“Сістэма адукацыі Светлагорскага раёна дынамічна развіваецца. Сёння мы не стаім на месцы: рэалізоўваем інавацыйныя праекты, удзяляем вялікую ўвагу развіццю інфармацыйных тэхналогій, якія з’яўляюцца магутным сучасным сродкам павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, ствараем умовы для падтрымкі і развіцця адораных і высокаматываваных дзяцей”, — расказвае госць нашай “Суботняй планёркі” начальнік аддзела адукацыі Светлагорскага райвыканкама Жанна Васільеўна ЧЭРКАС.

— Раёну ёсць чым ганарыцца. У мінулым навучальным годзе 8 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 3 навучэнцы — прэміяй Гомельскага аблвыканкама. У скарбонцы перамог раёна — 38 дыпломаў абласнога і 6 дыпломаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, 45 дыпломаў трэцяга этапу абласной алімпіяды сярод навучэнцаў 4—9 класаў.
Стабільна добрыя вынікі паказваюць навучэнцы ў інтэрнэт-алімпіядах (10 дыпломаў), у абласных навукова-практычных канферэнцыях (8 дыпломаў), у даследчых конкурсах эколага-біялагічнай і краязнаўчай накіраванасці (4 дыпломы), інтэрнэт-віктарынах (15 дыпломаў), у абласных, рэспубліканскіх конкурсах па вучэбных прадметах (58 дыпломаў). Двое вучняў раёна сталі прызёрамі на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.
Радуюць нас выступленні выпускнікоў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Па выніках гэтага года раён займае другую пазіцыю ў вобласці (сярэдні бал — 60,42). Атрыманы стабальны вынік па матэматыцы.
Не застаюцца ўбаку і ўстановы дашкольнай адукацыі. Самай яркай падзеяй па выніках работы 2018 года стала занясенне дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 на Дошку гонару Гомельскай вобласці ў намінацыі “Лепшая ўстанова дашкольнай адукацыі”.
Важнае месца займае выхаваўчая работа. Дзякуючы творчаму падыходу педагогаў да пазаўрочнай занятасці, навучэнцамі раёна заваявана 204 дыпломы, з іх 159 — абласнога ўзроўню і 45 — рэспубліканскага, што дазволіла Светлагорскаму раёну заняць 3-ю пазіцыю ў вобласці.
— Жанна Васільеўна, як было арганізавана летняе аздараўленне дзяцей?
— Улетку была рэалізавана раённая акцыя “Лета ў СВЕТЛЫМ”. У рамках праекта адбыліся выступленні агітбрыгад, тэматычныя акцыі і флэшмобы з удзелам валанцёрскіх атрадаў па прафілактыцы негатыўных з’яў і здаровага ладу жыцця.
На базе ўстаноў адукацыі раёна сёлета дзейнічала 56 аздараўленчых лагераў з агульным ахопам 1280 дзяцей. Ва ўзаемадзеянні з рознымі ведамствамі, грамадскімі аб’яднаннямі працавалі вузкапрофільныя лагеры як дзённага, так і кругласутачнага знаходжання: па асновах бяспекі жыццядзейнасці, здароўезберажэнні, турысцка-краязнаўчага, прафарыентацыйнага, ваенна-патрыятычнага, мастацка-эстэтычнага профілю. А таксама турыстычныя, тэхнічныя, экалагічныя лагеры, лагеры працы і адпачынку, для інтэлектуальна адораных навучэнцаў і для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Удзяляем увагу карыснай занятасці дзяцей. Рэалізавана 17 працоўных праектаў з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Цесна супрацоўнічаем з нашымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, дзякуючы якім была арганізавана работа лагераў працы і адпачынку на базе сельскіх устаноў адукацыі з прыцягненнем навучэнцаў гарадскіх школ.
Штогод на працягу некалькіх гадоў у раёне ў летні перыяд арганізоўваецца міжнародны лагер дружбы для дзяцей Светлагорска і гарадоў-пабрацімаў з Расійскай Федэрацыі, Малдовы, Польшчы. А сёлета далучыліся і вучні з Грузіі. Гэта дае ім магчымасць азнаёміцца з гісторыяй, традыцыямі і культурай розных куткоў нашай краіны, знайсці новых сяброў.
— Як падрыхтаваліся ўстановы адукацыі раёна да новага навучальнага года?
— У кожным калектыве ўстаноў адукацыі да гэтага пытання паставіліся вельмі адказна. Праведзены капітальныя і касметычныя рамонты. Адрамантаваны харчаблокі, дах, умацавана спартыўная база ўстаноў. Праведзены рамонт спартыўных залаў і раздзявалак, інвентарных памяшканняў, адрамантаваны і пафарбаваны спартыўнае абсталяванне, пляцоўкі, а таксама набыты спартыўны інвентар за кошт бацькоўскай, спонсарскай дапамогі і пазабюджэтных сродкаў.
Вялікую дапамогу аказвае раённы выканаўчы камітэт. Радуе, што сёння не застаюцца ўбаку арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Праяўляюць ініцыятыву і нашы ўстановы. Па выніках удзелу ў праекце “Вялікае падарожжа” італьянскай асацыяцыі LC Settimo Torinese яслі-сад № 17 выйграў грант на суму 2 тысячы еўра. Гэтыя сродкі дазволілі папоўніць матэрыяльна-тэхнічную базу надворным гульнявым абсталяваннем.
— Жанна Васільеўна, якія планы на новы навучальны год? Якія цікавыя творчыя праекты плануеце рэалізаваць?
— Мы жывём у цудоўны час, калі кожны настаўнік, выхавальнік дашкольнай адукацыі, дзе б ён ні знаходзіўся, мае магчымасць мець зносіны з калегамі з розных рэгіёнаў. Для гэтай мэты існуе мноства педагагічных сайтаў, аднак жывыя прафесійныя зносіны непараўнальныя з той інфармацыяй, якую мы чэрпаем з інтэрнэту. З гэтай мэтай 2019/2020 навучальны год мы плануем вызначыць як Год прафесійных зносін з калегамі іншых рэгіёнаў для абмену вопытам работы.
Сёння актуальным з’яўляецца пытанне распаўсюджвання вопыту педагагічнай дзейнасці, таму на новы навучальны год запланаваны фестываль “Метадычная скарбонка” прафесійных метадычных распрацовак для ўдасканалення ўзроўню выкладання. Плануем арганізаваць педагагічны марафон, у рамках якога вопытныя педагогі раёна будуць прэзентаваць эфектыўныя формы метадычнай работы, аўтарскія праграмы і распрацоўкі. Мы спадзяёмся, што гэта стане добрым арсеналам для маладых педагогаў і не толькі.
Светлагоршчына славіцца высокім адукацыйным патэнцыялам. Галоўнае — захоўваць і прымнажаць найлепшыя педагагічныя традыцыі, прымяняючы эфектыўны вопыт і навацыі. Для таго каб забяспечыць высокі ўзровень якасці адукацыі, неабходна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе сучасныя сродкі навучання і вучэбнае абсталяванне, ствараць сучаснае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, выбудоўваць індывідуальную траекторыю для кожнага навучэнца, забяспечваць інфармацыйную адкрытасць кожнай установы — гэта галоўны вектар развіцця сістэмы адукацыі нашага раёна на новы навучальны год.
Шчыра віншую ўсіх з надыходзячым Днём ведаў! Жадаю педагогам, навучэнцам, бацькам здароўя, бадзёрасці духу, аптымізму, ажыццяўлення намечаных планаў. Няхай Дзень ведаў заўсёды будзе для вас днём вялікіх надзей і стартам на шляху да новых здзяйсненняў!
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.