На свята бібліятэк — у бібліятэку з задавальненнем!

- 16:04Нам пішуць

Сапраўднае свята для нас, бібліятэкараў, і для навучэнцаў 3-4 класаў прайшло 15 верасня. Трэцякласнікі парадавалі веданнем казак і казачных аповесцяў у літаратурнай гульні “У гасцях у казкі”. Разгадвалі крыжаванкі, бралі ўдзел у гульнях і конкурсах “Казка — мана, ды ў ёй намёк…”, “З якой казкі літаратурны герой?”, “З якой казкі ўрывак?” і г. д. Але сапраўдным святам была “Музычная казачная віктарына”, калі ўсе ўдзельнікі хорам спявалі песенькі з вядомых казак. Адзіную песеньку яны не ведалі з казкі “Лятучы карабель” — “Я вадзянік”. Але яе выдатна праспявала Ларыса Рычардаўна Кічкайла, якая была ў журы гэтага цікавага мерапрыемства. Хлопчыкі вельмі стараліся, але перамагла каманда дзяўчынак, яны атрымалі прызы. А Вячаслаў Хільковіч з 3 “Б” класа адзначаны асобным прызам за веданне казак, казачных песень і актыўны ўдзел.

Тым часам свята працягнулі вучні 4-х класаў, якія дзякуючы інтэрнэту выправіліся ў віртуальнае падарожжа па бібліятэках усяго свету. Чацвёртакласнікі былі вельмі здзіўлены, калі ўбачылі незвычайную прыгажосць у чытальных залах знакамітых бібліятэк. Яны ўважліва ўзіраліся ў каштоўныя старадаўнія кнігі на віртуальных карцінках, з цікавасцю даведаліся, напрыклад, пра тое, што бібліятэку ў Ватыкане пачалі збіраць яшчэ ў IV стагоддзі. “Дом мудрасці, аптэка для душы” — пачутыя словы вельмі ўразілі і прымусілі задумацца.

Школьнікі ўважліва слухалі расповед пра вядомага дзіцячага пісьменніка Карнея Чукоўскага, які таксама працаваў бібліятэкарам. Ён за свае грошы адкрыў дзіцячую кніжніцу на тэрыторыі сваёй дачы. Туды кожны дзень прыходзілі дзеткі. А ў гарачую пару пісьменнік праводзіў святы “Добры дзень, лета!” і “Бывай, лета!”.

Адкрыццём для вучняў 4-х класаў было і тое, што для рускага цара Івана Грознага яго бібліятэка была самым дарагім скарбам; што ў свой час рускі паэт Іван Савіч Нікіцін у сваім родным горадзе Варонежы адкрыў краму з бібліятэкай-чытальняй і выдаваў кнігі багатым людзям за грошы, а бедным — бясплатна. І нават настаўнікі былі здзіўлены, калі даведаліся, што вядомы англійскі пісьменнік Оскард Уайльд таксама працаваў бібліятэкарам, але, на жаль, у турме, калі быў асуджаны на два гады зняволення. Ён пісаў: “Не бывае маральных або амаральных кніг. Бываюць кнігі добра напісаныя ці дрэнна напісаныя”.

Мы верым, што бібліятэкі былі, ёсць і будуць. Чытанне для навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту — гэта стымуляцыйны палёт іх розуму і сэрца. Хочацца параіць бацькам: калі ваша дзіця не чытае, бярыце яго за руку і вядзіце да выспы скарбаў, назва якой — бібліятэка.

Тэрэза КАВАЛЬЧУК,
загадчыца бібліятэкі гімназіі № 2 Ваўкавыска.