На тэхнахвалі

На Брэстчыне падвялі вынікі І Абласнога адкрытага конкурсу інжынернай графікі InCAD і Абласнога завочнага конкурсу па праграмаванні “Я ведаю SCRATCH” сярод школьнікаў. Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і Брэсцкая абласная арганізацыя РГА “Белая Русь”.

— Конкурс па праграмаванні “Я ведаю SCRATCH” праводзіўся з мэтай павышэння матывацыі школьнікаў да вывучэння сучасных інфармацыйных тэхналогій і цікавасці да ІТ-прафесій, папулярызацыі і развіцця інавацыйнай і тэхнічнай творчасці сярод моладзі, выяўлення і падтрымкі адораных вучняў, — расказаў дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Д.М.Гумянюк. — У спаборніцтве ўдзельнічалі 68 работ вучняў ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў з Брэста, Баранавіч, Пінска, Брэсцкага, Баранавіцкага, Бярозаўскага, Лунінецкага, Кобрынскага, Маларыцкага, Столінскага, Пінскага і Пружанскага раёнаў. Конкурс праводзіўся ў намінацыях “Як працуюць машыны” і “Галаваломка”. Школьнікі рыхтавалі праекты ў форме відэаролікаў і анімацыйных прадуктаў, распрацаваныя сродкамі SCRATCH і прызначаныя толькі для прагляду. Тэматыка работ грунтавалася на ведах у галіне тэхнікі, радыёэлектронікі, інфарматыкі, дзейнасці механізмаў і машын. Акрамя таго, вучні распрацоўвалі з дапамогай сродкаў SCRATCH праекты ў форме камп’ютарных гульняў, героі якіх праходзілі розныя ўзроўні складанасці, выконваючы пэўныя лагічныя заданні, заснаваныя на ведах у галіне фізікі, тэхнікі, радыёэлектронікі, дзейнасці механізмаў і машын. Пры ацэньванні камп’ютарных прадуктаў і праектаў улічваліся творчы падыход, арыгінальнасць ідэі, складанасц­ь работы, якасць выканання і інш.

Дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі Станіслаў Савашынскі з сярэдняй школы № 2 Рэчыцы Столінскага раёна, Аліна Мірзікян і Ягор Трухан з сярэдняй школы № 2 Бярозы, Антон Рэдзька з сярэдняй школы № 16 Брэста, Вадзім Волкаў з ясляў-сада — пачатковай школы № 6 Брэста, Аліна Каральчук з сярэдняй школы № 2 Століна, Дар’я Снітчук з Драгічынскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і Арцём Малашыцкі з Гарадзішчанскай сярэдняй школы Пінскага раёна.


— Конкурс інжынернай графікі InCAD право­дзіўся з мэтай распрацоўкі і ўкаранення ў практыку работы ўстаноў адукацыі эфектыўных форм і метадаў развіцця навукова-тэхнічнай творчасці вучняў, фарміравання ў школьнікаў ведаў, уменняў і кампетэнцый у галіне інавацыйных тэхналогій, механікі і праграмавання, пошуку маладых талентаў і падтрымкі цікавых творчых ідэй у галіне тэхнічнай творчасці, прыцягнення ўвагі высокатэхналагічных прадпрыемстваў, навукова-даследчых інстытутаў, аб’ектаў індустрыі, дзелавых цэнтраў, устаноў вышэйшай і прафесійнай адукацыі да дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі тэхнічнага профілю як патэнцыяльнаму кадраваму рэзерву, — паведаміў Д.М.Гумянюк. — Спаборніцтва праходзіла на базе Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка ў 2 этапы. Для ўдзелу ў конкурсе была пададзена 21 заяўка ад дзяржаўных устаноў адукацыі і прыватных адукацыйных цэнтраў. У другі тур выйшлі 13 удзельнікаў.  

Дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі Аляксей Майсюк з Брэсцкага політэхнічнага каледжа, філіяла БрДТУ, Давід Прыгодзіч з Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці і Кірыл Якімчук з Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці.

Акрамя дыпломаў, пераможцы конкурсаў былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі ад спонсараў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.