На тэледэбатах кандыдатам трэба трымацца бойка і не закранаць тэмы, у якіх яны некампетэнтныя

- 14:15Выбары 2015

Кандыдаты ў прэзідэнты не карыстаюцца недатыкальнасцю і не маюць асаблівых ільгот, паведаміла кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў праграме “Актуальны мікрафон” на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

“У прынцыпе, кандыдат не мае права ні на што іншае, акрамя вядзення сваёй выбарчай кампаніі. У нас кандыдаты ў прэзідэнты не карыстаюцца недатыкальнасцю і не маюць ніякіх дадатковых ільгот і гарантый. Адзінае, на што яны маюць права, – праводзіць агітацыю за дзяржаўны кошт у тых памерах, якія вызначаны выбарчым заканадаўствам. і, зразумела, яны могуць весці іншыя агітацыйныя мерапрыемствы ў сваю падтрымку”, – растлумачыла Лідзія Ярмошына.
Для таго каб звярнуцца да выбаршчыкаў, кожны кандыдат мае права на два бясплатныя выступленні ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” і на два бясплатныя выступленні ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Таксама кандыдаты маюць права бясплатна апублікаваць сваю перадвыбарную праграму ў асобных беларускіх газетах. Аб’ём перадвыбарнай праграмы не можа перавышаць пяці машынапісных старонак (не больш як 10 тыс. знакаў з прабеламі пры камп’ютарным наборы).
На тэледэбатах кандыдатам трэба трымацца бойка і не закранаць тэмы, у якіх яны некампетэнтныя, выказала сваё меркаванне кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі.
“Тэледэбаты – гэта самае складанае. Па сутнасці, выступленне па тэлебачанні, якое будзе да гэтага, няхай і ў прамым эфіры, але яно па-за канкурэнцыяй. Ты адзін, сам сабе задаеш пытанні і на іх адказваеш. На тэледэбатах трэба трымацца вельмі бойка, і там твая некампетэнтнасць (калі такая ёсць) на фоне астатніх можа саслужыць дрэнную службу”, – лічыць Лідзія Ярмошына.
“У тэледэбатах, зразумела, акрамя ўпэўненасці ў сабе ў кандыдатаў павінна быць пачуццё самакрытыкі. Яны павінны помніць: не трэба лезці ў тэмы, у якіх не вельмі кампетэнтныя”, – адзначыла старшыня ЦВК.