На варце міру і спакою

Узброеныя сілы ахоўваюць тэрыторыю нашай краіны і забяспечваюць мірнае жыццё. 100-гадовы юбілей Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь — выдатная нагода выказаць павагу героям мінулых гадоў і афіцэрам сучаснай Беларусі. У Вераб’евіцкім дзіцячым садзе — базавай школе Навагрудскага раёна на працягу месяца запланаваны і праводзяцца ўрокі мужнасці, сустрэчы з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, воінамі-інтэрнацыяналістамі, ветэранамі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Рыхтуецца канцэртная праграма строю і песні, прысвечаная Дню абаронцаў Айчыны і 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

20 лютага вучні нашай школы разам з педагогамі, старшынёй Вераб’евіцкага сельскага выканаўчага камітэта Анатолем Пятровічам Нагулевічам, намеснікам начальніка ўнутраных спраў Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Пятровічам Краўчуком і намеснікам ваеннага камісара начальнікам мабілізацыйнай групы Дзмітрыем Міхайлавічам Шулькевічам наведалі з віншаваннем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Івана Ігнацьевіча Комара і Мікалая Арцём’евіча Дораша, якія пражываюць на тэрыторыі нашага сельсавета. Ім былі ўручаны юбілейныя медалі “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” і памятныя падарункі. Моцным, мужным, адданым Радзіме героям, якія стаялі на варце міру, свабоды і справядлівасці ў часы вайны, выказаны словы падзякі і шчырыя віншаванні з нагоды свята.

Вольга РАДЧАНКА,
дырэктар Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.