На сваіх уроках інфарматыкі настаўніца Вольга Афанасьева аддае перавагу праектнаму метаду навучання

- 10:06Учитель года

На сваіх уроках інфарматыкі настаўніца сярэдняй школы № 7 Калінкавіч Вольга Афанасьева аддае перавагу праектнаму метаду навучання, бо менавіта ён арыентаваны на самастойную работу дзяцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пры дапамозе праектнага метаду ў інфарматыцы вучні не толькі атрымліваюць веды, але і вучацца іх самастойна прымяняць, а таксама карыстацца інфармацыяй для вырашэння пазнавальных і практычных задач.

“Значнасць інфарматыкі абумоўлена высокім узроўнем развіцця дзейнасці чалавека, а яе вывучэнне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі накіравана на практычную падрыхтоўку вучняў да жыцця ў інфармацыйным грамадстве, — зазначыла Вольга Афанасьева. — У сваёй практыцы я выкарыстоўваю розныя тыпы вучэбных праектаў. Напрыклад, у мяне распрацаваны індывідуальныя і групавыя, а таксама кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя праекты. Па сваім змесце яны бываюць прадметнымі, міжпрадметнымі і сістэмнымі, а па характары дзейнасці — даследчымі, інфармацыйнымі і прыкладнымі”.

Праектныя метады навучання настаўніца пачынае прымяняць у 6 класе. Безумоўна, вынік работы над імі ў кожнага вучня розны — усё залежыць ад узроўню яго пад­рыхтоўкі і ўмення не толькі карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі, але і шукаць неабходныя даныя ў крыніцах інфармацыі.

“Напрыклад, падчас вывучэння тэмы “Апрацоўка растравых малюнкаў” прапаную дзецям стварыць ілюстрацыі, паштоўкі, плакаты па адпаведнай тэматыцы, — прыводзіць прыклад Вольга Афанасьева. — У залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі навучэнца яны ствараюцца па-рознаму: з апорай на візуальны ўзор, па тэхнічным заданні, самастойна. Кожны вучань атрымлівае нарыхтоўку на папяровым носьбіце, якую можна размаляваць і аформіць па сваім гусце. Пасля гэтага ўсе работы загружаюцца ў воблака, генерыруецца QR-код, які размяшчаецца на нарыхтоўцы і дае доступ да віртуальнай выставы. У выніку дзеці атрымліваюць паштоўку дапоўненай рэальнасці і могуць прадэманстра­ваць яе бацькам і сябрам”.

Каб навучыць дзяцей ствараць тэкставыя дакументы, настаўніца выкарыс­тоўвае не толькі міні-праекты, якія прапануюць аўтары падручніка, ці тыя, што ёсць у рабочым сшытку. Для таго каб вывучыць гэтую тэму, навучэнцы Вольгі Афанасьевай распрацоўваюць свае ідэі. Напрыклад, складаюць чэк-лісты, якія ўяўляюць сабой зага­дзя вызначаны спіс заданняў або дзеянняў і выкарыстоўваюцца як інструкцыі.

“Спачатку дзеці знаёмяцца з паняццем чэк-ліста і правіламі яго складання, а затым спрабуюць ствараць свае чэк-лісты, — працягвае расказваць педагог. — Напрыклад, у нас ужо ёсць уласныя чэк-лісты “Як паспяхова справіцца з дамашнім заданнем”.

Дарэчы, калі шасцікласнікі прахо­дзяць тэму “Стварэнне тэкставых дакументаў”, яны вывучаюць арыгінальны шрыфт “Пясняр” — камп’ютарны шрыфт, які створаны на базе почырку Янкі Купалы. Каб замацаваць тэму, на ўроку дзецям прапануецца стварыць прататып рукапісу вядомага паэта. Для гэтага яны набіра­юць і фармаціру­юць тэкст верша беларускага песняра.

І ўжо ў 6 класе ў навучэнцаў з’яўляюцца праекты, якія выходзяць за межы ўрока інфарматыкі. У пазаўрочны час дзеці разам з настаўніцай працуюць над распрацоўкамі, з якімі прымаюць удзел у розных конкурсах. Так, віртуальная экскурсія “Гісторыя вучэбных прылад” стала пераможцай раённага конкурсу “Хачу быць педагогам”.

“Для мяне вельмі важна развіць у навучэнцаў аналітычнае мысленне, — прызнаецца настаўніца. — Гэтаму спрыяе правядзенне інтэграваных заняткаў. Так, эфектыўна прайшоў інтэграваны ўрок інфарматыкі і беларускай мовы ў 6 класе па тэме “Камп’ютарныя прэзентацыі. Прыметнік як самастойная часціна мовы”. У якасці практычнага задання дзеці з прымяненнем чэк-ліста “Стварэнне рэкламы з дапамогай камп’ютарнай прэзентацыі” павінны былі прыдумаць уласную рэкламу прадукту харчавання, вырабленага ў нашай краіне, і прадставіць яе”.

Чым старэйшыя дзеці, тым цяжэй іх нечым здзівіць у сферы камп’ютарных тэхналогій: часам яны ведаюць і ўмеюць больш, чым настаўнік. Вольга Афанасьева расказала, што ў 8 класе падчас вывучэння тэхналогіі апрацоўкі аўдыя- і відэаінфармацыі сутыкнулася з адпаведнай праблемай: многія навучэнцы ўжо валодаюць гэтымі навыкамі, здымаюць і манціруюць ролікі. Каб разнастаіць урок новай інфармацыяй, настаўніца азнаёміла дзяцей з тэхнікай stop motion — пакадравымі здымкамі, калі аб’екты перамяшчаюць у пэўнай паслядоўнасці і фатаграфуюць на кожным этапе. Пасля гэтага серыя здымкаў склейваецца і на яе накладваецца гукавая дарожка. Працуючы над тэмай, дзеці ў групах выконвалі свой праект.

“Сёння адной з форм зносін сучасных школьнікаў з’яўляецца сеткавае ўзаема­дзеянне, якое прадугледжвае актыўную камунікатыўную дзейнасць, — звяртае ўвагу педагог. — Прыкладам такога сеткавага адукацыйнага ўзаемадзеяння стаў міжрэгіянальны праект “Карані”, у якім мы прымалі ўдзел. Ён праводзіўся з мэтай вывучэння гісторыі, культуры, прыроды сваёй малой радзімы сродкамі інфармацыйных тэхналогій. Што тычыцца нашай школы, то праект быў рэалізаваны ў форме калектыўнага анлайн-узаемадзеяння навучэнцаў 8 класа і дзевяцікласнікаў гімназіі № 40 Мінска”.

Першым маштабным мерапрыемствам праекта стаў пошукавы дэсант “Карані маёй сям’і”. Навучэнцы сабралі матэрыял пра малую радзіму сваіх бацькоў і на аснове атрыманых даных склалі інтэрактыўную карту, якую пасля размясцілі на інфармацыйнай пляцоўцы. Такая форма работы дазволіла стварыць віртуальныя карты “Воінскія пахаванні Калінкавіцкага раёна”, “Залатое кальцо Калінкавіцкага раёна” з распрацаванымі маршрутамі і падрабязным апісаннем аб’ектаў.

“Найбольшага поспеху ў праектнай дзейнасці па інфарматыцы дасягаюць навучэнцы 11 класа, — працягвае В.Афанасьева. — Яны ствараюць праекты, з якімі перамагаюць у шматлікіх конкурсах. Так, лепшым на абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” стаў праект “Электронны сшытак па біялогіі BioClub.by”. Ён уключае ў сябе матэрыял па курсе біялогіі 7 класа, складаецца з дзесяці раз­дзелаў, якія падзелены на 47 урокаў, змяшчаюць у сабе 47 абагульняючых схем, больш за 100 інтэрактыўных заданняў, больш за 200 аўтарскіх фатаграфій, 47 тэстаў”.

Арфаграфічны трэнажор “Беларускі калейдаскоп”, які быў распрацаваны таксама навучэнцамі 11 класа і стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Патрыёт.бай”, аб’ядноўвае ў сабе дзве функцыі — даведніка і трэнажора. У ім змяшчаецца 10 ра­з­дзелаў па арфаграфіі і больш чым 150 інтэрактыўных практыкаванняў.

“Тое, што выкарыстанне метаду праектаў — гэта цудоўны спосаб развіцця аналітычнага мыслення ў навучэнцаў, пацвярджаюць высокія вынікі ўдзелу ў конкурсах і алімпіядах, — падсумоўвае Вольга Афанасьева. — Створаныя распрацоўкі даз­валяюць маім вучням праходзіць адборы ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. А праект навучэнца 11 класа па тэме “Канфігурацыя вэб-сервера для работы па пратаколе HTTPS” прызнаны лепшым у напрамку “Інфармацыйная бяспека” па выніках вучэбнай змены. Акрамя гэтага, вынікам нашай з вучнямі работы стала аб’яднанне найбольш матываваных навучэнцаў у IT-кампанію “Будучыня”, якая займаецца распрацоўкай шматлікіх цікавых праектаў. Але гэта толькі пачатак: наперадзе ў нас яшчэ многа ідэй, і мы іх абавязкова рэалізуем”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА