На старт, увага, “Шкаліяда”!

- 11:00Спартыўныя падзеі

Больш за дзве сотні вучняў, бескампрамісныя спаборніцтвы і новыя спартыўныя рэкорды — усё гэта “Шкаліяда-2019”. Сёлетняе свята атрымалася не менш відовішчным, напружаным і запамінальным, чым мінулае. 10 і 11 кастрычніка ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы навучэнцы 5—6 класаў з усёй Беларусі бегалі 60 м, 500 м (дзяўчынкі), 800 м (хлопчыкі), скакалі ў даўжыню і кідалі тэнісны мяч.

— Кожны з вас можа з часам дасягнуць у спорце самых вялікіх вышынь, — падтрымаў вучняў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. — Паглядзіце, які подзвіг здзейсніла на чэмпіянаце свету наша Оля Мазуронак. Хочацца, каб і вашы вынікі нязменна раслі.

Вольгі Мазуронак у манежы не было, але дзеці змаглі пазнаёміцца з другой знакамітай беларускай спартсменкай — Эльвірай Герман. Напэўна, лёгкаатлетка змагла натхніць не аднаго хлопчыка і дзяўчынку сваімі шчырымі словамі. “Калі я пачынала займацца спортам, то была такой жа маленькай, як вы. Я ездзіла на спаборніцтвы, каб атрымаць задавальненне, узняць настрой. Калі вы сыдзеце адсюль з добрымі эмоцыямі, то ваш старт быў не дарэмным”.

“На старт, увага, “Шкаліяда”!” — сказалі вядучыя, і спаборніцтвы пачаліся. Два дні вучні і іх трэнеры хваляваліся, выкладваліся і стараліся перамагчы. У бегу на 60 м сярод хлопчыкаў усе прызавыя месцы забралі мінчане, а пераможцам стаў Дзяніс Дзенісевіч (Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву). Сярод дзяўчынак перамагла Юлія Некрашэвіч (сярэдняя школа № 18 Пінска). Скачкі ў даўжыню выявілі наступных пераможцаў: Дзяніс Дзенісевіч і Мілана Марачова з Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. У бегу на 500 м 1-е месца ў Марыі Шаршнёвай (сярэдняя школа № 4 Рагачова). Хлопчыкі беглі 800 м, і лепшы вынік паказаў Акім Гнедчык (сярэдняя школа № 85 Мінска). Апошняй дысцыплінай стала кіданне тэніснага мяча. Сярод дзяўчынак “золата” ў Карыны Шпак (Дзятлавіцкая сярэдняя школа Лунінецкага раёна). Сярод хлопчыкаў — у Аляксандра Сцепаненкі (Разанцаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Мсціслаў­скага раёна). Па выніках спаборніцтваў у агульнакамандным заліку бронзавым прызёрам стала Гомельская вобласць (5170 ачкоў), Гродзенская вобласць — сярэбраным (5184), а лідарам заслужана прызналі каманду Мін­ска (5403).

У гэтым годзе “Шкаліяда” не толькі выявіла лепшых спартсменаў краіны, але і перанесла іх у дзівосны свет — свет Гары Потэра. У перапынках дзеці маглі пагуляць у квідзіч, пакатацца на мятле і сфатаграфавацца ў спецыяльнай фотазоне. Зусім крыху чараўніцтва — і “Шкаліяда” стала незабыўнай.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.