На ўласным прыкладзе

- 12:30Магілёўшчына

На думку дырэктара сярэдняй школы № 1 Круглага Аляксандра Міхайлавіча Бялянкіна, галоўная задача сучаснай школы — даць дзіцяці глыбокія і трывалыя веды, падрыхтаваць яго да самастойнага жыцця. Пра тое, якія ўмовы для развіцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу навучэнцаў і педагогаў ствараюцца ў гэтай установе, што на працягу апошніх гадоў з’яўляецца пераможцай раённых спаборніцтваў сярод устаноў адукацыі ў намінацыі “Лепшая арганізацыя работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці”, — наша гутарка з А.М.БЯЛЯНКІНЫМ.

— Аляксандр Міхайлавіч, пытанням здароўезберажэння і фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця ў школе ўдзяляецца асаблівая ўвага. З чым гэта звязана?

— Даць дзіцяці трывалыя веды і падрыхтаваць яго да жыцця ў нашым імклівым зменлівым свеце можна пры ўмове фізічнага і псіхалагічнага здароўя навучэнца, таму праблема ўкаранення здароўезберагальных тэхналогій і фарміравання ў школьнікаў навыкаў здаровага ладу жыцця пастаянна хвалявала наш педагагічны калектыў.

Комплексам хвароб, перагрузкам у вучобе, незахаванню гігіенічных норм, гіпадынаміі, прыхільнасці да шкодных звычак мы супрацьпаставілі рашучыя меры: распрацавалі праграму “Здароўе”, галоўная мэта якой — ахова і ўмацаванне здароўя навучэнцаў, далучэнне іх да каштоўнасцей ЗЛЖ. Ужо да канца 2008 года наша ўстанова стала базавай на Магілёўшчыне па здароўезберажэнні, па выкананні санітарна-гігіенічных патрабаванняў. Школьная мэбля падбіраецца для кожнага дзіцяці ў залежнасці ад яго росту, што садзейнічае захаванню правільнай паставы. У кабінеты пачатковай школы набыты канторкі, за якімі малодшыя школьнікі могуць працаваць стоячы. 2—3 разы ў год перасаджваем вучняў з мэтай карэкціроўкі зрокавага ўспрымання. Клапоцімся і пра тое, каб дзеці атрымлівалі дастатковую рухальную нагрузку, належным чынам чаргуем заняткі з прагулкамі на свежым паветры, каб вучні маглі пабегаць, даць волю сваім эмоцыям. А станоўчы прыклад нашым выхаванцам даём у першую чаргу мы, дарослыя. Ні адзін з работнікаў школы не курыць!

— А ці сябруюць вашы навучэнцы са спортам?

— Выклікае асаблівае задавальненне спартыўная база школы. Для заняткаў абсталяваны вялікая і малая спартыўныя залы, клас рытмікі і танца, школьны стадыён з добрым футбольным полем, спартыўны гарадок. Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя С.Ф.Блізнякоў, Г.В.Лосеў, В.А.Жвік маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, у іх вялікі вопыт работы. У апошнія гады наша школа неаднаразова станавілася пераможцай раённай круглагадовай спартакіяды, а яе вучні — прызёрамі і пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па розных відах спорту. Не стаў выключэннем для высокіх спартыўных дасягненняў і 2018 год. Пераможцамі абласных спаборніцтваў “Снежны снайпер” сталі Міхаіл Пашкоўскі і Валерыя Холюсева (малодшая група), Мікіта Халява, Кірыл Зайцаў, Аляксандра Голубева і Паліна Пашкоўская (сярэдняя група). У лютым на Рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер”, якія праходзілі ў Раўбічах, васьмікласнік Глеб Блізнякоў у сваёй узроставай групе заваяваў сярэбраны медаль. Работу па ўкараненні здароўезберагальных тэхналогій і фарміраванні ў навучэнцаў навыкаў здаровага ладу жыцця мы будзем працягваць і ўдасканальваць. У ёй не можа быць перапынкаў. А вынік будзе відаць толькі тады, калі здаровы лад жыцця стане нормай паводзін кожнага навучэнца. Гэта самае важнае, што мы можам даць нашым выпускнікам разам з атэстатам сталасці.

Што вы можаце сказаць пра якасць навучання школьнікаў?

— Нашы вучні паспяховыя не толькі ў спорце, але і ў вучобе. Штогод яны актыўна ўдзельнічаюць у інтэлектуальных і творчых конкурсах, прадметных алімпіядах. Чатыры школьнікі атрымалі дыпломы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды. Пераможцамі абласной алімпіяды сталі Кацярына Мінчукова па грамадазнаўстве (настаўніца Н.М.Самалазава), Дар’я Афрэмава па матэматыцы (настаўніца І.Д.Канькова). Дыпломы алімпіяды па рускай мове і літаратуры атрымалі Ганна Кулікоўская і Маргарыта Карне-ева (настаўнік А.У.Галаўкоў).

Вялікая работа праводзіцца педагагічным калектывам па падрыхтоўцы навучэнцаў да цэнтралізаванага тэсціравання. Яна ўключае такія напрамкі, як падрыхтоўка на вучэбных занятках, арганізацыя профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, арганізацыя факультатыўных заняткаў, работа сеткі міжшкольных факультатыўных заняткаў, удзел навучэнцаў 10—11 класаў у этапах рэпетыцыйнага тэсціравання, індывідуальна-карэкцыйная дзейнасць педагогаў у межах стымулюючых заняткаў, аказанне педагогамі платных адукацыйных паслуг, супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі. У прыватнасці, школа ўзаемадзейнічае з Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання, на базе якога для навучэнцаў праводзіліся вучэбныя заняткі ў мінулым годзе. І гэтае супрацоўніцтва плануецца працягнуць.

У 2017/2018 навучальным годзе арганізавана профільнае навучанне ў 10 класе. Сфарміраваны дзве профільныя групы з вывучэннем на павышаным узроўні матэматыкі і фізікі, хіміі і біялогіі. Працягнуў работу і адзінаццаты профільны клас, у якім група школьнікаў вывучае рускую мову і гісторыю Беларусі на павышаным узроўні. З гэтага навучальнага года на аснове дагавора аб супрацоўніцтве паміж школай і Круглянскім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях праводзіцца навучанне дзесяцікласнікаў па напрамку “Бяспека жыццядзейнасці” (клас МНС).

Сёлета задаволены ўсе запыты навучэнцаў і іх бацькоў па арганізацыі факультатыўных заняткаў. Арганізавана работа 63 факультатываў, у тым ліку 24 — прыродазнаўча-матэматычнага напрамку, 31 — гуманітарнага, 3 — грамадазнаўчага, факультатываў харэаграфічнага, спартыўнага і выхаваўчага напрамкаў. У гэтым годзе працягнулі работу міжшкольныя факультатывы па беларускай мове, біялогіі, грамадазнаўстве, на якіх навучэнцы мэтанакіравана рыхтуюцца да здачы экзамену ў форме ЦТ.

Эфектыўнасць дзейнасці педкалектыву пацвярджаюць вынікі ЦТ і працэнт паступлення выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі. На працягу апошніх трох гадоў 45 выпускнікоў школы атрымалі ад 66 да 100 балаў па розных прадметах, а па рускай мове, біялогіі, грамадазнаўстве, хіміі, англійскай мове штогод сярэдні бал вышэйшы за раённы паказчык. За два апошнія гады дзве навучэнкі школы атрымалі максімальны бал на ЦТ. Так, 100 балаў па гісторыі Беларусі ў 2016 годзе атрымала Дар’я Мінчукова, а ў 2017 годзе Дар’я Чарняева — па грамадазнаўстве.

— Узровень і характар дасягненняў навучэнцаў у першую чаргу залежыць ад прафесійнай кампетэнтнасці педагога. А як у школе адбываецца развіццё прафесійнага майстэрства педагогаў?

— Развіццё і ўдасканаленне прафесійных кампетэнцый педагогаў адбываецца праз розныя напрамкі, у тым ліку праз абагульненне і распаўсюджванне ўласнага педагагічнага вопыту. На базе ўстановы дзейнічаюць 9 метадычных фарміраванняў, у тым ліку 2 праблемныя і 2 творчыя групы. У цэнтры іх увагі не толькі разгляд тэарэтычных пытанняў, накіраваных на ўдасканаленне сістэмы адукацыі і павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў, але і стварэнне метадычных прадуктаў у выглядзе дыдактычных матэрыялаў для падрыхтоўкі да алімпіяд, памятак і алгарытмаў па напісанні водгуку на літаратурны твор, складанні вуснага выказвання, стварэнне прэзентацый.

Удасканаленне прафесійна-камунікатыўнай кампетэнцыі педагогаў школы адбываецца праз актыўны ўдзел у інтэрнэт-канферэнцыях, НПК, выставах навукова-метадычнай літаратуры і педвопыту, педагагічных чытаннях. Настаўнікі арганізоўваюць майстар-класы, праводзяць адкрытыя вучэбныя заняткі і выхаваўчыя мерапрыемствы для педагогаў школ раёна ў межах раённых метадычных фарміраванняў. Педагогі з добра развітой крэатыўнай кампетэнцыяй прапаноўваюць свае напрацоўкі для публікацыі ў СМІ і іншых друкаваных выданнях. Так, настаўнік рускай мовы і літаратуры А.У.Галаўкоў з’яўляецца аўтарам 4 друкаваных выданняў.

Мы разумеем, што змены, якія адбываюцца ў сучаснай сістэме адукацыі, патрабуюць павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагога. Высокапрафесійны педагог праз змест прадмета, дакладнае планаванне форм, метадаў, сродкаў навучання, якія выкарыстоўвае, садзейнічае развіццю прадметных, агульнапрадметных ключавых кампетэнцый навучэнцаў.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.