На сваім месцы

Кожны чалавек імкнецца знайсці сябе ў прафесіі, аднак не ў кожнага гэта атрымліваецца. Выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Данута Чэх-Астрашэўская з гэтай задачай справілася: знайшла сваё прафесійнае прызванне і пераканана, што менавіта ў каледжы, побач са сваімі навучэнцамі, яна на сваім месцы.

Педагагічны шлях Данута Сяргееўна выбрала свядома. Нельга сказаць, што з дзяцінства марыла аб настаўніцкай працы. У школьныя гады, як і цяпер, яе цалкам захапляла творчасць.

— Я марыла пра тое, што калі-небудзь стану добрым мастаком. З гэтым імкненнем пайшла вучыцца ў Бабруйскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.Я.Ларына. Там, акрамя творчай спецыяльнасці, паралельна атрымала прафесію майстра вытворчага навучання. Потым працягнула адукацыю ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна. Наведваючы студыю цудоўнага мастака Мікалая Кузьміча Дубровы, яшчэ больш натхнілася на творчасць, маляванне. Вядома, думала, што гэта і ёсць маё жыццёвае прызванне. Але трапіла па размеркаванні ў наш каледж, і неяк усё змянілася, — расказала Д.С.Чэх-Астрашэўская.

Прыехаўшы ў каледж маладым спецыялістам і пачаўшы працавац­ь майстрам вытворчага навучання, Данута Сяргееўна планавала, што, як толькі скончыцца тэрмін размеркавання, яна зноў сканцэнтруецца на творчасці. Але ўсё выйшла інакш.

— Калі пачала працаваць, зразумела, што мне хочацца не толькі самой рэалізоўвацца ў творчасці, але і далучаць да яе дзяцей. Я выразна ўсвядоміла: выкладанне, работа з дзецьмі — гэта менавіта тое, што прыносіць маральнае і душэўнае задавальненне, — прызналася Д.С.Чэх-Астрашэўская.

З таго моманту, як яна прый­шла ў эканамічны каледж, мінула ўжо пятнаццаць гадоў. Тут Данута Сяргееўна адбылася як педагог, выпрацавала ўласныя падыходы да навучання. Галоўны прынцып, якога прытрымлі­ваецца Д.С.Чэх-Астрашэўская, — раскрыць здольнасці кожнага навучэнца і дапамагчы яму дасягнуць высокіх вынікаў у авалоданні прафесійнымі кампетэнцыямі.

На сваіх занятках яна стараецца не быць для вучняў толькі выкладчыкам, таму імкнецца рабіць працэс навучання займальным і асобасна арыентаваным. Важным фактарам лічыць наладжванне кантакту з вучнямі.

— Я — выкладчык спецыяльных дысцыплін. Знаёмлю дзяцей з асновамі жывапісу, малюнка, выкладаю тэхналогію. А навучанне творчасці — справа індывідуаль­ная. Да таго ж, першыя часы мне давялося працаваць з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця. Да кожнага з іх неабходны дыферэнцыраваны, асаблівы падыход. Як паказвае практыка, парушэнні ў развіцці дзіцяці — гэта не заўсёды прысуд. Больш за тое, у сілах выкладчыка звесці гэтыя парушэнні да мінімуму, дапамагчы вучню з абмежаванымі магчымасцямі дасягнуць пэўных вучэбных ці творчых поспехаў, — адзначыла Данута Сяргееўна.

Дарэчы, развіццю творчых здольнасцей дзяцей Д.С.Чэх-Астрашэўская ўдзяляе асаблівую ўвагу. Яна ініцыятар стварэння майстэрні “Студыя дызайну”, дзе штодня адчынены дзверы для ўсіх, хто жадае займацца вітрыністыкай, папяровай пластыкай, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, жывапісам і графікай, народнымі рамёствамі, мастацкай апрацоўкай металу, выкананнем вырабаў з палімернай гліны. Зараз студыяй кіруе педагог дадатковай адукацыі кале­джа Алена Хрушчова — былая вучаніца Дануты Сяргееўны, якая не так даўно пачынала ў гэтым гуртку свой творчы шлях.

Аб’яднанне “Студыя дызайну” карыстаецца вялікім попытам сярод навучэнцаў. Зараз яго наведваюць звыш пяцідзесяці хлопчыкаў і дзяўчынак. Тут многія з іх знаходзяць сябе, раскрываюць свае таленты.

— Да паступлення ў каледж я ніколі сур’ёзна не займалася маляваннем. А Данута Сяргееўна заўважыла мае здольнасці і прапанавала развіваць іх. Тут я раскрыла свой творчы патэнцыял і ўжо дасягнула пэўных поспехаў. Цяпер у маіх планах — надалей развівацца ў выбраным напрамку, — расказала навучэнка кале­джа Аліна Журыкава.

Дарэчы, Аліна — пераможца шматлікіх творчых конкурсаў, як і іншыя выхаванцы Дануты Сяргееў­ны.

— Мае навучэнцы штогод заваёўваюць прызавыя месцы на прэстыжных творчых спаборніцтвах. Яны пастаянна ў ліку лідараў рэспубліканскіх конкурсаў “Калядная зорка”, “Арт-партал”, “Тэхна-Ёлка”, “Арх-навацыя”, “Беларускі вянок” і інш. Асабліва яркія творчыя зорачкі — Настасся Шунькіна, Кацярына Глуздзікава, Сяргей Рандаўцоў, Аліна Журыкава, Аляксандра Мышкоўская, — расказала Д.С.Чэх-Астрашэўская.

Сярод прыярытэтных напрамкаў педагагічнай дзейнасці Дануты Сяргееўны — далучэнне моладзі да народных традыцый. На вучэбных занятках і ў “Студыі дызайну” навучэнцы вывучаюць беларускія мастацкія промыслы, што спрыяе фарміраванню ў іх нацыянальнай самасвядомасці і этнакультурнай ідэнтычнасці.

— За апошнія пяць гадоў разам з падлеткамі мы вывучылі такія народныя рамёствы, як лозапляценне, ювелірнае мастацтва, батлейка, лялька-мотанка, катрушніцкі промысел Дрыбіншчыны. Пасля дасканалага вывучэння дзеці распрацоўвалі вырабы ў стылістыцы народных майстроў. Такая форма работы спрыяе духоўнай сувязі пакаленняў, дазваляе моладзі далучыцца да спадчыны продкаў, — падкрэсліла выкладчыца.

У напрамку адраджэння народных рамёстваў навучэнцы Д.С.Чэх-Астрашэўскай займаюцца і навукова-даследчай дзейнасцю. Значную падтрымку ў даследаваннях выкладчыцы аказвае муж — Міхаіл Пятровіч Чэх, які выкладае грамадазнаўства ў эканамічным каледжы. Працуючы разам, яны неаднойчы прыводзілі навучэнцаў да поспехаў на вядомых рэспубліканскіх даследчых конкурсах.

…Кожны дзень Данута Сяргееў­на з радасцю ідзе ў родны каледж. Ад сваёй прафесійнай дзейнасці яна атрымлівае сапраўднае задавальненне. Добра­сумленная праца Д.С.Чэх-
Астрашэўскай неаднаразова а­дзначалася ганаровымі граматамі і дыпломамі. За высокія працоўныя дасягненні яна была ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама. За асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў атрымала прэмію спецыяльнага фонду прэзідэнта.

Данута Сяргееўна адзначае, што галоўным педагагічным дасягненнем лічыць не ўласныя поспехі — ёй радасна ўсведамляць, што многім навучэнцам яна дапамагла асвоіць прафесію, рэалізаваць сябе і стаць паспяховымі людзьмі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.