На ўрок – у замак. Як у рабоце са школьнікамі з Міра выкарыстоўваюць багатую гістарычную спадчыну рэгіёна

- 13:00Образование

Ад “Захавальнікаў” да “Спадчыннікаў Перамогі”. Як сярэдняя школа Міра імя Г.І.Сташэўскай Карэліцкага раёна выкарыстоўвае ў рабоце з навучэнцамі багатую гістарычную спадчыну рэгіёна, высветліла карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Я павяду цябе ў музей…

Гарадскі пасёлак Мір пакінуў значны след у гісторыі нашай краіны, пачынаючы з часоў Вялікага Княс­тва Літоўскага. Яго асаблівая аўра, шматвяковая спадчына маюць багаты выхаваўчы патэнцыял для фарміравання маладога пакалення. Прыемна адзначыць, што ў сярэдняй школе Міра гэты рэсурс выкарыстоўваюць па максімуме.

З 2015 года школа мае статус рэсурснага цэнтра сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці па тэме “Педагогіка музейнай дзейнасці ў пашырэнні адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”. Рэалізавана некалькі інавацыйных праектаў па гэтым кірунку. 

— Музейна-педагагічная тэхналогія ўзбройвае настаўніка новымі эфектыўнымі метадамі навучання і выхавання. Гэта дапамагае рабіць жыццё дзяцей больш насычаным, цікавым, павышаць іх культурны ўзровень, развіваць інтэлект, дае ў рукі новы інструмент спазнання свету. Музейная педагогіка спрыяе выхаванню ў навучэнцаў пачуцця гордасці за сваю школу, шматвяковыя традыцыі роднага па­сёлка, гераічнае мінулае Рэс­публікі Беларусь, Радзіму і свой народ, — адзначае дырэктар установы адукацыі Таццяна Шап­лыка.

У школьных сценах працуюць два музеі — гісторыка-краязнаўчы і прысвечаны выбітнай асобе Ігнату Дамейку. Экспазіцыі багатыя, цікавыя, у іх нямала рарытэтаў, якія пабачыш далёка не ў кожным школьным зборы. Дзякуючы пастаяннай мэтанакіраванай рабоце настаў­нікаў і вучняў, фонды працягваюць папаўняцца, на сёння ў іх налічваецца больш за 2 тысячы прадметаў і экспанатаў. Музеі з’яўляюцца выдатнай базай для правя­дзення заняткаў па вучэбных прадметах, экскурсій, музейных гадзін. Абодва ўключаны ў спісы музеяў, якія рэкамендаваны для наведвання навучэнцамі Гро­дзенскай вобласці.

 Па словах Таццяны Ільінічны, тут прымяняюць дыферэнцыраваныя формы работы з рознымі групамі наведвальнікаў. Распрацаваны экскурсіі для выхаванцаў дзіцячага сада, навучэнцаў школ трох ступеней адукацыі, каледжаў, а таксама для дарослых людзей. Праводзяць іх як педагогі, так і  спецыяльна падрыхтаваныя для гэтага вучні. Ладзяцца нават тэатралізаваныя экскурсіі.

Творча падышлі ў школе і да тэматычнага афармлення кабінетаў. Так, кабінет гісторыі ўпрыгожаны вялізнымі выявамі рыцараў. А клас, дзе дзеці вывучаюць беларускую мову і літаратуру, уяўляе сабой каларытны этнаграфічны куток.

— Наш кабінет вучні і педагогі школы называюць утульнай беларускай хаткай. І справа тут не толькі ў мастацкім афармленні памяшкання. Усе экспанаты этнаграфічнага кутка дэманструюць матэ­рыяльную культуру Мірскага рэгіёна, — расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Смольская.

Школьнікі распрацавалі шэраг пешых і віртуальных экскурсійных маршрутаў па пасёлку Мір.

З маладым энтузіязмам 

Гісторыка-краязнаўчы аспект папулярны і ў рабоце школьных аб’яднанняў па інтарэсах. Так, удзельнікі фальклорнага клуба “Купалінка” ладзяць тэатралізаваныя народныя святы на аснове фальклорнага матэрыялу, сабранага на тэрыторыі Мірскага рэгіёна. А энтузіясты гістарычнага клуба “Захавальнікі” шукаюць і адкрываюць невядомыя старонкі гісторыі малой радзімы. 

— Мы ўмеем беражліва працаваць са старымі дакументамі, па дэталях вызначаць прыкладны час, калі былі зроблены фотаздымкі. На аснове сабраных матэрыялаў рыхтуем даследчыя праекты, стэндавыя даклады, распрацоўваем пешыя і віртуальныя турыстычныя маршруты. Прапагандуем турыстычную прывабнасць нашага пасёлка, — паведамляе адзін  з удзельнікаў клуба “Захавальнікі” Раман Сачук.

Так, нядаўна юныя края­знаўцы рэалізавалі праект “Паралелі гісторыі”. Яны адабралі фотавыявы гістарычных будынкаў пасёлка і зрабілі іх сучасныя здымкі з тых жа ракурсаў. У другім сваім праекце “Страчаная спадчына” расказалі аб пабудовах, якія не захаваліся да нашага часу. Ахвотна рэалізуюць вучні праекты, прысвечаныя сямейнай гісторыі — “Мой прадзед быў на вайне”, “Тайны сямейных альбомаў”, “Гісторыя маёй сям’і”. 

Чырвонай ніткай прахо­дзіць тэма гісторыі і праз летні адпачынак. Кожныя  канікулы на базе школы працуе прышкольны дзіцячы лагер “Спадчыннікі Перамогі” для вучняў 1—5 класаў. А навучэнцаў больш старэйшага ўзросту запрашаюць у палатачны лагер “Патрыёт” на беразе возера Свіцязь, праграма якога заўсёды ўключае экскурсійна-пазнавальныя паходы па гіста­рычных мясцінах

 

На ўрок — у Мірскі замак

Найбольш плённае супрацоўніцтва звязвае школу з жамчужынай Міршчыны і ўсёй Беларусі замкавым комплексам “Мір”. 

— Мы выкарыстоўваем музейную прастору замка ў адукацыйных мэтах і ў выхаваўчай рабоце. Абпрацаваўшы праграмы па гісторыі, вызначыліся, што комплекс можа нам даць у плане музейных урокаў і экскурсій. Яго супрацоўнікі ахвотна пайшлі нам насустрач, за што мы вельмі ўдзячны ім, — заўважае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца гісторыі Інеса Пастухова.

У Мірскім замку ладзяцца такія цікавыя музейныя ўрокі, што абыякавым не застаецца ні адзін вучань. Так, падчас заняткаў, прысвечаных вывучэнню ваеннай справы ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзеці не толькі даведваюцца, як і з каго фарміравалася войска, але і могуць на свае вочы пабачыць зброю таго часу, прыме­раць рыцарскія даспехі. Спа­знаць культуру далёкай эпохі дапамагае, у прыватнасці, вывучэнне кафлянай пліткі, якая ўпрыгожвае замкавыя пакоі. Дзеці могуць паўдзельнічаць у стварэнні такіх плітак і папрактыкавацца ў іх размалёўванні. Таксама яны развучваюць старажытныя танцы, гату­юць стравы па княжацкіх рэцэптах. І шмат іншых цікавых рэчаў ім тут прапануюць.

Рыхтуючы рэфераты і даклады, навучэнцы маюць магчымасць працаваць з першакрыніцамі, якія захоў­ваюцца ў музейных фондах. Яны з ахвотай ўдзельніча­юць у навукова-практычных канферэнцыях, якія ладзяцца ў замку, і іншых мерапрыемствах. Да 200-годдзя бітвы пад Мірам падчас вайны 1812 года дзеці стварылі серыю тэматычных малюнкаў, якая экспанавалася ў замкавым комплексе.

Шляхамі Перамогі

Як было адзначана вы­шэй, багатая гісторыя пасёлка дае прастору для работы з дзецьмі на матэрыяле самых розных эпох. Але падзеям Вялікай Айчыннай вайны ўдзяляецца асаблівая ўвага. Установа адукацыі носіць імя Ганны Іванаўны Сташэўскай — перадваеннага дырэктара школы, былой удзельніцы руху за далучэнне Заходняй Беларусі да СССР, якая была расстраляна як савецкая актывістка ля сцен Мірскага замка 28 чэрвеня 1941 года. У школьным гісторыка-края­знаўчым музеі ёй прысвечаны асобны стэнд, а на двары ўстаноўлены помнік.

Усе школьнікі ведаюць, колькі трагедый перажыла іх малая радзіма падчас фа­шысцкай акупацыі. Варожы рэжым бязлітасна знішчаў мясцовых жыхароў. У сценах Мірскага замка было створана яўрэйскае гета. Літаральна праз некалькі месяцаў тыя, хто трапіў за яго калючы дрот, былі забіты. Аб гэтай і іншых трагічных падзеях вайны дзеці даведваюцца дзякуючы тэматычным экспазіцыям, размешчаным у школьным калідоры, гісторыка-краязнаўчым музеі, а таксама ў Мірскім замку.

Штогод музеі мірскай школы прымаюць каля тысячы наведвальнікаў.

Зберагаюць вучні і па­мяць аб суайчынніках, якія змагаліся з ворагам і набліжалі Перамогу. Дзеці вя­дуць пошукавую дзей­насць па ўстанаўленні імён воінаў, якія загінулі на іх зямлі, збіраюць інфармацыю аб героях, чые імёны ўвекавечаны на помніках Міршчыны, а таксама аб земляках — удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. Так, атрымалася ўстанавіць імя яшчэ аднаго байца, радавога Маторына, які загінуў у баі за пасёлак 26 чэрвеня 1941 года. Зараз вядзецца работа над тым, каб занесці яго імя на мемарыяльную дошку на помніку загінуўшым воінам.

Педагогі школы імкнуцца рабіць усё магчымае, каб памяць аб Вялікай Айчыннай вайне пасялілася ў сэрцы кожнага дзіцяці, каб яны ведалі і зберагалі праўду аб ёй. Ужываюцца як традыцыйныя, так і сучасныя фарматы работы. 

Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА