На трэніроўку па індорхакеі — у каледж

- 9:40Навіны рэгіёнаў

Першая на Гродзеншчыне спецыялізаваная зала для індорхакея адкрылася ў Гродзенскім каледжы эканомікі і кіравання Белкаапсаюза.

Спартыўная зала каледжа набыла зусім іншы выгляд: тут з’явілася спецыяльнае сучаснае пакрыццё апошняга пакалення для гульняў і трэніровак па індорхакеі (хакей на траве ў закрытых памяшканнях). Цяпер тут змогуць займацца гэтым папулярным у рэгіёне відам спорту не толькі спартсмены вядомай у Беларусі жаночай каманды па хакеі на траве “Рытм”, але і юныя выхаванцы Гродзенскай абласной СДЮШАР “Нёман”, у якой займаюцца 168 хакеістаў. Навучэнцы школы ўваходзяць у склад аматарскай мужчынскай каманды “Гроднааблспорт”.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спартыўнай залы прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, кіраўнік справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Іваноў, памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, першы намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза Аляксандр Скрундзеўскі.

— Хакей на траве сёння прадстаўляе Беларусь на дастаткова высокім узроўні, — падкрэсліў кіраўнік справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь старшыня назіральнага савета Беларускай федэрацыі хакея на траве Валерый Іваноў. — У канцы жніўня наша жаночая зборная па хакеі на траве стала чэмпіёнам Еўропы ў сваім дывізіёне, атрымаўшы ў фінальным матчы перамогу над зборнай Францыі. Мужчынскія і жаночыя, юнацкія і дзіцячыя каманды добра вядомы не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Гродзенскі хакей на траве мае свае традыцыі, і “Рытм” — адна з базавых каманд зборнай нашай краіны па гэтым відзе спорту, займае вядучае месца ў Рэспубліцы Беларусь, неаднаразова станавілася чэмпіёнам краіны, паказвае добрыя вынікі, гадуе таленавітых спартсменаў. І новая спецыялізаваная зала ў каледжы адкрывае для гродзенскай моладзі яшчэ больш магчымасцей для заняткаў гэтым відам спорту. 

Па ўзроўні абсталявання спартыўная база з’яўляецца адной з лепшых у краіне. Як адзначыў Уладзімір Каранік, яна шматразова павысіць эфектыўнасць падрыхтоўкі спартсменаў, якія займаюцца гэтым відам спорту, паслужыць удасканаленню іх прафесійнага майстэрства.

— Гродзенскі хакей на траве лепшы ў краіне, — падкрэсліў Уладзімір Каранік. — Жаночая каманда “Рытм” — адна з самых тытулаваных гульнявых каманд у Рэспубліцы Беларусь, неаднаразовы ўладальнік Кубка Беларусі, 23-разовы чэмпіён краіны, пераможца шматлікіх міжнародных турніраў. Кожны трэці гулец зборнай — выхаванец гродзенскай школы. У Гродне створана моцная школа падрыхтоўкі спартсменаў. Вельмі важна працягваць удасканальваць інфраструктуру для развіцця гэтага віду спорту, ствараць камфортныя ўмовы для трэніровак, папулярызацыі хакея на траве, што дазволіць не толькі ўтрымаць, але і павысіць дасягнуты ўзровень. Індорхакей і хакей на траве, несумненна, атрымаюць далейшае развіццё ў Гродзенскай вобласці. 

Старшыня аблвыканкама таксама расказаў, што ў Гродне плануецца будаўніцтва шматфункцыянальнага цэнтра па гульнявых відах спорту. Рашэнне ўжо прынята, і ў цяперашні час выбіраецца аптымальны праект, які быў бы зручны для спартсменаў, наведвальнікаў і ўпрыгожыў горад.

— Для нас вельмі адказна і сімвалічна, што гэтая пляцоўка адкрываецца на базе Гродзенскага каледжа эканомікі і кіравання Белкаапсаюза. Сістэма спажывецкай кааперацыі сочыць за вынікамі, якія паказваюць нашы спартсмены. Спадзяюся, што адкрыццё гэтай залы стане штуршком для з’яўлення новых зорачак, для выхавання будучых чэмпіёнаў, — адзначыў падчас мерапрыемства Аляксандр Скрундзеўскі.

Падзялілася ўражаннямі і капітан “Рытма” Святлана Багушэвіч, выказаўшы ўдзячнасць ад усёй каманды. Яна расказала, што да гэтага часу хакеісткам прыходзілася ездзіць на трэніроўкі ў адзін з санаторыяў за 30 кіламетраў ад абласнога цэнтра. А ў маленькіх спартсменаў не было і такой магчымасці. Цяпер і дарослыя, і дзеці змогуць трэніравацца круглы год на базе каледжа. 

Рашэнне аб неабходнасці адкрыцця пляцоўкі для індорхакея ва ўстанове адукацыі было прынята пасля звароту спартсменаў і трэнераў, які прагучаў у снежні мінулага года на сустрэчы спартыўнай грамадскасці рэгіёна са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама.

Дзякуючы адкрыццю залы для індорхакея, павысіцца эфектыўнасць падрыхтоўкі спартсменаў, палепшацца ўмовы для ўдасканалення іх прафесійнага майстэрства і дасягнення новых поспехаў на міжнародных арэнах.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.