На ўсе педагагічныя павевы рэагуюць мабільна

Адукацыйна-выхаваўчая сфера Наваполацка традыцыйна багатая на розныя падзеі і мерапрыемствы. Педагагічная грамадскаць гэтага горада мабільна рэагуе на ўсе новыя педагагічныя павевы і дасягае добрых вынікаў. Так і цяпер двое наваполацкіх педагогаў абараняюць гонар адукацыйнай сістэмы на заключным этапе конкурсу ”Настаўнік года”. Таму сённяшняя размова з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта Пятром Адамавічам АПАНОВІЧАМ прысвечана бягучым пытанням адукацыйна-выхаваўчай сістэмы горада.

— Пачнём з самага актуальнага. Дзве прадстаўніцы Наваполацка змагаюцца за перамогу ў конкурсе “Настаўнік года”. Хварэеце за сваіх?

— Канечне, прычым усім горадам. У гарадскім этапе конкурсу прынялі ўдзел 73 педагогі ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. З сямі ўдзельнікаў абласнога этапу чатыры выйшлі ў фінал і выступілі вельмі годна: настаўнік матэматыкі гімназіі № 1 Ю.А.Бышавец і настаўніца музыкі сярэдняй школы № 12 В.У.Воўчанка сталі лаўрэатамі ІІ ступені.

А настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Наваполацка А.М.Бараўкова і настаўніца беларускай мовы сярэдняй школы № 15 Наваполацка С.Л.Румянцава перамаглі ў сваіх прадметных намінацыях і цяпер прымаюць удзел у заключным этапе конкурсу ў складзе каманды Віцебскай вобласці. Гэта дазваляе гаварыць пра высокі ўзровень сфарміраванасці і эфектыўнасці метадычнага забеспячэння як ва ўстановах адукацыі, так і на ўзроўні горада.

— Верасень заканчваецца, настаўнікі і вучні, напэўна, ужо ўцягнуліся ў работу і ацанілі свае абноўленыя навучальныя ўстановы?

— Так. Ва ўстановах адукацыі горада была праведзена мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы да 2017/2018 навучальнага года. Калі гаварыць мовай лічбаў, то на падрыхтоўку ўстаноў са сродкаў гарадскога бюджэту выдаткавана 363 тысячы рублёў. Адрамантаваны сістэмы ацяплення, водазабеспячэння, электразабеспячэння, дахавага пакрыцця, набыта халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне на суму 9600 рублёў.

У сувязі з гэтым хочацца выказаць шчырыя словы ўдзячнасці Наваполацкаму гарадскому камітэту і асабіста старшыні Дзмітрыю Уладзіміравічу Дзямідаву за асаблівую ўвагу да сістэмы адукацыі, за аказаную дапамогу і падтрымку ў падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года.

Вялікая работа праведзена самімі ўстановамі за кошт прыцягнутых сродкаў — спонсарскіх, шэфскіх, папячыцельскіх, ад дзейнасці, якая прыносіць даходы. Штогод значны аб’ём рамонтных работ выконваецца ўстановамі адукацыі, уклад уносяць таксама бацькі выхаванцаў і навучэнцаў. Практычна ўсе касметычныя рамонты ўнутраных памяшканняў устаноў, добраўпарадкаванне тэрыторый выкананы сіламі работнікаў школ і дзіцячых садкоў. Па праведзеных разліках усе работы ацэньваюцца ў памеры больш за 205 тысяч рублёў.

— Раскажыце пра арганізацыйныя і змястоўна-метадычныя адметнасці новага навучальнага года. У вас праблемных момантаў не ўзнікала?

— Новы навучальны год для сiстэмы агульнай сярэдняй адукацыі прынёс змены, абумоўленыя абнаўленнем вучэбных праграм па ўсіх прадметах, змяненнем зместу агульнай сярэдняй адукацыі з улікам міжпрадметных сувязей і практыка-арыентаванай накіраванасцю, укараненнем вучэбных дапаможнікаў новага пакалення, распрацаваных у адпаведнасці з абноўленымі вучэбнымі праграмамі.

З 1 верасня заняткі ў школах з адназменным рэжымам работы пачынаюцца ў 9.00, з двухзменным — у 8.30, усе дадатковыя заняткі праводзяцца пасля ўрокаў, у тым ліку ў шосты школьны дзень. У кожнай установе арганізавана работа дзяжурных груп, якія пачынаюць працаваць не пазней за 7.30.

Мы яшчэ раз звярнулі ўвагу педагогаў на тое, што асноўны вучэбны матэрыял павінен быць засвоены вучнямі на ўроку. Галоўная функцыя дамашняга задання — замацаванне ведаў і ўменняў. Для дамашняга задання можа прапаноўвацца толькі матэрыял, пройдзены на вучэбных занятках, заданні павышанага ўзроўню складанасці навучэнцы могуць выконваць толькі па іх жаданні. Аб’ём дамашняй работы павінен адпавядаць санітарным нормам з улікам аб’ёму па іншых вучэбных прадметах і магчымасцю выканання заданняў па ўсіх прадметах.

— Новы навучальны год пакуль толькі набірае абароты, таму раскажыце, калі ласка, як завяршыўся мінулы.

— Найперш хочацца адзначыць, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі горада вучацца 9100 дзяцей. Для параўнання: пяць гадоў назад у школах займаліся 8740 чалавек. І нас вельмі радуюць сённяшнія лічбы. Стабільная работа сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі дазволіла забяспечыць якасць навучання і павысіць асноўныя паказчыкі паспяховасці дзяцей у параўнанні з мінулым годам. Сярэдні бал навучэнцаў па горадзе склаў 7,7. Ахоп профільным навучаннем — 76% (сярэдні паказчык па вобласці — 57,8%). 49 выпускнікоў скончылі школу з залатым і сярэбраным медалямі.

Па выніках мінулага навучальнага года 85% выпускнікоў профільных класаў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, прычым 70% працягваюць навучанне па выбраным профілі. Адбыўся выпуск першых у горадзе педагагічных класаў у сярэдніх школах №№ 1 і 15.

У сярэднім па Наваполацку паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы складае 76%. Усё гэта сведчыць аб эфектыўнасці прафарыентацыі і адбору вучняў у 10 класы.

У 2016/2017 навучальным годзе адзначыліся пазітыўныя зрухі ў рабоце з адоранымі навучэнцамі: па выніках выступлення наваполацкіх школьнікаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды заваявана 8 дыпломаў (у 2016 годзе — толькі 4), на абласным этапе — 47 (у 2016 годзе — 45). Згодна з рашэннем Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, усім установам, якія падрыхтавалі пераможцаў заключнага этапу алімпіяды, выдзелены сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. 12 тысяч рублёў атрымалі сярэдняя школа № 7, гімназія № 2 і ліцэй Наваполацка. Яны набылі сродкі навучання ў кабінеты біялогіі, гісторыі, рускай мовы.

— Напрыканцы не магу не спыніцца на шостым школьным дні.

— У горадзе назапашаны багаты вопыт праектнай дзейнасці ў шосты школьны дзень. Сучасная школа павінна імкнуцца быць цэнтрам вольнага часу, для гэтага ў яе ёсць і матэрыяльныя, і метадычныя рэсурсы. Супрацоўніцтва школ і Палаца дзяцей і моладзі, фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі дазваляе актыўна выкарыстоўваць магчымасці ўстаноў для павышэння якасці арганізацыі шостага школьнага дня.

Абавязковым кірункам работы ў шосты школьны дзень стала прафарыентацыйная работа. З 2016 года паспяхова рэалізуецца сумесны з Полацкім дзяржаўным універсітэтам праект “Абітурыент — універсітэт — наймальнік: разам да поспеху!”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *