 2 тысяч замежных грамадзян з краін, з якімі ў нашай краіны ўстаноўлены візавы рэжым, прыбылі ў Беларусь, скарыстаўшыся спецыяльнай магчымасцю бязвізавага ўезду з нагоды 78-га чэмпіянату свету. Усяго за два дні да пачатку чэмпіянату замежным грамадзянам было прададзена больш за 35 тысяч білетаў. Геаграфія — самая шырокая: Паўночная Амерыка, Бразілія, Перу, ПАР, практычна ўсе краіны Еўропы і іншыя. Пры гэтым, як адзначыў Яўген Мікалаевіч Ворсін, з набліжэннем чэмпіянату попыт на білеты нязменна расце. Зараз штодзень прадаецца каля 3 тысяч білетаў. Квіткоў на найбольш знакавыя спаборніцтвы ў афіцыйным продажы на сёння ўжо няма. Разам з тым яшчэ не рэалізавана каля 100 тысяч білетаў на так званыя нярэйтынгавыя матчы.
Для тых балельшчыкаў, якія не змогуць трапіць на арэну, плануецца арганізаваць прамыя трансляцыі ў зонах гасціннасці ў беларускай сталіцы. Нагадаем, што для зручнасці турыстаў і аматараў чэмпіянату ў горадзе вызначаны тры зоны гасціннасці: каля Палаца спорту, Мінскага лядовага палаца спорту і студэнцкай вёскі. У іх размесціцца вялікая колькасць аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання.

 

Алена МАРКЕВІЧ.