На сваім месцы

У настаўніка інфарматыкі Баранавіцкай сярэдняй школы № 14 Брэсцкай вобласці Сяргея Васільевіча Басана нестандартная гісторыя. Яго першы год работы ў школе быў перарваны павесткай з ваенкамата. Менавіта падчас службы ў арміі малады чаловек адчуў стапрацэнтную ўпэўненасць: ён хоча вярнуцца ў тую ж установу адукацыі і далей выкладаць любімую інфарматыку.

Сяргей Васільевіч пра работу і свой прадмет расказвае з непадробным захапленнем. Інфарматыка “паланіла” яго раз і назаўсёды яшчэ ў 5 класе, варта толькі было бацькам купіць камп’ютар. Хлопцу было цікава не толькі асвойваць розныя праграмы, але і разабрацца, як працуе сучасная машына і што ў яе ўнутры. Праз некалькі гадоў ён стаў упэўненым карыстальнікам і вырашыў звязаць свой лёс абавязкова з інфарматыкай і па парадзе свайго настаўніка паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на матэматычны факультэт, пасля заканчэння якога атрымаў кваліфікацыю “настаўнік матэматыкі і інфарматыкі”.

Маладому настаўніку хацелася быць бліжэй да бацькоўскага дому ў Баранавіцкім раёне і выкладаць, вядома ж, менавіта інфарматыку. Даведаўся, што ў сярэдняй школе № 14 Баранавіч патрабуецца настаўнік, з’ездзіў пазнаёміцца і ў выніку адправіўся туды па размеркаванні.

— Перад першымі ўрокамі ў мяне было даволі шмат хваляванняў, — узгадвае С.В.Басан. — Глянуў у расклад, і, калі ўбачыў, што прыйдзецца стартаваць адразу ў адзінаццатых класах, стала страшна. Думаў, як мяне там успрымуць, ці будуць захоўваць субардынацыю і слухацца, усё ж у нас была невялікая розніца ва ўзросце. Нездарма кажуць, што ў страха вочы вялікія. На справе ніякіх праблем не ўзнікла. Усё прайшло нармальна, і я даволі хутка знайшоў узаемаразуменне як з вучнямі і іх бацькамі, так і з калегамі.

Сёння Сяргей Васільевіч нават прызнаецца, што менавіта са старшакласнікамі яму падабаецца працаваць больш за ўсё. Яны больш матываваныя, і нават калі не збіраюцца здаваць інфарматыку пры паступленні, то, як правіла, зацікаўлены ў добрых адзнаках. Адносіны да прадмета станоўчыя і сур’ёзныя, асабліва ў хлопцаў: зараз нікога не трэба пераконваць у перспектывах, якія адкрывае інфарматыка.

Спачатку ў асноўным цяжкасці маладога настаўніка былі звязаны з правільным, аб’ектыўным ацэньваннем. Ён перажываў, каб ні на бал не памыліцца з адзнакай, не быць занадта строгім. У С.В.Басана выпрацавалася правіла: дрэннымі адзнакамі цікавасць да ўрока не павысіш, таму калі ў вучня нешта не атрымліваецца, варта не спяшацца, а спачатку яшчэ раз, па-іншаму патлумачыць, даць шанс выправіць становішча.

Яшчэ адно правіла Сяргея Васільевіча — быць прыкладам для сваіх вучняў, увесь час самому развівацца і сачыць за інавацыямі. На камп’ютарах ён пастаянна ўстанаўлівае апошнія праграмы, варта толькі ім з’явіцца. Усімі навінкамі неадкладна дзеліцца з дзецьмі, падтрымліваючы такім чынам цікавасць да прадмета.

На той момант, калі прыйшла павестка з ваенкамата, і калегі, і вучні паспелі прывыкнуць да адказнага, захопленага сваім прадметам, добразычлівага маладога спецыяліста. Дзеці пыталіся, ці вернецца настаўнік. Дакладнага адказу на той момант малады чалавек даць не мог, вырашыў, што ўсё па сваіх месцах расставіць час. Так яно і выйшла — падчас службы ў арміі зразумеў: ён вельмі сумуе па школе, уроках, вучнях і не хоча займацца нічым іншым. На прапанову працягнуць службу па кантракце даў адмоўны адказ. А дырэктару баранавіцкай сярэдняй школы № 14 Мікалаю Мікалаевічу Рудому ўпэўнена сказаў, што з радасцю вернецца адразу ж пасля службы.

— Служба ў арміі для мяне была карысным перыядам, які дапамог дакладна расставіць прыярытэты, навучыў цаніць час і магчымасці. Таму аб ім я ніколькі не шкадую, — узгадвае С.В.Басан. — Пасля перапынку прыйшлося зноў прывыкаць да рытму школьнага жыцця. Але на гэты раз мне было дастаткова ўсяго месяца. Зараз магу сказаць упэўнена: сваю работу я вельмі люблю. Падабаецца непаўторная атмасфера, якая пануе ў нашай школе, тое, што тут вельмі згуртаваны калектыў, нібы адна вялікая сям’я. Асаблівае ж задавальненне атрымліваю, калі бачу зацікаўленыя вочы дзяцей, іх жаданне асвоіць нешта новае і, безумоўна, поспехі.

Сяргей Васільевіч ужо мае вопыт выкладання ва ўсіх класах, дзе вывучаецца інфарматыка: з 6-га па 11-ы. Было прыемна, што вучні, у якіх вёў да арміі, узрадаваліся яго вяртанню. Малады педагог з самага пачатку стараецца прывіць усім сур’ёзныя адносіны да прадмета, бо першапачаткова дзеці, асабліва шасцікласнікі, часта ўспрымаюць яго выключна як любімыя гульні на камп’ютары. Важна пераадолець гэты стэрэатып і паказаць прыгажосць і сур’ёзнасць інфарматыкі, растлумачыць: калі прапусціш інфармацыю, не вывучыш, не зможаш рухацца далей, прыкладна гэтак жа, як і пры вывучэнні замежнай мовы, не ведаючы слоў, не будзеш гаварыць.

Па ініцыятыве Сяргея Васільевіча з’явіўся гурток “Робататэхніка”. Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце ён пачаў займацца гэтым кірункам, хацелася знайсці прымяненне сваім актуальным ведам і ў школе. Як толькі, дзякуючы спонсар­скай дапамозе, з’явіліся патрэбныя для заняткаў камплекты, быў арганізаваны гурток. Дзеці з цікавасцю займаюцца робататэхнікай пад кіраўніцтвам маладога настаўніка.

— Мы пачынаем з простага, таму цяжкасцей не ўзнікае нават у пяцікласнікаў, — гаворыць С.В.Басан. — Спачатку праграма, якую трэба скласці для робата, пішацца лёгка. Паступова задача ўскладняецца, трэба ведаць усё больш інфармацыі. Дзецям падабаецца збіраць і праграмаваць робатаў і затым бачыць вынік сваёй дзейнасці. У вучняў, якія займаюцца робататэхнікай, развіваецца алгарытмічнае мысленне, самыя складаныя тэмы па інфарматыцы будуць давацца ім значна лягчэй, а магчыма, камусьці гэта дапаможа нават вызначыцца з будучай прафесіяй і стаць праграмістам.

Таксама разам з настаўнікам школьнікі раздрукоўвалі мадэлі на 3D-прынтары, асвойвалі 3D-ручку, спрабавалі свае сілы ў робататэхніцы Arduino і інш. Не менш насычаным будзе і новы навучальны год. Маладога ініцыятыўнага педагога радуе, што ўсе яго прапановы станоўча ўспрымаюцца кіраўніцтвам, — у такіх умовах працаваць цікава.

Нядаўна Сяргей Васільевіч паступіў у магістратуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Выбраў спецыяльнасць “Адукацыйная робататэхніка”, каб больш дэталёва разабрацца ў тым, як лепш выкладаць вучням гэты цікавы напрамак і стаць сапраўдным прафесіяналам у гэтай дзейнасці.

Таццяна ШЫМКО.