На ўсе 100!

- 13:01Навіны рэгіёнаў

На запаветныя 100 балаў сёлета здалі цэнтралізаванае тэсціраванне 57 жыхароў Гомельшчыны. Дарэчы, пяць з іх — выпускнікі мінулых гадоў, у тым ліку настаўнікі. Абсалютная большасць — тыя, хто стане студэнтамі розных устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі ўжо ў верасні.

Выпускніца хойніцкай сярэдняй школы № 3 Вераніка Гарбар і яе настаўніца біялогіі Ганна Даніленка.

Як расказала прарэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко, віншаванні сёння атрымліваюць не толькі падлеткі, але і іх настаўнікі, бацькі і ўстановы сярэдняй адукацыі, якія зрабілі вялікі ўклад у падрыхтоўку выдатных вучняў.

Алена Башылава сама некалі скончыла гімназію № 10 Гомеля, а цяпер выкладае тут гісторыю і грамадазнаўства. У гэтым годзе тры яе выпускнікі па грамадазнаўстве атрымалі па 100 балаў і а­дзін — 99. Настаўніца з вялікім вопытам работы ўпэўнена, што такі вынік дасягнуты агульнымі намаганнямі:

— Не можа адзін чалавек падрыхтавац­ь на такім узроўні. У нашай гімназіі існуе агульны дух, па сутнасці, мы — адна вялікая сям’я: дзеці, бацькі і настаўнікі. У нас добры мікраклімат, які спрыяе раскрыццю творчага патэнцыялу. Тут хочацца самарэалізоўвацца, увасабляць свае ідэі. Прычым такія традыцыі існуюць дзясяткі гадоў і перадаюцца наступным пакаленням.

Пра сваіх стабальнікаў Алена Мікалаеўна расказвае з гонарам. Дар’я Хру­шчова, напрыклад, выдатніца і залатая медалістка:

— Даша — лідар гімназічнага самакіравання. Яркая асоба, салістка калектыву класічнага танца “Натхненне”. У нас ёсць клуб “Храм маёй душы”, якім я кірую. Яна — адна з актрыс гэтага клуба. Даша таксама была ўдзельніцай агітбрыгады “Простыя ісціны” і тэатра “Каскад”. Цяпер наша Даша стала студэнткай БДУ, будзе вучыцца на факультэце міжнародных адносін па спецыяльнасці “Міжнароднае права”.

Яшчэ адзін стабальнік Алены Башылавай — Андрэй Піневіч — алімпіяднік па англійскай мове. Сёння юнак таксама ўжо залічаны ў БДУ на факультэт міжнародных адносін на спецыяльнасць “Міжнародныя адносіны”. Хлопец паступова ўвасабляе мару жыцця: вельмі хоча стаць дыпламатам. І цяпер ён на прамым шляху да яе з­дзяйснення.

— Між тым у гімназіі ён быў членам клуба “Храм маёй душы” і вядучым акцёрам нашага англійскага тэатра, — працягвае аповед пра сваіх лепшых вучняў Алена Мікалаеўна. — Юнак мае актыўную грама­дзянскую пазіцыю. Ведаеце, гэта тыя дзеці, якія прывыклі працаваць, імкнуцца, ставіць мэты і іх дасягаць… Вось і Дар’я Носка — яна пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. У дзяўчыны была абсалютная перамога на абласной алімпіядзе, і яна атрымала адпаведны сертыфікат па яе выніках. Дар’я заваявала дыплом ІІ ступені на заключным, рэспубліканскім этапе. Між тым яна вырашыла яшчэ раз праверыць сябе на ЦТ па грамадазнаўстве і атрымала 100 балаў. Прынамсі, менавіта Даша знайшла памылку ў тэсце. Даша напісала ў пратаколе пра тое, што ёсць памылка ў першым варыянце заданняў. РІКВ потым пацвердзіў, што гэта так.

Алена Башылава гаворыць, што дзяўчына была апантаная паступленнем у БДУ на факультэт міжнародных адносін. Даша Носка, якая была залічана па-за конкурсам, выбрала спецыяльнасць “Лінгвакраязнаўства”.

З вучаніц Алены Башылавай толькі а­дзін бал да “сотні” не дабрала Ліна Басякова. Між тым гэта не перашкодзіла ёй стаць студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дзяўчына паступіла на факультэт філасофіі і сацыяльных камунікацый на спецыяльнасць “Сацыяльныя камунікацыі”.

— Каб здаць грамадазнаўства, дзеці павінны мець вельмі шырокі кругагляд. Трэба веданне сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, беларускай і рускай літаратур і моў. Да таго ж яны ўсе бліскуча здалі і іншыя прадметы, — расказвае Алена Мікалаеўна, — таму паступілі на бюджэт. Гэта дзеці высокаматываваныя. У гімназіі ёсць сістэма работы з такімі дзецьмі. Мы іх развіваем, уключаем у розныя інтэлектуальныя праекты. Яны ўдзельнікі розных чытанняў, дзейнасці навуковага таварыства “Свабодны выбар”. У гэтых дзяцей фарміруюцца агульнавучэбныя кампетэнцыі на працягу многіх гадоў. Таму школьнікі былі падрыхтаваны да такога выніку. Іх дасягненні — работа ўсяго школьнага калектыву.

Дарэчы, на Гомельшчыне адзінаццаць чалавек атрымалі “сотню” па грамадазнаўстве. Больш толькі па беларускай мове — шаснаццаць стабальных сертыфікатаў у школьнікаў з Ельска, Кармы, Лельчыц, Лоева, Мазыра, Светлагорска, Хойнікаў і Гомеля.

Двух стабальнікаў падрыхтавала настаўніца сярэдняй школы № 10 Светлагорска Людміла Грыцкова. Выкладчыца з трыццацігадовым стажам гаворыць, што любая перамога — гэта, канечне, сур’ёзная праца:

— Калі любіш работу, атрымліваюцца станоўчыя вынікі і перамогі. Самаадукацыя настаўніка, добрасумленныя адносіны да сваёй работы плюс вялікае жаданне і імкненне вучня спасцігнуць глыбіню ведаў па прадмеце даюць такія добрыя вынікі.

Людміла Анатольеўна выкладала беларускую мову ў сваіх стабальнікаў з 5 класа. Пра сістэму работы гаворыць, што заўсёды імкнецца паглыблена даваць любое правіла:

— Я не люблю, калі напалову. Рабіць дык рабіць — ці не брацца зусім. Я сама раблю тэставыя заданні. Прычым значна цяжэйшыя, чым даюцца на тэсціраванні. Гэта тэматычныя тэсты, але перад гэтым мы паглыблена вывучаем правілы. Канечне, важнае жаданне дзяцей плюс дысцыпліна. Я нагадваю, што кожны бал летам — на вагу золата. Вялікую ролю адыгрывае тая прафесія, якую выбраў, бо вучыцца таму, да чаго не ляжыць душа, таму што не хапіла балаў, не вельмі прыемна. Кажу дзецям: “Імкніцеся, каб былі высокія балы, і тады ў вас больш шансаў паступіць туды, куды хочацца, і вучыцца бясплатна. І работа потым будзе любімай”.

Пра сваіх стабальніц Лізу Шуст і Тоню Бычкову яна гаворыць так: “мае школьныя дочачкі”. Калі ўспамінае іх, голас цяплее:

— Разумніцы мае. Яны да рэпетытараў не хадзілі. Гаварылі: “Нам вас хапае па поўнай”. Лізавета Шуст — старанная дзяўчына, адказная і працавітая. Ліза прымала ўдзел у інтэрнэт-алімпіядах па беларускай мове, была сярод пераможцаў. Ёсць абласны конкурс “Гавары са мной па-беларуску”, Ліза прымала ўдзел і ў ім. Яны дзеці актыўныя і ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах. У іх увогуле рознабаковыя інтарэсы. У нашай школе праходзіць шмат разнастайных мерапрыем­стваў, у тым ліку тыдні беларускай мовы. Яны заўсёды прымалі ўдзел у творчай рабоце. Тоня Бычкова таксама вельмі старанная. Мне падабалася, як яны пішуць водгукі. Водгук напісаць складана: трэба паказаць уласныя думкі і ўкласці душу. Тоня і Ліза могуць гэта рабіць: знайсці адметнасць, убачыць у звычайным, простым нешта велічнае, незвычайнае і ўзнёсла гэта падаць. На гэта працуе ў тым ліку іх багаты лексічны запас.

Стабальніца і вучаніца Людмілы Грыцковай Лізавета Шуст з агульным 381 балам ужо залічана, як і марыла, на спецыяльнасць “Перакладчык” факультэта міжнародных бізнес-камунікацый Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта:

— На ЦТ, я лічу, заўсёды ёсць пэўная доля ўдачы, бо ты не ведаеш, які варыянт трапіць. Можа, нешта занадта складанае. Але я думаю, што справілася б і з іншымі варыянтамі таксама. Было некалькі заданняў, калі не ведала адказу дакладна. Тады было страшнавата, але сабралася з думкамі, успомніла, што расказвала па тэме настаўніца — правільны адказ прыйшоў у галаву. Напэўна, Людміла Анатольеўна — самы лепшы настаўнік, які ў мяне быў. Так, як яна выкладвалася з намі на ўроках, не працаваў ніхто. На агульны вынік мы працавалі разам. Яе работу з намі проста нельга пераацаніць.

Стабальніцы па беларускай мове Тоні Бычковай, якая ўсяго набрала 348 балаў, не хапіла аднаго, каб бясплатна вучыцца на правізара-фармацэўта ў Віцебскім медыцынскім універсітэце. Але здраджвац­ь мары яна не збіраецца. Гаворыць, што пойдзе вучыцца туды ж платна:

— Мае 100 балаў па беларускай мове — агульная наша праца. Гэта вынік намаганняў як маіх, так і выкладчыка. Удача таксама важная. Я, калі рашала тэсты, была цалкам упэўнена ў адказах. Людміла Анатольеўна не толькі дала нам глыбокія веды па прадмеце, але і многа розных урокаў жыцця. Яна нас падрыхтавала не толькі да паступлення. Яна вучыла, як прымаць рашэнні ў жыцці ўвогуле. Пры разборы літаратурных твораў мы разважалі над тым, якія падзеі ўплываюць на герояў, чаму трэба думаць, перш чым з­дзяйсняць нейкія ўчынкі.

Сама Людміла Анатольеўна згаджаецца, што ўрокі беларускай літаратуры — гэта важныя ўрокі, якія дапамагаюць вызначыць жыццёвыя прыярытэты:

— Літаратура вучыць быць чалавекам. Мне здаецца, я крыху навучыла сваіх вучняў любіць жыццё, заўважаць у ім прыгажосць. Яны дакладна ўлюбіліся ў беларускую мову.

Між тым яшчэ адзін вучань Людмілы Грыцковай — Ігар Баранаў — яе сёлета вельмі ўразіў. Хлопец набраў па беларускай мове 99 балаў. Пры гэтым, успамінае настаўніца, у 9 класе па гэтым прадмеце ў яго была “шасцёрка” за год:

— Калі ад Тоні і Лізы я чакала высокіх вынікаў, то Ігар сапраўды здзівіў. Ігар сам выбраў здаваць беларускую мову. Хлопец мае тэхнічны склад розуму, ён вельмі стараўся і ўрэшце набраў 345 балаў. Яму гэтага хапіла, каб паступіць у БНТУ.

— Я туды вельмі хацеў паступіць, — пацвярджае Ігар Баранаў. — Буду вучыцца бясплатна на энергетычным факультэце на інжынера-энергетыка. Мае 99 балаў па беларускай — гэта вельмі крута. Сам не думаў, што магу так выдатна напісац­ь тэст. Разлічваў балаў на 90. На тэсціраванні дастаткова ўпэўнена сябе адчуваў, але ж некаторыя заданні выклікалі цяжкасць. На адным заданні я разгубіўся — гэта была дакладна не выпадковасць, а мая памылка. Што тычыцца работы маёй выкладчыцы беларускай мовы Людмілы Анатольеўны, то яе праца — асноўны ўклад у мой поспех. Калі б не яна — я так добра тэст не здаў бы. Яна дала мне вельмі глыбокія веды. Да таго ж яна чалавек з гумарам, што вельмі важна падчас школьных урокаў.

На самым поўдні нашай краіны, у хойніцкай сярэдняй школе № 3, вучылася дзяўчынка, якая адзіная на Гомельшчыне сёлета атрымала два сертыфікаты па 100 балаў. У круглай выдатніцы Веранікі Гарбар “сотня” не толькі па беларускай мове, але і па біялогіі. Хімію яна здала на 91 бал, што дазволіла хутка зразумець: яна праходзіць на спецыяльнасць, пра якую марыла апошнія гады. Вераніка — ужо студэнтка стаматалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

— Я займалася ў профільным класе ў школе на ўроках і на факультатывах. Ніякіх рэпетытараў не было. Дарэчы, у нас на факультатывах давалі ўсю тэарэтычную базу і рашалі розныя тэсты. Мне цікава рашаць складаныя задачы — я заўсёды бяруся ў першую чаргу за цяжкія заданні. Два гады назад вырашыла, куды хачу паступаць, таму мэтанакіравана рыхтавалася толькі ў медыцынскі. Не вельмі складана было вучыцца ў школе, тым больш што выкладчыкі заўсёды мне дапамагалі — у тым ліку настаўніцы беларускай мовы Святлана Васільеўна Анісенка і біялогіі Ганна Аляксандраўна Даніленка. Я ніколі не прагульвала ўрокаў, таму было лёгка вучыцца. Мне было аднолькава цікава і проста вучыцца па ўсіх прадметах. У алімпіядах я не ў­дзельнічала апошнія гады: рыхтавалася толькі да тэсціравання.

Ганна Даніленка, класны кіраўнік і настаўніца біялогіі, якая падрыхтавала Вераніку Гарбар, гаворыць, што займалася з дзяўчынай з 7 класа:

— Дзяўчынка вельмі мэтанакіраваная і адказная. Яна рана, пасля 9 класа, вызначыла для сябе медыцынскі кірунак і ўпарта ішла да мэты. У Веранікі добрая памяць, яна вельмі працавітая. Да здачы ЦТ рыхтавалася апантана. У нашай школе быў сфарміраваны профільны клас з паглыбленым выкладаннем хіміі і біялогіі. У нас былі заняткі ў школе і міжшкольныя факультатывы. Ніколі не было такога, каб яна не прыйшла. Пасля таго як дзеці здалі экзамены, у нас былі дадатковыя заняткі, прысвечаныя падрыхтоўцы да ЦТ. Акрамя таго, я праводзіла для школьнікаў кансультацыі. Вераніка заўсёды старанна разбірала кожнае пытанне, удакладняла кожны нюанс, вельмі паглыблялася ў тэму. Вучоба ў яе заўсёды была на першым месцы. Для мяне яе 100 балаў — не сюрпрыз, а заканамернасць. Дарэчы, многія дзеці ў нашай школе набралі вельмі высокія балы па біялогіі, але толькі Вераніка на тэсціраванні была цалкам сканцэнтраваная і не дапусціла ніводнай памылкі.

Між тым біялогія на Гомельшчыне на трэцім месцы па колькасці стабальных сертыфікатаў: восем вучняў паказалі на цэнтралізаваным тэсціраванні найвышэйшыя вынікі.

— Трэба ўзгадаць яшчэ адну ўстанову Гомельскай вобласці, якая сёлета падрыхтавала адразу чатыры выпускнікі са стабальнымі сертыфікатамі, — адзначае начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Наталля Сапрыка. — Вучні Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя зноў праславілі сваю ўстанову. Гэта Марыя Семчанка і Данііл Казімірскі. Беларускай мове іх вучыла Алена Шынгірэй. Па біялогіі, якую выкладае Святлана Бісева, тут “сотня” ў Аліны Саракалетавай. Настаўнік грамадазнаў­ства Юрый Русакевіч падрыхтаваў Юлію Новік. Віншуем усіх!

Ірына АСТАШКЕВІЧ.