На сувязі — Нацыянальны гістарычны

- 11:38Культура

Як Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь дапамагае адукоўвацца? Якую альтэрнатыву ён прапануе стандартным урокам па гісторыі і як дапамагае зацікавіць юных беларусаў гістарычна-культурнай спадчынай нашай краіны? Якім чынам музей працуе ў новых рэаліях, як адзначыў Міжнародны дзень музеяў і якія праекты рыхтуе для сваіх сяброў у будучыні, расказвае яго дырэктар Павел Сапоцька.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў і Павел Сапоцька.

Адукацыя праз музей

У цэнтры Мінска ў будынку з гарматай, як яго любяць называць наведвальнікі, “пражывае” Нацыянальны гістарычны музей. Гэта адзін з найбольш папулярных музеяў нашай краіны, а таму ў ім былі калі не ўсе, то большасць з нас. Звычайна першая сустрэча адбываецца яшчэ ў школе. І, безумоўна, за адзін раз немагчыма пазнаёміцца з вялікай айчын­най музейнай калекцыяй, якая, дарэчы, налічвае звыш 460 тысяч экспанатаў. Таму музейнае сяброўства, распачатае ў дзяцінстве, доўжыцца ўсё жыццё.

Сёння гістарычны музей мае пяць філіялаў: Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Музей прыроды і экалогіі і Музей гісторыі беларускага кіно. Іх супрацоўнікі штогод ладзяць сотні разнастайных мерапрыемстваў: выстаў, творчых сустрэч, літаратурна-музычных салонаў, канцэртаў, святочных імпрэз, майстар-класаў, квестаў — усё для таго, каб іх музейным сябрам было цікава і пазнавальна. І хоць апошнія месяцы колькасць мерапрыемстваў зменшылася, усё роўна дзверы музея адчынены як анлайн, так і афлайн.

Музей праводзіць шмат адметных адукацыйных і культурна-асветніцкіх праграм для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, якія карыстаюцца попытам. Супрацоўнікі аддзела музейных камунікацый арганізоўваюць музейна-педагагічныя заняткі. Напрыклад, для вучняў 4—7 класаў — цыкл “Адкуль наш род”, прысвечаны гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага, яго шляхце і геральдыцы. Для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў ладзяць “Казачныя чытанні”, а таксама“Вандроўку па палескім падворку”, якая дазваляе здзейсніць падарожжа ў дагістарычнае мінулае ў інтэрактыўнай зале “Жывая археалогія. Палескі падворак 2 тыс. г. да н.э.”.

Музейнае сяброўства, распачатае ў дзяцінстве, доўжыцца ўсё жыццё.

— У нас ёсць археалагічны пакойчык, дзе мы праводзім “Археалагічныя раскопкі”, прапаноўваючы дзецям на некаторы час стаць памочнікамі археолага, а дакладней — дапамагчы яму правесці археалагічныя раскопкі на ўяўным гарадзішчы жалезнага веку “Малышкі”. Пад кіраўніцтвам музейнага педагога дзеці не толькі даследуюць культурныя слаі, але і вызначаюць кірункі свету, вядуць палявы дзённік, складаюць план раскопак. Усё гэта даволі прымітыўна, але, дзякуючы захапляючым лекцыям нашых су­працоўнікаў, такія заняткі набываюць жывую форму. І калі я сам праходжу ля гэтага пакоя, то бачу, наколькі дзецям гэта падабаецца. Таксама не менш цікавыя заняткі “Лялькі з бабулінага куфэрка”, на якіх дзеці знаёмяцца з абрадавымі лялькамі, і “Сакрэты ткацкага рамяства” — пра тэхніку ткацтва, паясы і іх абярэгавую сілу. Праводзім і інтэрактыўныя заняткі, напрыклад, “У лабараторыі археолага”, “Беларусь — краіна скарбаў”. Ёсць асобны курс “Гісторыя штодзённых рэчаў”, які складаецца з лекцый і квестаў. Звычайна нашым наведвальнікам вельмі падабаюцца мерапрыемствы, якія ладзяцца ва ўнутраным дворыку музея. Мы нават распрацавалі праграму “Стары новы двор”, якая складаецца ў тым ліку з фестываляў дзіцячай творчасці. Увогуле музейных заняткаў, квестаў, імпрэз, майстар-класаў у нас праводзіцца вельмі шмат, — расказаў Павел Сапоцька.

Нязменнай папулярнасцю карыстаюцца і тэматычныя буккросінгі, розныя квесты ў межах часовых праектаў, сямейныя праграмы і майстар-класы, напрыклад, па роспісе яек перад Вялікаднем, па стварэнні ёлачнай цацкі і г.д. А таксама Нацыянальны гістарычны музей штогод прымае ўдзел у Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

— Мы рыхтуем розныя цікавыя мерапрыемствы, якія суправаджаюцца праграмамі па музейнай педагогіцы. Галоўнае, каб быў кантакт і дыялог з нашай юнай аўдыторыяй, у тым ліку з дапамогай радыё. Так, пра нашы экспанаты супрацоўнікі аддзела музейнай камунікацыі і сектара музейнай педагогікі даволі цікава расказалі ў рубрыцы “Музейныя хованкі” ў праграме “Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя” на канале “Культура” Беларускага радыё. Атрымаўся цэлы цыкл для юных слухачоў пра тое, як жылі нашы прод­кі, як апраналіся, якія скарбы захоўвае Беларусь, — дадаў Павел Міхайлавіч. — Наша задача, з аднаго боку, сур’ёзны гістарычны матэрыял па­даць сродкамі, даступнымі дзіцячай аўдыторыі, а з другога, увогуле далучыць дзяцей як да гісторыі сваёй краіны, так і да музейнай справы. Бо ўсё ж такі наша асноўная аўдыторыя — дзіцячая і школьная, а дарослай не так і многа, як хацелася б.

У Нацыянальным гістарычным музеі не абыходзяць увагай і асаблівых наведвальнікаў — з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. А таму хутка стартуе новая праграма “Інклюзіўная Беларусь. Уключыся ў музей!”, якая будзе праводзіцца на працягу 3 гадоў пры падтрымцы генеральнага партнёра музея. “Тэма інклюзіі зараз вельмі важная і актуальная. Наш праект арыентаваны ў першую чаргу на дарослых і дзяцей з парушэннямі зроку і апорна-рухальнага апарату. Мы супрацоўнічаем з лабараторыямі БДПУ імя Максіма Танка, БДУ, далучаем спецыялізаваныя кампаніі, якія ўжо маюць вопыт стварэння такіх праектаў для лю­дзей з асаблівасцямі, — адзначыў дырэктар музея. — Мы спецыяльна распрацавалі этыкеткі са шрыф­там Брайля, копіі і макеты музейных прадметаў, якія зараз для нас з’яўляюцца хрэстаматыйнымі: ад пояса Вітаўта да помнікаў археалогіі, народных промыслаў і рамёстваў. Акрамя таго, плануем паказаць нашы музейныя скарбы і нумізматыку ў рэальным выглядзе, каб можна было тактыльна адчуць іх. Вакол іх будуць разгортвацца асобныя гістарычныя сюжэты, у якіх мы пакажам, як развівалася Беларусь, раскажам, што праз яе праходзілі розныя гандлёвыя шляхі, што ўжо ў Х ст. былі наладжаны сувязі з рознымі краінамі і была распрацавана карта міжкультурных адносін і г.д. Наша мэта — паказаць праз музейны прадмет гістарычную эпоху і яе постаці”.

Музейная дзейнасць анлайн і афлайн

Нацыянальны гістарычны музей, як і іншыя ўстановы культуры, перайшоў у рэжым анлайн. Аднак і афлайн яго можна наведаць па пятніцах, суботах і нядзелях.

— У сучасных рэаліях мы пачалі праводзіць цікавы цыкл “Гісторыя музейнага прадмета”. Нашы супрацоўнікі адбіраюць самыя ўнікальныя экспанаты, якія захоўваюцца ў нашых фондасховішчах або выстаўлены ў пастаянных ці часовых экспазіцыях, здымаем невялічкія відэалекцыі пра іх, якія пасля выкладваем на сайце і YouTube-канале нашага музея, у сацыяльных сетках, і такім чынам далучаем і падтрымліваем цікавасць да музея і музейных скарбаў, — расказаў П.Сапоцька. — Па-другое, мы распрацавалі некалькі забаўляльных анлайн-тэстаў, напрыклад, “Які вы экспанат з Нацыянальнага гістарычнага музея”, “Кім бы вы працавалі ў музеі”, якія размешчаны ў сацыяльных сетках. Канечне, мы праводзім і віртуальныя экскурсіі. Цікавая атрымалася экскурсія па выставе, прымеркаванай да 75-годдзя канферэнцыі ў Сан-Францыска па ўтварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Міжнароднага дня дэлегата. Мы зрабілі экскурсію, прысвечаную ўдзелу Беларусі ў заснаванні ААН, у яе развіцці і ўдзелу ў яе розных гуманітарных праграмах.

А зараз, з 27 красавіка па 4 ліпеня, у гістарычным музеі працуе яшчэ адзін унікальны выставачны праект “#дакладнасць. Свет ваенных тапографаў”, арганізаваны сумесна з Дзяржаўным камітэтам па маёмасці і навігацыйна-тапаграфічным упраўленнем Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Такі праект — гэта сапраўдная даніна памяці і магчымасць данесці да шырокай грамадскасці значэнне гераічнага ўкладу ваенных тапографаў, картографаў і геадэзістаў у Вялікую Перамогу, бо на фронце карта была роўнай баявой зброі.“Тэма гісторыі і ролі беларускіх спецыялістаў упершыню раскрываецца праз такую цікавую экспазіцыю, якая складаецца са 150 прадметаў. Нашы наведвальнікі могуць азнаёміцца з мемарыяльнымі рэчамі генерала арміі А.І.Антонава, рэдкімі картаграфічнымі матэрыяламі, многія з якіх да сённяшняга дня былі пад грыфам “сакрэтна”, і самае галоўнае, убачыць спецыфічныя геадэзічныя прыборы часоў Вялікай Айчыннай вайны, што яшчэ ніколі не выстаўляліся, — патлумачыў дырэктар музея. — Акрамя таго, мы падрыхтавалі віртуальны 3D-тур па выставе. Такім чынам да канца года, дзякуючы найноўшым камп’ютарным тэхналогіям, наведаць нашу экспазіцыю зможа кожны жадаючы з любой кропкі свету”.

П.Сапоцька: “Мы робім усё для таго, каб нашым музейным сябрам было цікава і пазнавальна”.

Яшчэ адзін адметны і вельмі значны праект Нацыянальнага гістарычнага музея — правя­дзенне Рэспубліканскага конкурсу “Нацыя­нальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” ў 2019—2020 гадах. У канцы красавіка былі падведзены першыя вынікі. Усяго для ўдзелу ў конкурсе было пададзена 358 заявак у 10 намінацыях. Па выніках галасавання адборачнай камісіі вызначаны 92 работы, якія будуць прадстаўлены на выніковай выставе ў сярэдзіне чэрвеня. У час яе дзейнасці прафесіянальнае журы вызначыць лаўрэатаў конкурсу з ліку прэтэндэн­таў. Пераможцы атрымаюць дыпломы і грашовыя ўзнагароды. “Нацыя­нальны гістарычны музей выступае арганізатарам конкурсу — галоўнай нацыянальнай падзеі ў выяўленчым мастацтве, якая прахо­дзіць раз у тры гады. Магу сказаць, што панавала жорсткая канкурэнтная атмасфера, бо работ шмат, затое і выстава, і каталог атрымаюцца змястоўнымі. У іх будуць прадстаўлены розныя тэхнікі, віды і жанры мастацтва як аўтарытэтных народных мастакоў Беларусі, так і творчай моладзі. Мы пакажам увесь пласт сучаснага беларускага мастацтва, што ў пэўным плане выступае добрай глебай для аналітыкі тых працэсаў, якія зараз адбываюцца ў сучаснай беларускай культуры, і гэта вельмі важна”, — падкрэсліў Павел Сапоцька.

Акрамя таго, апошнія гады музей арганізоўвае “Археалагічнае лета з музеем”, і 2020 год не стане выключэннем. “Некаторыя з нашых калег жартуюць, што лепшы курортны адпачынак вы зробіце сабе, адправіўшыся ў археалагічны летнік. Таму я спадзяюся, што ўсё ж такі ў нас будзе магчымасць гэты праект рэалізаваць. Папярэдне ёсць прапанова зноў адправіцца на Мя­дзельшчыну, дзе ўжо вяліся раскопкі ў 2019 годзе. Думаю, што пры падтрымцы гісторыкаў НАН Беларусі, МДЭІ імя А.Д.Сахарава Белдзярж­універсітэта, гістарычнага факультэта БДУ мы зможам рэалізаваць і гэты праект”, — дадаў дырэктар музея.

З Міжнародным днём музеяў

Кожны год 18 мая ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. Напярэдадні свята многія краіны праводзяць “Ноч музеяў”. Так, вечарам 16 мая Нацыянальны гістарычны музей Беларусі адзначыў свята ўпершыню ў анлайн-фармаце. Спецыяльна да гэтай падзеі музей, адзін з айчынных відэасэрвісаў і пастановачная група на чале з рэжысёрам Р.Арловым адаптавалі рок-фолк оперу “Чарадзей” для паказу ў прамым эфіры, бясплатная трансляцыя была даступная для ўсіх жадаючых ва ўсіх кутках Зямлі.

Дарэчы, опера“Чарадзей” напісана беларускім кампазітарам, сцэнарыстам і прадзюсарам Раманам Арловым па матывах летапісных крыніц, у якіх згадваецца легендарны полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Прэм’ера адбылася ў 2016 годзе ў Бел­дзяржфілармоніі, затым опера была неаднаразова паказана на іншых сцэнічных пляцоўках і ў розных версіях. Для першай анлайн-праграмы “Ноч музеяў” у гістарычным былі адабраны асобныя нумары з оперы, якія прагучалі ў акустычным выкананні. Згодна са сцэнарыем, разам з галоўнай гераіняй — багіняй Марай (гэтую ролю выконвае салістка гурта “У нескладовае” Кацярына Поцюс) — гледачы адправіліся на пошукі Усяслава Чарадзея (у выкананні саліста ансамбля “Купалінка” Уладзіміра Сцепанкова), сустрэліся з яго ўнучкай Ефрасінняй Полацкай, князем Мікалаем Радзівілам Чорным і іншымі знакавымі фігурамі.

— У спектаклі цікава адаптавана гістарычная тэма менавіта пад нашы музейныя лакацыі: экспазіцыйныя плошчы і ўнутраны дворык, — сказаў Павел Міхайлавіч. — Мы даўно планавалі такое мерапрыемства з удзелам прафесійных акцёраў і музыкантаў, але ў сённяшніх умовах прыйшлося зрабіць відэаверсію. Дзякуючы і тэхнічнаму, і мастацкаму рашэнню мы змаглі прадставіць цікавы гістарычна-мастацкі сюжэт у “Ноч музеяў”.

Калі ж вам больш падабаецца наведваць “Ноч музеяў” не віртуальна, а рэальна, то ў гэтым годзе ў вас яшчэ будзе такая магчымасць, бо асноўныя святочныя мерапрыемствы адбудуцца ў верасні афлайн.

— У аснове любой прафесіі і дзейнасці ляжыць у першую чаргу цікавасць, а таму калі яна ёсць — бу­дзе і паспяховая праца. Гістарычны музей зараз робіць усё, каб выклі­каць цікавасць у сваіх наведвальнікаў праз розныя фарматы работы, тэхналогіі і падыходы. Бо наша галоўная задача як і раней — папулярызацыя нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыны і велічы беларускага народа. Мы заўсёды стараемся рабіць цікавыя праекты для нашых наведвальнікаў — як рэальных, так і віртуальных, і заставацца на сувязі з нашымі музейнымі сябрамі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Нацыянальнага гістарычнага музея.