На варце інтарэсаў Беларусі

Віцебскае кадэцкае вучылішча адзначыла сваё 10-годдзе

З моманту яго заснавання навучэнцы і выпускнікі не здраджваюць слаўнаму дэвізу “Жыццё — Айчыне! Гонар— нікому!”. За гэты час са сцен вучылішча ў Лужасне выйшлі амаль 700 юнакоў і дзяўчат, у тым ліку 15 залатых медалістаў; 63 працэнты выпускнікоў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, якія гарантуюць нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь. Першасныя веды і навыкі будучым афіцэрам Узброеных Сіл, органаў унутраных спраў і МНС, пагранічнай службы, Следчага камітэта, унутраных войскаў і іншых сілавых структур перадаюць афіцэры запасу. 

Па словах дырэктара вучылішча Сяргея Лагвіненкі, праведзеная дзесяцігоддзе назад рэарганізацыя Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці і пераход яе ў сістэму кадэцкай адукацыі краіны дазволілі эфектыўна задзейнічаць інавацыйны вопыт педагагічнага калектыву і матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, павысіць узровень патрыятычнага выхавання і фізічнай культуры навучэнцаў пры захаванні якаснай падрыхтоўкі па агульнаадукацыйных прадметах. Акрамя іх, у раскладзе пазначаны стральба, рукапашны бой, парашутны спорт, крыміналістыка. Заняткі праходзяць у сучасных вучэбных кабінетах і лабараторыях. Да паслуг кадэтаў і педагогаў — класы для самападрыхтоўкі, камфартабельны інтэрнат, бібліятэка з кніжным і мультымедыйным фондамі, спарткомплекс з басейнам, гандбольнай і трэнажорнай заламі, выдатныя стадыён, цір, страявы пляц, танцавальная зала, нават фірменнае “кадэцкае кафэ”. Навучэнцы актыўна ­ўдзельнічаюць у грамадскім і культурным жыцці рэгіёна і краіны, у патрыятычных, пошукавых, дабрачынных ініцыятывах і праектах. Творчыя таленты маладых людзей таксама раскрываюцца і ўсебакова развіваюцца, напрыклад: яны вывучаюць бальныя танцы, прадстаўнікі вучылішча паспяхова выступаюць на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных песенных конкурсах і фестывалях. Сёлета ўсе выпускнікі вучылішча ўжо з’яўляюцца студэнтамі, у тым ліку 67 працэнтаў з іх — профільных устаноў вышэйшай адукацыі. 

— Тут выхоўваюць сапраўдных патрыётаў нашай Радзімы, — даў высокую ацэнку рабоце педагагічнага калектыву старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. — Юнакі і дзяўчаты свядома ідуць у гэтую ўстанову, выразна разумеючы, што яны будуць знаходзіцца на варце інтарэсаў нашай Радзімы, абараняць яе рубяжы і канстытуцыйны лад, садзейнічаць далейшаму росквіту і міру ў грамадстве.

Разам з кіраўніком абласнога дэпутацкага корпуса павіншаваць юбіляраў прыйшлі старшыні Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч і Рэспубліканскага савета Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў Сяргей Жыціхін, прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама — начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Дзмітрый Хома і першы намеснік начальніка УУС Аляксей Шаховіч, ваенны камісар Віцебскай вобласці Руслан Шкодзін, намеснікі начальнікаў упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Вячаслаў Скрыцкі і Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Маркевіч, камандзіры 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Аляксей Ялфімаў і 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь Аляксей Кулік, кіраўнікі абласных арганізацый і арганізацыйных структур ДТСААФ Васіль Корабаў, Беларускага саюза афіцэраў Сяргей Дзянісаў, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр’ян Мацкевіч, выпускнікі розных гадоў. Лепшым работнікам вучылішча ў ходзе ўрачыстасці ўручылі ганаровыя граматы і падзякі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, Віцебскага абласнога і раённага выканаўчых камі­тэтаў. Навучэнцы на свой першы юбілей падарылі гасцям “Кадэцкі вальс”. У святочнай канцэртнай праграме прынялі ўдзел група “103 рэгіён” і ансамбль “Паўночны Захад”, салісты і танцавальны калектыў вучылішча. Кульмінацыйным момантам стала адкрыццё абноўленых спартыўных аб’ектаў са штучным пакрыццём: футбольнага поля, пляцоўкі для заняткаў валейболам, бегавых дарожак.

— Нам 10 гадоў. Гэта важны адрэзак у жыцці калектыву, калі фарміруюцца асновы, закладваюцца традыцыі, набываюцца сябры і партнёры, — адзначыў Сяргей Лагвіненка. — Створаны імідж Віцебскага кадэцкага вучылішча як канкурэнтаздольнай, творчай установы адукацыі. Мы заўсёды на перадавых пазіцыях, з’яўляемся лепшым кадэцкім вучылішчам у рэспубліцы, неаднойчы пацвярджалі гэтае высокае званне. Юбілей — гэта падвядзенне вынікаў, але не завяршэнне шляху, а пачатак новай дарогі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.