Сярэдняй школе № 2 Століна ў 2024 годзе прысвоена імя камандзіра 2-й партызанскай брыгады асобага прызначэння Сцяпана Паўлавіча Каплуна. Калектыў установы прайшоў доўгі шлях па пошуку матэрыялаў пра жыццё вядомага партызана. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Унікальныя матэрыялы
Адна з новых вуліц Століна была названа ў гонар Сцяпана Каплуна. У памяць аб ім арганізоўваюцца раённыя спаборніцтвы па міні-футболе, а з дня адкрыцця музея штогод праходзіць раённая краязнаўчая канферэнцыя навучэнцаў “Пошук” па тэме “Вялікая Айчынная вайна: партызанскі рух на тэрыторыі Столінскага раёна”.
— З 1984 года ў сярэдняй школе № 2 Століна функцыянаваў музей баявой славы, у якім захоўвалася мноства дакументаў, фатаграфій, характарыстык, узнагарод і ўзнагародных лістоў партызан, якія ваявалі пад камандаваннем Сцяпана Паўлавіча, — гаворыць дырэктар школы Наталля Антонаўна Ляшкевіч. — Сярод экспанатаў былі і рэчы самога партызана, а таксама ўспаміны сведак тых гераічных падзей. Музей перажыў рэарганізацыі, рамонты, мяняў памяшканні. У 2001 годзе быў перайменаваны ў гісторыка-краязнаўчы, частку экспанатаў сваякі С.П.Каплуна вярнулі ў свае дамашнія архівы.
На Століншчыне вучні з вялікай цікавасцю вывучаюць жыццёвы шлях вядомых партызан, пішуць даследчыя работы, расказваюць пра тое, што робіцца для захавання памяці аб героях.
Мэтанакіраваная работа па адраджэнні музея пачалася некалькі гадоў назад. Пачатак працэсу быў пакладзены падчас сустрэчы старшыні Столінскага райвыканкама Рыгора Пратасавіцкага з Паўлам Дабрынцом, ганаровым грамадзянінам Лунінецкага раёна, былым партызанам атрада імя С.М.Кірава 2-й партызанскай брыгады асобага прызначэння падпалкоўніка С.П.Каплуна, удзельнікам Столінскай падпольнай маладзёжнай арганізацыі. Тэму аднаўлення музея працягнулі вучні класаў прававой накіраванасці ўстановы адукацыі падчас адкрыцця экспазіцыі пра генацыд беларускага народа ў гады вайны ў Столінскім раённым краязнаўчым музеі.
Да гэтай дзейнасці падключыўся і ўраджэнец Піншчыны Анатоль Пятровіч, кіраўнік пошукавай секцыі Беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны ваеннай разведкі”. Сабраныя ім унікальныя матэрыялы, у тым ліку і па Століншчыне, ляглі ў аснову яго дакументальна-публіцыстычнага твора “Победившие время”. Разам са сваёй кнігай Анатоль Пятровіч перадаў будучаму музею кнігі пра барацьбу партызан, напісаныя Героем Савецкага Саюза Антонам Брынскім.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Каральчук з вучнямі 5 класа ваенна-патрыятычнай накіраванасці
— Анатоль Міхайлавіч падказаў нам, дзе можна знайсці дадатковую інфармацыю аб партызанскім руху на Століншчыне, — адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Каральчук. — З вучнямі, удзельнікамі пошукавага атрада “Пошук”, мы пабывалі ў музеях Пінска, Маларыты і Лунінца, правялі серыю інтэрв’ю. Сустрэліся з Паўлам Дабрынцом, якому нядаўна споўнілася 100 гадоў! Ён, дарэчы, рэгулярна прыязджае ў нашу школу, каб правесці ўрокі памяці, расказаць пра свой баявы шлях і паразмаўляць з дзецьмі. Правялі інтэрв’ю з дачкой Іосіфа Дзяжуркі, удзельніка партызанскага руху і члена маладзёжнай падпольнай арганізацыі на Століншчыне, які ў мірны час працаваў настаўнікам матэматыкі ў Пінску. Наведалі вёску Макраны Маларыцкага раёна, дзе пражывае Сцяпан Бурштын, пляменнік аднаго з партызан брыгады С.П.Каплуна. Ён клапоціцца пра стан стэлы, усталяванай у гонар партызанскага подзвігу ва ўрочышчы Міхерова, дзе была праведзена адна з легендарных баявых аперацый брыгады. У школьны музей Сцяпан Бурштын перадаў дублікаты дакументаў і лісты Сцяпана Каплуна, адрасаваныя Паўлу Дабрынцу.
На раённай краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай памяці камбрыга, з вынікамі даследаванняў выступіла і атрымала дыплом І ступені вучаніца 9 класа Кіра Каралёва. У планах калектыву школы — арганізаваць паход па месцах дыслакацыі атрада і штаба брыгады С.П.Каплуна.
Цэнтр патрыятычнага выхавання
— Праз сацыяльныя сеткі мы адшукалі сваякоў С.П.Каплуна — дачку Людмілу і трох унучак: Ірыну, Таццяну, Алену, якія пражываюць у Ханты-Мансійску, Стаўрапалі і Санкт-Пецярбургу. Педагогі і школьнікі задалі ім свае пытанні ў фармаце відэаканферэнцыі, запіс якой захоўваецца ў музеі, — паведаміла дырэктар школы. — Даведаўшыся пра аднаўленне музея, сваякі С.П.Каплуна прынялі рашэнне вярнуць у школу яго асабістыя рэчы і ўзнагароды. Больш за тое, унучкі камбрыга і 13-гадовая праўнучка знайшлі магчымасць прыехаць у нашу школу на адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар свайго продка 8 мая 2024 года.
Абноўлены школьны гісторыка-краязнаўчы музей імя С.П.Каплуна наведваюць навучэнцы школ і каледжаў Столінскага і іншых раёнаў, ганаровыя госці горада. Музей дапоўніла экспазіцыя пра генацыд беларускага народа ў гады вайны.
…На адной з вітрын мы бачым анкету, запоўненую рукой С.П.Каплуна ў 1946 годзе, копію яго асабовай справы, з якой даведваемся, што падчас ваенных дзеянняў у 1941 годзе было данясенне, што ён прапаў без вестак. Па гэтым данясенні нават быў выдадзены адпаведны загад, які пазней адмянілі. Мы бачым тут і фота сям’і Сцяпана Паўлавіча з жонкай, дачкой і сынам, якія перадалі яго сваякі. У музеі таксама прадстаўлены многія дакументы, пасведчанні аб прысуджэнні ўзнагарод і самі ўзнагароды, ваенны білет, ордэнская кніжка і праязны білет да яе. Пасля вайны ў камандзіра захаваліся цёплыя, сяброўскія адносіны з байцамі яго брыгады. Гэта відаць з перапіскі з Паўлам Дабрынцом і Міхаілам Кавальцом. У музеі ёсць арыгіналы гэтых лістоў, а таксама кнігі “Баявыя спадарожнікі мае” і “Па тую лінію фронту” з асабістым подпісам Антона Брынскага, падораныя Сцяпану Каплуну.
Вядома, што пасля вайны С.П.Каплун праходзіў службу ў Паўночна-Каўказскай ваеннай акрузе. У 1950 годзе быў пераведзены выкладчыкам на спецкафедру Грозненскага нафтавага інстытута. Памёр 13 сакавіка 1966 года. Пахаваны на рускіх могілках у Грозным. Дзякуючы дапамозе і садзейнічанню кіраўніка грамадскага аб’яднання “Наш дом — горад Грозны”, было ўстаноўлена месца пахавання камбрыга. 23 лістапада 2023 года ў сярэдняй школе № 2 Століна адбылося ўрачыстае мерапрыемства па перадачы ў музей капсулы з зямлёй з магілы Сцяпана Паўлавіча. У інфармацыйным банку даных музея захоўваюцца кадры з месца падзей.
Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў школе ажыццяўляецца на высокім узроўні. Тут функцыянуюць класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці ў супрацоўніцтве з РАУС і аддзелам Следчага камітэта. Наладжана супрацоўніцтва з ваенкаматам і МНС. А яшчэ падчас усіх знакавых мерапрыемстваў калектыў школы гаворыць пра важнасць захавання міру на нашай зямлі. Установа стала першай на Століншчыне, якой 26 мая 2023 года быў прысвоены статус “Школа міру”.
17 верасня 2022 года, да Дня народнага адзінства, у сярэдняй школе № 2 Століна быў адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей імя С.П.Каплуна. З 25 сакавіка 2024 года ўстанова пачала насіць імя камандзіра 2-й дыверсійна-разведвальнай брыгады асобага прызначэння разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Чырвонай Арміі (якая дзейнічала ў 1943—1944 гадах на тэрыторыі Столінскага раёна), а 8 мая таго ж года адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі падпалкоўніку С.П.Каплуну.
Граміў нацыстаў на чыгунцы і ў лясах
Сцяпан Паўлавіч Каплун нарадзіўся 15 снежня 1905 года ў Хмяльніцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны займаў пасаду памочніка начальніка аператыўнага аддзялення штаба 13-й стралковай дывізіі Заходняй асобай ваеннай акругі. Летам 1942 года, узначаліўшы атрад са 107 чалавек, Сцяпан Паўлавіч здзейсніў пераход праз тылы праціўніка, каб далучыцца да атрада савецкага разведчыка палкоўніка Р.М.Лінькова. Там ён стаў намеснікам камандзіра дыверсійна-разведвальнага атрада Антона Брынскага, які дзейнічаў на чыгуначных участках Брэст — Баранавічы і Слонім — Баранавічы. С.П.Каплун ваяваў у складзе гэтага атрада да сярэдзіны лістапада 1942 года.
У пачатку 1943 года ў складзе 2-й брыгады асобага прызначэння пад камандаваннем С.П.Каплуна быў створаны атрад імя С.М.Кірава, аснову якога склалі жыхары Столінскага раёна. Са студзеня па ліпень 1943 года камандзір дзейнічаў на Палессі, дзе пусціў пад адхон больш за 50 эшалонаў з жывой сілай і баявой тэхнікай праціўніка, а таксама вывеў са строю некалькі кіламетраў чыгуначных пуцей і ліній тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, знішчыў рамонтна-аднаўленчы цягнік.
У канцы ліпеня 1943 года атрад С.П.Каплуна быў ператвораны ў дыверсійна-разведвальную брыгаду, якая ўзяла пад кантроль перавозкі праціўніка па дарозе Сарны — Лунінец і іншых напрамках. Затым брыгада была перакінута ў раён Брэста, дзе да канца 1943 года яе дыверсійныя групы ўзарвалі 139 нямецкіх эшалонаў і знішчылі больш за 50 аўтамашын.
У студзені 1944 года брыгада С.П.Каплуна, здзейсніўшы трохсоткіламетровы пераход па тылах праціўніка, прыбыла ў Маларыцкі раён, урочышча Міхерова. У Міхероўскім лесе падпалкоўніку давялося вырашаць няпростую задачу па перапраўцы ў Маскву, за лінію фронту, будучых кіраўнікоў Польскай Народнай Рэспублікі. Было прынята рашэнне аб перасячэнні франтавой лініі з дапамогай самалётаў У-2. Яму трэба было ў тыле адыходзячай 5-й нямецкай дывізіі СС “Вікінг” абсталяваць узлётна-пасадачную паласу, арганізаваць пасадку самалётаў і адпраўку прадстаўнікоў польскага супраціўлення. Лясны аэрадром быў зроблены “каплунаўцамі” на паляне недалёка ад вёскі Ляхаўцы (за пяць кіламетраў ад чыгункі Брэст — Ковель). 15 мая 1944 года на досвітку з ляснога аэрадрома ў Міхероўскім лесе ў неба падняліся два самалёты, якія перасеклі лінію фронту праз лічаныя гадзіны. У далейшым С.П.Каплун атрымаў загад аб перападпарадкаванні яго брыгады аператыўнаму цэнтру І.М.Банава (Чорнага).
Сярод узнагарод С.П.Каплуна за баявыя подзвігі — два ордэны Леніна, ордэн Чырвонага Сцяга, ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны I ступені.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара