На ўрок музыкі — за здароўем

- 13:00Якасць адукацыі

Настаўніца музыкі Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы Мінскага раёна Алена Іванаўна Грынчык на сваіх уроках робіць стаўку на здароўезберагальныя тэхналогіі. Вывучэннем гэтай тэмы яна займаецца ўжо больш за 10 гадоў. Сваімі шматлікімі напрацоўкамі з задавальненнем дзеліцца з калегамі на семінарах-практыкумах, курсах павышэння кваліфікацыі і фестывалях педагагічнага майстэрства.

Патэнцыял прадмета невычэрпны

Алена Іванаўна — настаўніца музыкі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Яна чалавек вельмі адкрыты, шчыры, эмацыя­нальны і творчы. Аднойчы і назаўсёды ўлюбілася ў сваю работу і адчувае за яе вялікую адказ­насць. З дзяцін­ства ведала, што будзе педагогам і ніколі ў гэтым не сумнявалася. Чалавекам, які пасяліў у яе душы такую ўпэўненасць, стала любімая матуля — настаўніца малодшых класаў івацэвіцкай сярэдняй школы № 2 Кацярына Мікалаеў­на Зыбайла.

— З дзіцячых гадоў я была частым госцем у школе, бачыла, з якім натхненнем мама вядзе ўрокі, як стараецца знайсці падыход да кожнага вучня, як любяць і паважаюць яе дзеці, — расказвае А.І.Грынчык. — Вядома ж, я вельмі ганарылася мамай і хацела быць падобнай да яе. Менавіта яна запаліла ў маім сэр­цы агеньчык нас­таўніцтва! Безумоўна, я не магу памятаць усе яе прафесійныя сакрэты, хаця часам здаецца, быццам ведаю іх на генетычным узроўні. У цэлым у мяне склаўся менавіта мамін стыль выкладання, творчы падыход да кожнага ўрока і імкненне зрабіць яго максімальна насычаным, цікавым і карысным адразу з некалькіх бакоў, у тым ліку заха­вання і ўмацавання здароўя вучняў.

На жаль, такі школьны прадмет, як музыка, часта недаацэньваюць і не ўспрымаюць сур’ёзна. І не толькі бацькі, але і самі педагогі. Маўляў,  экзамены здаваць па ім не трэба, асаблівай карысці чакаць не прыхо­дзіцца. Аднак думаць так можа толькі той, хто не валодае інфармацыяй ці папросту не хоча ў яе ўнікнуць. Алена Іванаўна, як чалавек апантаны любімай справай, пастаянна адкрывае для сябе новыя магчымасці ўрока і знаходзіцца ў пошуку эфектыўных, цікавых прыёмаў.

Яшчэ ў Старым Запавеце апісана, як сваёй ігрой на кіфары Давід пазбавіў ад роспачы цара Саула. Верагодна, гэта быў адзін з самых ранніх вопытаў тэрапіі музыкай. Пазней на прафілактычнае і лячэбнае ўздзеянне музыкі звярталі ўвагу і Піфагор, і Арыстоцель, і Платон… Алена Іванаўна расказвае пра гісторыю свайго прадмета з вялікім захапленнем. Толькі ўявіце: магчыма, менавіта ўсведамленне гаючых магчымасцей музычнага мастацтва стала падставай для ўвядзення музыкі ў лік абавязковых школьных прадметаў. Дарэчы, гэта было зроблена яшчэ ў XVI стагоддзі Янам Амосам Каменскім. А ў XX стагоддзі расійскі акадэмік У.М.Бехцераў даказаў, што музыка аказвае агульнаўзмацняльнае ўздзеян­не на стан чалавека.

Як дапамагчы дзецям?

Праблема захавання і ўмацавання здароўя, безумоўна, ва ўсе часы была і застанецца актуальнай. Вучні малодшага школьнага ўзросту часта хварэюць. Нярэдка знахо­дзяцца ў стане ператомленасці, як фізічнай, так і духоўнай. Эмацыя­нальнае напружанне таксама вялікае: ім пастаянна трэба вучыцца, нешта запамі­наць, вусна ці пісьмова паказваць свае веды… Пра тое, наколькі важна максімальна прымяняць здароўезберагальныя тэхналогіі, А.І.Грынчык задумалася, калі пачалі вучыцца ўласныя дзеці. Банальная гісторыя: у школе яны шмат часу праводзілі за партамі, дома — за сталом,  камп’ютарам ці гулялі з цацкамі на дыване.

— Задумалася аб тым, што я, настаўніца музыкі, магу зрабіць на сваім уроку, каб спрыяць захаванню і нават умацаванню, паляпшэнню здароўя вучняў, — гаво­рыць Алена Іванаўна. — Праблема не давала мне спакою і прымушала зноў і зноў даследаваць магчымасці свайго прадмета. Занялася дасканалым вывучэннем гэтай тэмы і паступова папаўняла сваю скарбонку рознымі тэхналогіямі і прыёмамі. Я і сама была здзіўлена тым, наколькі вялікі здароўезберагальны патэнцыял мае ўрок музыкі. Хаця многія фішкі можна паспяхова выкарыстоўваць і падчас выкладання іншых прадметаў.

Алена Іванаўна даўно пры­трымліваецца наступнай думкі: настаўнік часам можа зрабіць для здароўя сучаснага вучня больш, чым урач. І для гэтага зусім не трэба выконваць абавязкі медыцын­скага работніка замест сваіх. Варта працаваць так, каб навучанне ў школе не наносіла ўрону здароўю дзяцей!

Аналіз літаратуры па вывучэнні аздараўленчых магчымасцей музыкі як мастацтва і паступова ўсё большае прымяненне здароўезберагальных тэхналогій у працэсе навучання вучняў малодшага ўзросту далі настаўніцы ўпэўненасць: можна так арганізаваць дзейнасць на ўроку спеваў, каб былі створаны ўмовы для максімальнага захавання фізічнага і псіхічнага здароўя, а пры неабходнасці і для карэкцыі паводзін вучняў. Адна з надзённых задач, якую ставіць перад сабой Алена Іванаўна, — спрыяць раз­віццю музычных здольнасцей, ведаў і навыкаў, максімальна выкарыстоўваючы пры гэтым менавіта здароўезберагальныя тэхналогіі.

Алена Іванаўна пачынала з таго, што выяўляла праблемы захоўвання здароўя вучняў у адукацыйным працэсе, вывучала літаратуру і вопыт іншых педагогаў, спрабавала ўзбагачаць навінкамі свае ўрокі. Вынікам карпатлівай шматгадовай працы стала распрацоўка сістэмы навучання музыцы, якую настаўніца сёння рэалізуе. На кожным яе ўроку ёсць месца і вывучэнню новага матэрыялу, і творчасці, і выхаванню, і здароўезберагальным тэхналогіям.

Прафесійныя сакрэты

Асаблівую ўвагу А.І.Грынчык удзя­ляе станоўчаму, радаснаму стану вучняў: зняццю ўнутраных заціскаў, пачуцця страху, пастаноўцы дыхання, рухальнаму разнявольванню дзяцей. Вынікам гэтага становяцца добразычлівыя адносіны дзяцей адно да аднаго, іх адкрытасць і гатоўнасць успрымаць новае. Прыемна працаваць, калі ў дзяцей адчуваецца зацікаўле­насць, калі ўсе яны становяцца актыўнымі ўдзельнікамі ўрока.

— Звычайна ў мяне на ўроку адзін за адным мяняюцца 7—10 відаў дзейнасці, — расказвае Алена Іванаўна. — Хочацца, каб вучням было максімальна цікава, каб яны не сумавалі, маглі парухацца. Па вопыце ведаю: калі дзіця сядзіць склаўшы рукі, гэта значыць, што музыка праходзіць фонам міма яго, не кранаючы сэрца. Я імкнуся даць магчымасць кожнаму вучню хоць на хвіліну стаць музыкантам, кампазітарам, дырыжорам, выканаўцам, кампетэнтным слухачом, крытыкам, драматургам, мастаком.

Сярод здароўезберальных тэхналогій, без якіх А.І.Грынчык даўно не ўяўляе сваіх урокаў, — вакалатэрапія. Пасля заняткаў вакалатэрапіяй дыханне становіцца больш эканомным, а, як сцвярджаюць вучоныя, ад гэтага напрамую залежыць працаздольнасць чалавека. Напрыклад, пры выкананні вучнямі павольных песень вядзецца работа над падаўжэннем выдыху. Тым самым ствараюцца ўмовы для павелічэння аб’ёму лёгкіх і якаснай інтанацыі. Яшчэ адзін просты, але карысны для здароўя прыём — удых носам пры адкрытым роце, ці так званая актыўная паўза. Гэта выдатны рэлаксацыйны момант.

Адна з любімых тэхналогій А.І.Грынчык — тэрапія творчасцю. Выкарыстанне творчай дзейнасці на ўроках музыкі з’яўляецца адным з выдатных прыёмаў для паляпшэння псіхалагічнага стану вучняў. Тут фантазія настаўніка-метадыста, здаецца, не мае меж. Усе творчыя заданні дзеці прымаюць на ўра. З вялікай зацікаўленасцю спрабуюць ні многа ні мала напісаць уласную мелодыю, якая б адпавядала зададзенаму прыкладу. Такое заданне настаўніца дае ў індывідуальным парадку — і тады кожнаму дзіцяці важна агучыць сваю мелодыю. Магчыма і калектыўнае стварэнне музычных імправізацый (вакальных і рытмічных) на розныя тэмы: “Наш клас”, “Якое сёння надвор’е”  і г.д. У абодвух выпадках дзеці не проста займаюцца творчасцю, але і вучацца таму, што ўсе іх перажыванні могуць знайсці адлюстраванне ў музыцы, яна дапамагае і супако­іцца, і падбадзёрыцца.

Настаўніца з усмешкай узгадвае і пералічвае творчыя заданні, якія час ад часу прымяняе на сваіх уроках, і тое, як іх выконваюць яе вучні. Кожны раз яны праяў­ляюць крэатыўнасць, смеласць і заадно набіраюцца ўпэўненасці ў сабе, зараджаюцца станоўчай энергіяй. Так, яна прапанавала вучням дома ства­рыць уласныя музычныя інструменты. Пры гэтым дазвалялася выкарыстоў­ваць любыя падручныя матэрыялы. А ў выніку трэба было не толькі прадэманстраваць сваю вынаходку і прыдумаць ёй назву, але і пака­заць, як яна іграе. Гэта рэцэпт бяспройгрышнага ўрока! Усяму класу весела і цікава знаёміцца з наватарскімі інструментамі і абмяркоўваць іх. Некаторыя робяць іх са старых гадзіннікаў. Таксама бываюць вырабы з дрэва, грыба чагі… Пасля падобнай тэрапіі творчасцю ў дзяцей надоўга захоўва­юцца станоўчыя эмоцыі і ўспаміны! А што можа быць лепш!

— Усе творчыя заданні накіраваны менавіта на пашырэнне дыяпазону даступных вучню эмацыянальных перажыванняў, — дадае Алена Іванаўна. — Кожны праяўляе сваю індывідуальнасць і непаўторнасць. Да тэрапіі творчасцю адносяцца таксама напісанне вучнямі вершаў і апавяданняў, стварэнне масак і касцюмаў для спектакляў, калажаў. Усяму гэтаму час ад часу таксама знахо­джу месца на сваіх уроках.

Па вопыце Алены Іванаўны, з пазіцыі захоўвання здароўя вельмі эфектыўнымі з’яўляюцца маляванне пад музыку ці стварэнне мастацкага вобраза пасля праслухоўвання твора. Дзецям падаба­юцца творчыя конкурсы “Я малюю музыку”. Настаўніца не проста ўключае новы твор, перад гэтым яна абавязкова праводзіць папярэднюю работу. Спачатку расказвае пра кампазітара, і толькі потым надыходзіць час музыкі. Затым педагог просіць дзяцей намаляваць свае ўра­жанні. Абавязкова вядзецца абмеркаванне, аналіз таго, што атрымалася ў выніку. А працягам такіх урокаў становяцца выставы малюнкаў, напрыклад, пад назвамі “Музыка Шапэна” ці “Музыка Моцарта”.

У прафесійным арсенале А.І.Грын­чык яшчэ шмат тэхналогій, якія працуюць на карысць здароўю. Сярод іх важнае месца займаюць казкатэрапія і фальклорная арттэрапія. Яны дапамагаюць сфарміраваць моцную, жыццелюбівую, канкурэнтаздольную асобу. Гульні і пастаноўкі ствараюць атмасферу радасці, задаволенасці сваімі поспехамі. На ўроках школьнікі разам з Аленай Іванаўнай паказваюць пластычныя імправізацыі, ствараюць гульні-тэатралізацыі, ладзяць пастаноўкі дзіцячых опер і музычных казак. Усе гэтыя формы даюць вялікія магчымасці для душэўнага здароўя вучняў. Як правіла, нават тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія да гэтага баяліся публічных выступленняў, становяцца больш разняволенымі.

— Для таго каб ацаніць эфектыўнасць здароўезберагальных тэхналогій, мне не трэба глядзець медыцынскія карткі вучняў, —  падсумоўвае А.І.Грынчык. — Я бачу іх усмешкі, іх добры настрой як падчас, так і напрыканцы ўрока, зацікаўленасць і жаданне працаваць. Калі гучыць званок, яны здзіўляюцца таму, як непрыкметна праляцеў час!

Самаадданасць Алены Іванаўны, безумоўна, не магла застацца незаўважанай. З самага пачатку працоўнай дзейнасці яна стала ўдзельніцай розных конкурсаў прафесійнага майстэр­ства. Была пераможцай раённага і лаўрэатам абласнога этапу конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2014” у намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, фізічная культура і здароўе, чарчэнне і дапрызыўная падрыхтоўка”. З 2015 года з’яўляецца членам рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў выяў­ленчага мастацтва, музыкі, айчыннай і мастацкай сусветнай культуры Беларускага педагагічнага таварыства. Да таго ж паспявае яшчэ і быць удзельніцай фальклорнага калектыву “Юрась і паненкі”.

У Алены Іванаўны вельмі прыгожае, запамінальнае педагагічнае крэда, і гэта не проста словы. У іх — яе жыццё, напоўненае музыкай і любоўю да дзяцей. Крэда гучыць так: “Шукаць! Тварыць! Захоўваць! Любіць! Верыць!” Настаўніца расшыфроўвае: трэба шукаць і выкарыстоўваць новыя цікавыя методыкі, разам з вучнямі тварыць мастацтва. Захоўваць неабходна здароўе, даражэй за якое нічога няма! Любіць жа сваіх вучняў і верыць у іх, у тое, што школьны прадмет “Музыка” зробіць іх жыццё больш яркім і радасным!

Таццяна ШЫМКО.