На старце — юныя біятланісты

Больш за 260 школьнікаў Брэстчыны прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Мерапрыемства праходзіла на працягу некалькіх дзён на лыжаролернай трасе Баранавіцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба “На­дзея” ў аграгарадку Мір. Гэты аб’ект атрымаў статус спартыўна-біятлоннага комплексу са стрэльбішчам на 20 установак пасля рабочай паездкі прэзідэнта па Брэстчыне ў 2019 годзе. А.Р.Лукашэнка даручыў рэканструяваць лыжаролерную трасу і пабудаваць стралковы цір, што было неўзабаве ажыццёўлена. Створаная база дазваляе праводзіць не толькі абласныя, але і рэспубліканскія спаборніцтвы.

Турнір — гэта выдатная магчымасць памерацца сіламі, атры­маць зарад бадзёрасці, далучыцца да здаровага ладу жыцця. А паколькі са снегам сёлета пашанцавала, то зрабіць гэта ўдалося на славу.

У спаборніцтвах удзельнічалі 19 каманд з ліку хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў. У залежнасці ад узроставай катэгорыі юныя біятланісты пераадольвалі дыстанцыі працягласцю 1,8, 2,4 і 3 км з двума агнявымі рубяжамі. Забегі завяршаліся эстафетамі. Удзельнікі стралялі з пнеўматычных вінтовак па мішэнях з адлегласці 10 м.

Пераможцамі спаборніцтваў у старэйшай узроставай групе сталі Міхаіл Гатоўчыц з Ляхавіччыны і Юлія Дубейка са Століншчыны, у сярэдняй — Сяргей Цялушка з Ганцавіччыны і Хрысціна Казека з Драгічыншчыны, у малодшай — Назар Міхальчук з Жабінкаўшчыны і Паліна Амельяновіч з Ганцавіччыны. У эстафетных гонках ва ўсіх узроставых групах перамаглі каманды Баранавіччыны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.