На старты паклікала “Зарніца”

Выхаванцы нашага цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці сталі актыўнымі ўдзельнікамі гульні “Зарніца”.

Адказная за падрыхтоўку і правядзенне гульні кіраўнік фізічнага выхавання Вольга Аляксандраўна Грачанік падрыхтавала рыштунак. Нашы надзейныя і верныя памочнікі — бацькі — раніцай вялі дзяцей у дзіцячы садок з заплечнікамі. Навошта? На выпадак дрэннага надвор’я былі прыгатаваны курткі, гумавыя боты, лёгкія шапачкі.

Узяць удзел у гульні былі запрошаны і бацькі выхаванцаў. Захацелі і дзяўчынкі. Такім чынам, гулялі восем пар, якія па сцэнарыі былі разбіты на дзве каманды і на час правядзення гульні сталі пагранічнікамі і лётчыкамі. Увесь дзень дзеці рыхтаваліся, хваляваліся, перажывалі, удакладнялі і перапытвалі нешта адзін у аднаго або ў дарослых.

Для выканання заданняў задзейнічалі ўсю тэрыторыю дзіцячага садка.

Пачалася гульня з урачыстага пастраення і параднага шэсця. Адкрыццё “Зарніцы” адбылося пад гукі дзяржаўнага гімна. Кожная каманда атрымала заданне і план перамяшчэння па тэрыторыі.

Дзецям і іх бацькам трэба было, арыентуючыся па плане, прайсці паласу перашкод, якая складалася з наступных заданняў: праехаць на самакаце; прайсці па дарожцы-змейцы, якая ператваралася ў бервяно; закінуць мяч; пераадолець адлегласць паміж “мінамі” і забіць мяч у вароты.

Бацькі стараліся не адставаць ад дзяцей, хваляваліся. У выніку абедзве каманды справіліся з заданнямі і атрымалі медалі, граматы і прызы. Для балельшчыкаў была падрыхтавана асобная праграма: выступленне выхаванцаў з харэаграфічным нумарам, віктарына на ваенную тэматыку, выступленне дзяцей з мячамі для фітбола.

Гэтае мерапрыемства стала магчымым дзякуючы дабрачыннай дапамозе інжынірынгавай кампаніі АТ “АСЭ”.

Алена ВАСІЛЬЧЫК,
загадчык Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.