На сустрэчу з “Маленькім прынцам”

Акцёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага і кінаакцёра Аляксандра Ждановіча ведае і любіць не адно пакаленне беларусаў. На працягу амаль 20 гадоў А.Ждановіч у вобразе Маляваныча жадаў малышам нашай краіны “Добрай ночы” ў тэлеперадачы “Калыханка”. Але нямногім Аляксандр Віктаравіч вядомы як арганізатар Каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”, а таксама як кіраўнік дзіцячай тэатральнай студыі “Радасць” і аднайменнай студыі інклюзіўнага тэатра, дзе займаюцца выхаванцы Дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Пераадолець псіхалагічны бар’ер

“З выхаванцамі дома-інтэрната я пазнаёміўся 15  гадоў назад,— успамінае Аляксандр Ждановіч. — На ўзаемаадносіны з імі натхніла любімая жонка Людміла, таксама актрыса тэатра лялек. Аднойчы яе запрасілі паўдзельнічаць у спектаклі, які Сястрынства ў гонар прападобнапакутніцы Вялікай княгіні Елісаветы арганізавала ў інтэрнаце. Людміла прыйшла адзін раз, другі і… засталася. У далейшым яна прадоўжыла клопат пра асаблівых дзяцей як сястра міласэрнасці Свята-Елісавецінскага манастыра. Сярод жыхароў дзіцячага інтэрната, які знаходзіцца недалёка ад манастыра ў мікрараёне Навінкі Мінска, ёсць тыя, чыё здароўе больш-менш захавана, але ёсць і вельмі цяжкія, ляжачыя дзеці. Спачатку мы з жонкай разыгрывалі для іх лялечныя спектаклі. Прызнаюся, былі хвіліны расчараванняў, здавалася, што наша дзейнасць не мае сэнсу, таму што дзеці не разумелі, што мы хочам да іх данесці падчас сваіх паказаў, паміж намі існаваў бар’ер. Тым не менш існавала велізарнае жаданне пераадолець існуючую адлегласць. Перад вачамі быў прыклад самаадданай працы сясцёр міласэрнасці на карысць дзяцей, непадробная сястрынская шчырасць і духоўная прыгажосць. Паступова зносіны з выхаванцамі інтэрната сталі часткай майго жыцця, такой жа важнай для мяне, як і ўсё астатняе. Ад паказу спектакляў мы з жонкай перайшлі да тэатральных заняткаў з дзецьмі, пастаноўкі аматарскіх спектакляў з іх удзелам”.

Зняць сацыяльныя маскі

Сем гадоў назад на базе ня­дзельнай школы Свята-Елісавецінскага манастыра Аляксандр Ждановіч арганізаваў дзіцячую тэатральную студыю “Радасць” для звычайных дзяцей і студыю інклюзіўнага тэатра пад аднайменнай назвай, дзе разам займаюцца і ўдзельнічаюць у спектаклях звычайныя дзеці і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, якія пражыва­юць у інтэрнаце. Спачатку асаблівыя акцёры выклікалі ў звычайных некаторую насцярожанасць. Перш за ўсё ў тых, хто не меў раней вопыту зносін з дзецьмі з інваліднасцю. Але неўзабаве ўсе акцёры пасябравалі. Сумесная тэатральная дзейнасць аб’яднала, навучыла міласэр­насці, прыманню непадобных да сябе, адказнасці не толькі за свой, але і за лёс тых, хто побач.

“Тое, што я атрымліваю пры ўзаемадзеянні з асаблівымі дзецьмі, я ніколі не адчую пры зносінах са звычайнымі людзьмі, — працягвае Аляксандр Віктаравіч. — Дзеці з абмежаваннямі ў параўнанні з умоўна здаровымі звычайнымі людзьмі заўсёды без масак. Пагадзіцеся, у залежнасці ад сітуацыі мы заўсёды розныя, дома мы паводзім сябе інакш, чым перад начальнікам. А дзеці і жыхары інтэрната, да якіх я пачаў прыходзіць у госці, з усімі паводзяць сябе аднолькава, не выконваюць сацыяльныя ролі і нічога ад тых, хто побач, не чакаюць. Для іх не мае значэння, хто перад імі — дырэктар або падначалены, заможны чалавек або не вельмі. Для іх галоўнае, як чалавек адносіцца да іх, дабрыня ў яго вачах, яны нібыта адчува­юць вашу душу. Чаму людзі імкнуцца адпачываць на прыродзе, каля ракі, у лесе? Таму што там знікае напружанне: чалавеку не трэба надзяваць сацыяльную маску, падтрымліваць свой статус. Так і побач з асаблівымі дзецьмі пачынаеш адчуваць, хто ты ёсць на самай справе, адкрываеш у сабе новыя глыбіні, пра якія раней не ведаў. І гэтыя дзеці становяцца па-сапраўднаму блізкімі. Перастаеш звяртаць увагу на недахопы ў іх знешнасці, асаблівасці ў паводзінах”.

Няхай жыве маленькі прынц

Спектаклі выхаванцаў студыі “Радасць” палюбіліся гледачам. Асабліва пастаноўкі “Залаты ключык”, “Легенда аб Чырванашыйцы”, “Паліяна”, “Снежная каралева”, а таксама інклюзіўныя спектаклі “Залатая рыбка”, “Чараўнік Ізумруднага горада”, “Віні-Пух”, “Маленькі прынц” і інш. Зараз, напрыклад, Аляксандр Ждановіч рыхтуе з акцёрамі казку “Шчаслівы прынц” Аскара Уайльда, дзе гучаць тэмы міласэрнасці, самаахвяравання, любові.

“Пастаноўка “Маленькі прынц” блізкая як для мяне, так і для ў­дзельнікаў інклюзіўнай студыі, мы ставім яе на працягу многіх гадоў, — расказаў Аляксандр Ждановіч. — З’явіўся нават слоган “Няхай жыве маленькі прынц”, які ў самым пачатку спектакля прамаўляюць усе яго героі, складаючы рукі, як мушкецёры ў вядомым фільме. Я бясконца доўга магу гаварыць пра “Маленькага прынца” — гэта адзін з маіх самых любімых твораў. Упершыню я пачуў яго ў дзяцінстве ў геніяльным радыё­спектаклі ў выкананні вялікіх акцёраў Марыі Бабанавай і Аляксея Кансоўскага. Дзіцячым сэрцам успрыняў непадобнасць казкі на іншыя. Жыццё ішло, і час ад часу я звяртаўся да гэтага твора, перачытваў, разважаў над ім. У ім закладзены асноўныя хрысціянскія каштоўнасці. Гісторыкі літаратуры адзначаюць, што “Маленькі прынц” часцей за ўсё перакладаецца на розныя мовы свету пасля Бібліі і Карана. Настолькі ён папулярны і вядомы! Рэжысёры на тэатральных сцэнах і ў фільмах даносяць да лю­дзей шчырасц­ь і бескарыслівасц­ь “Маленькага прынца”. Практычна ўсе існуючыя пастаноўкі я перагле­дзеў. На мой погляд, асноўная памылка тых, хто ставіў і здымаў “Маленькага прынца”, у тым, што яны імкнуліся да казачнасці, касмічнага антуражу і прыгажосці, спецэфектаў, музычных варыяцый і адыхо­дзілі ад сапраўднай сутнасці твора. Ролю маленькага прынца выконваюць звычайна залатакучаравыя мілыя дзеці. Лічу, што гэта не зусім правільна. Гісторыя маленькага прынца — гэта расказаная лётчыкам гісторыя дарослага чалавека, мужчыны сярэдніх гадоў, які перажывае глыбокі крызіс свайго светаўспрымання. У пэўны момант ён аказваецца ў пустыні на мяжы смерці, дзе сустракае дзіця — незвычайнае, з іншага свету, з іншай планеты. Хто гэта? Ці не з самім сабой сустракаецца лётчык, з лепшай часткай самога сябе, з той вечнай нязменнай часткай, закладзенай Богам? Толькі ў некаторых пастаноўках я заўважаў падобны погляд на гэты твор. “Маленькі прынц” для мяне не проста спектакль, ён част­ка майго жыцця, якая прыносіць велізарнае прафесійнае задавальненне і звычайную чалавечую радасць. Вельмі многае ў лётчыку, якога я іграю, у яго лёсе пераплятаецца з маім асабістым лёсам і светаўспрыманнем. У сувязі з гэтым успамінаюцца радкі Пастарнака “и тут кончается искусство, и дышат почва и судьба”.

Спектакль “Маленькі прынц” інклюзіўнай студыі “Радасць” — гэта заўсёды сустрэча акцёраў з гледачамі, якая нікога не пакідае абыякавым. Акцёры іграюць саміх сябе і прабіваюць тую ўяўную чацвёртую сцяну, якая апрыёры існуе ў тэатры. Падчас пастаноўкі акцёры запрашаюць на сцэну гледачоў, самі выходзяць у залу. І ў той жа час гэта спроба сустрэчы з маленькім прынцам, які ёсць у кожным з нас. Калі такая сустрэча адбываецца, паміж акцёрамі і гледачамі ўзнікае неверагодны эмацыянальны кантакт. Усе разам літаральна пражываюць 50 хвілін спектакля.

Гісторыя пра дзяцей і дарослых

Любому рэжысёру-пастаноўшчыку пры рабоце над спектаклем трэба вызначыцца: для якой аўдыторыі ён прызначаны і што неабходна сказаць гледачам. “Маленькі прынц” — казка для дарослых? Не зусім. Яна для дзіцяці? І гэта не так. Аляксандр Ждановіч вырашыў паставіць “Маленькага прынца” з творчым калектывам інклюзіўнага тэатра невыпадкова. Некаторым з асаблівых акцёраў па 25—35 гадоў, але яны, па сутнасці, дзеці. Шмат гадоў назад, калі Аляксандр Віктаравіч толькі пазнаёміўся з гэтымі маладымі людзьмі, ім было па 13—15 гадоў. Час ішоў, дзеці выраслі, але не змяніліся. Нязменным застаецца і маленькі прынц — гэта вечны вобраз дзяцінства, у лепшым сэнсе гэтага слова, з незаштампаваным успрыманнем свету, з чысцінёй погляду на ўсе з’явы свету. Так, дзеці, якія ніколі не стануць дарослымі, іграюць спектакль для дарослых, якія калісьці былі дзецьмі.

Чым яшчэ адметны спектакль? Сваім мінімалізмам, тым самым вялікім мінімалізмам, які сустракаецца і ў музыцы, і ў жывапісе і які часта можа сказаць значна больш, чым раскошныя дэкарацыі, яркія музычныя нумары, якія толькі адводзяць ад сутнасці. Для асаблівых акцёраў удзел у спектаклях — гэта магчымасць пашырыць свае гарызонты, усвядоміць важныя для жыцця рэчы. Маленькага прынца ў спектаклі зараз іграе дзяўчынка  Святлана Рукан, а Паша Садоўскі, які перамяшчаецца на калясцы, у тэатры можа падняцца, як кажуц­ь, на тры футы над сцэнай — існуе такое пажаданне акцёрам перад спектаклем. Дзеці падымаюцца над сваім лёсам, на пэўны час забываюць аб сваёй няпростай сітуацыі.

“У калектыве “Радасць” займаецца малады чалавек з сіндромам Даўна — наш дзіўны і вельмі таленавіты Эдзік Кавалец, наш любімец, — гаворыць Аляксандр Ждановіч. — Зараз яму 28 гадоў, а пазнаёміліся мы з ім, калі яму было 13—14 гадоў. Юнак усё жыццё жыве ў інтэрнаце. Эдзік валодае такімі рэдкімі акцёрскімі якасцямі, як адзінота на сцэне, уменне ўзаемадзейнічаць з уяўнымі прадметамі, у яго поўнасцю адсутнічае боязь перад гледачом. Ён трымае іх увагу сваім абаяннем. Лю­дзі з сіндромам Даўна вельмі добрыя. Яны пазбаўлены ўсякай агрэ­сіўнасці, злосці, ніколі нікога не пакрыўдзяц­ь, а пакрыўдзіцца могуць на вас толькі па-дзіцячы, як і ўпартасць праявіць дзіцячую. Гэта абсалютныя дзеці на працягу ўсяго жыцця. З некаторымі акцёрамі студыі нам час ад часу даводзіцца развітвацца. Калі нашы дзеці вырастаюць, іх пераводзяць у інтэрнаты для дарослых. Але мы сочым за іх лёсам. А з тымі, каго пераво­дзяць у псіханеўралагічны інтэрнат № 3, размешчаны недалёка ад дзіцячага інтэрната ў Навінках, тэатральная дзейнасць працяг­ваецца”. 

Пастаноўкі студыі “Радасць” праходзяць у нядзельнай школе пры Свята-Елісавецінскім манастыры. Апошнім часам інклюзіўны спектакль “Маленькі прынц” дэманструецца на прафесійных сцэнах — у Тэатры-студыі кінаакцёра, у Доме літаратара, у малой зале КЗ “Мінск”. Гастролі праходзілі ў Расіі, Германіі. Пастаноўкі ладзяцца ад дабрачыннага фонду ў гонар Святога Іаана Рускага і тэатральнай майстэрні Наталлі Башавай. Усе сродкі, атрыманыя ад продажу білетаў, ідуць на патрэбы дзяцей, падапечных фонду, якія пражываюць у інтэрнаце.

“З лялькай да Бога”

4—5 студзеня ў Мінску праходзіць VI Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”, што прадугледжана праграмай супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2018—2021 гады. Мастацкі кіраўнік і старшыня фестывалю — Аляксандр Ждановіч. А ідэя стварэння фестывалю належыць яго жонцы. “У канцы 2015 года Людміла Ждановіч пайшла з жыцця — на нябёсы, — гаворыць Аляксандр Віктаравіч. — А фестываль “Нябёсы”, наадварот, прыйшоў на зямлю і традыцыйна штогод праходзіў у Свята-Елісавецінскім манастыры. Сёлета ўпершыню ён зменіць пляцоўку і прыме гледачоў на тэрыторыі сталічнага Палаца мастацтва. Ідэю “Нябёсаў” адлюстроўвае традыцыйны слоган — “З лялькай да Бога”. Ва ўсіх пастаноўках, якія пройдуць падчас фестывалю, размова будзе ісці аб галоўных чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцях. Паказваючы павучальныя пастаноўкі, батлеечнікі адкрываюць дзецям і дарослым новы свет, дзе побач чараўніцтва і рэальнасць, дзе казка вучыць мудрасці і міласэрнасці, а лялькі запальваюць у сэрцах яркія праменьчыкі дабрыні і любові. Акрамя беларускіх тэатраў, у фестывалі ў розныя гады ўдзельнічалі калектывы з Украіны, Літвы, Расіі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы. У рамках фестывалю 10—11 сту­дзеня таксама пройдзе семінар-практыкум “Школа батлейкі”, што дапаможа яго ўдзель­нікам удасканаліць або арганізаваць работу тэатральна-батлеечнага калектыву ў сваім рэгіёне. У рамках семінара будуць арганізаваны займальныя лекцыі, майстар-класы па стварэнні батлеечнага тэатра, вырабе лялек, а таксама выстава работ майстроў-лялечнікаў”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Ягора БАБІЯ.