На той бок неба

- 12:29Вышэйшая школа, Рознае

Беларускія студэнты паказалі клас на расійскім чэмпіянаце

На V Міжнародным чэмпіянаце CanSat у Расіі студэнты БДУ запусцілі спадарожнік у стратасферу на вышыню 32 тысячы метраў. Апараты іншых каманд апынуліся намнога ніжэй: ніхто не змог сягнуць так высока, як беларусы.

Чэмпіянат праходзіў у падмаскоўнай Дубне. Яго арганізатарам выступіў НДІ ядзернай фізікі імя Д.У.Скабельцына Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а інтэлектуальны і метадычны складнік забяспечвала лабараторыя аэракасмічнай інжынерыі МДУ.

У спаборніцтвах, дзе бралі ўдзел 30 каманд са школ і ўніверсітэтаў Расіі, беларусы былі адзінымі замежнікамі. Гэтае права яны заслужылі ў выніку сур’ёзнага шматступеньчатага конкурснага адбору на працягу года. У склад каманды БДУ BelNanoSat увайшлі студэнты факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Іван Саечнікаў і Мікіта Мішчанка, а таксама студэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Уладзіслаў Паўловіч. Хлопцы захапіліся спадарожнікамі, калі яшчэ вучыліся ў Ліцэі БДУ. І вось, нарэшце, такая значная перамога! На чэмпіянаце CanSat у Расіі ў іх не было канкурэнтаў.

Як паведаміў Іван Саечнікаў, яшчэ ў лютым на адборачнай сесіі каманда паспяхова абараніла свой праект спадарожніка, тады яна стала абсалютнай пераможцай у сваёй катэгорыі. Амаль паўгода хлопцы дапрацоўвалі свой апарат, і калі ён узляцеў на рэкордную вышыню 32 кіламетры, то скарыў усіх — як суддзяў, так і ўдзельнікаў чэмпіянату, а таксама назіральнікаў.

“Сёлета мы распрацавалі новую канцэпцыю нашага апарата, усе мацаванні для датчыкаў і плат друкавалі на 3D-прынтары. У выніку атрымалі прыстойны апарат з сур’ёзнай карыснай нагрузкай для шматразовых запускаў у стратасферу”, — падзяліўся сакрэтам поспеху Іван Саечнікаў. Адметна, што чэмпіянат CanSat у Расіі — гэта расійскі варыянт міжнародных спаборніцтваў сярод маладых распрацоўшчыкаў касмічных лятальных апаратаў, які праводзіцца з 2012 года. А ўсё пачыналася ў ЗША ў 90-я гады як спаборніцтва па распрацоўцы і стварэнні вучэбных спадарожнікаў, начынне якіх змяшчаецца ў бляшанцы ад газіроўкі ёмістасцю 0,5л. Адсюль і адпаведная назва — CanSat (ад англійскага can — “бляшанка” і Sat — скарочаная форма ад satellite — “спадарожнік”).У вызначаныя габарыты неабходна змясціць супрацьударны корпус, сістэму мяккай пасадкі, акумулятары, электроніку кіравання, радыёперадатчык і набор датчыкаў, якія дазваляюць збіраць інфармацыю падчас палёту. З усяго гэтага дабра камандам трэба сабраць, адладзіць і запусціць спадарожнік, які павінен дасягнуць пэўнай вышыні і правільна перадаць на зямлю неабходныя звесткі пра атмасферу.

Дарэчы, на тым узроўні чэмпіянату, дзе выступае каманда БДУ BelNanoSat, удзельнікам дадзена поўная свабода дзеянняў (у больш нізкіх лігах ёсць абмежаванні па параметрах і вазе спадарожніка, а таксама па яго кошце). І студэнты БДУ змаглі выціснуць са свайго апарата максімум: ім удалося не проста запусціць спадарожнік, але і прадэманстраваць яго высокую працаздольнасць. Пэўную інфармацыю спадарожнік перадаваў на зямлю ў рэальным часе, некаторую запісваў. Пасля яго прызямлення студэнты заняліся апрацоўкай і аналізам атрыманых даных.

Прызямліўся спадарожнік за 200 кіламетраў ад месца запуску — цэлы і гатовы для будучых палётаў. Студэнты ўжо заняліся яго ўдасканаленнем і маюць намер накіраваць яго яшчэ вышэй у стратасферу.

На пытанне, пра якія яшчэ спаборніцтвы марыць каманда БДУ, Іван Саечнікаў расказаў, што чэмпіянаты, падобныя да CanSat у Расіі, праводзяцца і ў Злучаных Штатах, у Еўропе. “Калі мы выбіралі, дзе ўдзельнічаць, то спыніліся менавіта на расійскім чэмпіянаце, бо ён намнога больш складаны, чым усе іншыя. Усё ж такі Расія — моцная касмічная дзяржава, і там больш складаныя заданні, больш сур’ёзныя патрабаванні і больш строгае журы”, — заявіў Іван.

Дарэчы, расійскі чэмпіянат адметны яшчэ і ўвагай да яго карпарацыі “Раскосмас”. Акрамя ўласна спаборніцтваў, удзельнікі спадарожнікавых запускаў мелі магчымасць наведаць цікавыя майстар-класы, якія праводзілі вопытныя распрацоўшчыкі касмічнай тэхнікі і навукоўцы. Для студэнтаў, чыё захапленне выходзіць далёка за межы Зямлі, гэта шанс атрымаць каштоўныя веды, каб у будучыні накіраваць свой спадарожнік у новую касмічную далячынь.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фотаздымкі з архіва каманды BelNanoSat.