На ўскраіне Запруд…

- 16:01Год гістарычнай памяці

Крыніца “Богаяўленская” знаходзіцца на паўночным захадзе вёскі Запруды Кобрынскага раёна на тэрыторыі праваслаўнага храма.

Ля крыніцы сіламі і стараннямі мясцовага жыхара Дамброўскага добраўпарадкавана тэрыторыя, пастаўлены праваслаўны крыж, капліца, крынічны калодзеж, купель. Вада ў крыніцы чыстая, празрыстая, вельмі халодная. 17 студзеня 2005 года крыніца і капліца ў гонар Богаяўлення Гасподняга былі асвечаны Праасвяшчэнным епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам. Аб гэтым сведчыць надпіс на мемарыяльнай дошцы памятнага каменя, усталяванага ў крынічным комплексе. Святкаванне здзяйсняецца тут на свята Богаяўлення Гасподняга 19 студзеня. Побач з крыніцай знаходзіцца царква ў гонар Божай Маці.

Вёска Запруды мае яшчэ адну славутасць: помнік даўніны, які датуецца XIV—XVI стст. Тэрыторыя, дзе зараз знаходзіцца Запрудская базавая школа, што за 200 м ад крыніцы, уяўляе сабой былое старажытнае замчышча. Пляцоўка прамавугольнай формы мае двайную сістэму валоў і равоў. На верхавінах валоў некалі стаялі драўляныя ўмацаванні, хутчэй за ўсё — частакол. Акрамя таго, захаваўся старадаўні парк былой сядзібы памешчыка Меера.

Алена ХАРАШЭВІЧ. 
Фота аўтара.