На стэндах — праекты беларускіх школьнікаў

- 14:27Адукацыйная прастора, Рознае
Юбілейны, дзясяты Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс прайшоў у Санкт-Пецярбургу, дзе распрацоўкі беларускіх школьнікаў таксама не засталіся па-за ўвагай журы. У нашай скарбонцы дыпломы першай, трэцяй ступені, а таксама званні лаўрэатаў.

Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс — гэта Міжнароднае навуковае спаборніцтва для школьнікаў 13-18 гадоў, якое праводзіцца як стэндавая выстава-кірмаш навуковых праектаў у Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. У ім бяруць удзел школьнікі з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і краін СНД, прадстаўляючы навуковыя праекты ў секцыях матэматыкі, фізікі, праграмавання і камп’ютарных тэхналогій, біялогіі, хіміі, тэхнікі.
Галоўныя прынцыпы дзейнасці Балтыйскага навукова-інжынернага конкурсу — нерэфератыўны характар навуковых даследаванняў, сучасная стэндавая форма прадстаўлення навуковых работ, каардынацыя дзейнасці школьнікаў прадстаўнікамі сярэдняй адукацыі, сучаснай навукі і бізнесу.
Даследаванне можа насіць тэарэтычны характар, можа быць апісаннем эксперымента, тэхнічным апісаннем інжынернага праекта, інавацыйнай камп’ютарнай праграмай. Разам з даследаваннем неабходна падрыхтаваць тэзісы і поўны варыянт артыкула сваёй навуковай работы ў адпаведнасці з патрабаваннямі.
У гэтым годзе ўвазе журы і гасцей мерапрыемства былі прадстаўлены арыгінальныя энергазберагальныя прыстасаванні, камбінаваны гідраўлічны дэмпфер, інтэрактыўны 3D трэнажор для лячэння фобій, праект “Генерацыі абстрактных выяў з дапамогай генетычных алгарытмаў” , “Размалёўка вузлоў у патоўшчанай бутэльцы Кляйна”.
Не менш цікавымі і разнапланавамі былі работы, прадстаўленыя беларускімі школьнікамі, што пацвердзіла і кампэтэнтнае журы.
У секцыі матэматыкі дыплом І ступені і секцыйную прэмію атрымаў Мікіта Кандрацёнак з гімназіі № 41 Мінска. Ён прадставіў даследаванне “Ланцуговыя дробы і алгарытм Еўкліда ў нарміраваных фактарыяльных кольцах”.
Дыпломы ІІІ ступені і спецыяльныя прэміі былі ўручаны некалькім маладым беларускім даследчыкам. У секцыі інфарматыкі была адзначана работа “Кросплатформенны мабільны дадатак “Хімія X10” Паўла Бацылева, адзінаццацікласніка з сярэдняй школы № 3 Старых Дарог.
У секцыі матэматыкі — “Шчыльныя ітэрацыі”, аўтарамі якой сталі прадстаўнікі Ліцэя БДУ Антон і Сяргей Шамяковы.
Акрамя таго, дыпломы ІІІ ступені атрымалі прадстаўнікі сярэдняй школы № 14 Мазыра. Гэта Ганна Цалапава за “Перастановачную няроўнасць для выпуклых функцый” і Марыя Цалапава за “Абагульненне адной няроўнасці”.
У секцыі тэхнікі дыпломам ІІІ ступені была адзначана работа Івана Саечнікава з Ліцэя БДУ. Ён прадстаўляў “Распрацоўку сістэмы вызначэння месцазнаходжання нанаспадарожніка”.
Лаўрэатамі Балтыйскага конкурсу і ўладальнікамі прэмій настаўніцкага журы сталі: у секцыі хіміі — Яўген Булава і Марына Чуяшкова, адзінаццацікласнікі Мінскага абласнога ліцэя, за работу “Бабуліна хімія: выдзяленне сапонінаў з конскага каштана”; у секцыіі біялогіі — Лізавета Салохіна, навучэнка гімназіі № 1 Жодзіна, з “Перспектыўнай крыніцай альтэрнатыўнай энергіі”, Надзея Багдановіч і Даната Скорабагатая, прадстаўніцы гімназіі Дзяржынска, з “Вывучэннем суніцы садовай сартоў: кімберлі, віма занта, вікода, віма ріна пры вырошчванні з расады frigo ў адкрытым грунце”. А ў секцыі тэхнікі зноў быў адзначаны Іван Саечнікаў.
Дарэчы, Балтыйскі конкурс з’яўляецца этапам Сусветнага агляду-конкурсу навуковых дасягненняў школьнікаў Intel Science Engineering Fair (Intel ISEF). Права праводзіць адборачны турнір пецябруржцы 11 раз пацвердзілі перамогамі на Intel ISEF. Сёння Балтыйскі конкурс можа пахваліцца пераможцамі, якія сталі не толькі сябрамі журы, кіраўнікамі новых праектаў, але і маладымі навукоўцамі — кандыдатамі навук.

 

Вольга БАРЫСЕВІЧ.