На верхнім беразе Заходняй Дзвіны, на самым версе Беларусі

- 12:10Родная земля, Рознае

Самы паўночны, з самым паўночным населеным пунктам, самым паўночным храмам, самым паўночным возерам, самым паўночным надвор’ем і самымі паўночнымі беларусамі — усё гэта Верхнядзвінскі раён, размешчаны на самым версе адміністрацыйнай карты Беларусі. Гэты край з’яўляецца сапраўднай terra incognita. І хоць эпоха вялікіх геаграфічных адкрыццяў даўно мінула, аднак на Зямлі яшчэ засталіся таямнічыя куточкі. І знаходзяцца яны значна бліжэй, чым джунглі Амазоніі, — паміж Заходняй Дзвіной і возерам Асвейскім.

Прыдзвінне vs Палессе

Асабіста для мяне падарожжа па Верхнядзвіншчыне запомнілася, між іншым, нечаканым адкрыццём: аказваецца, бясконцыя балоты і густыя, амаль непралазныя ліставыя лясы ёсць не толькі на родным Палессі ў пойме Прыпяці. Калі едзеш на дызель-цягніку з Полацка ў кірунку станцыі Бігосава, то за акном зялёная сцяна лесу змяняецца такой жа зялёнай і густой сцяной, першабытнымі балотамі, звілістымі рачулкамі, над якімі задуменна схіліліся бярозы і вербы. Такая асаблівасць краявіду тлумачыцца размяшчэннем большай часткі тэрыторыі раёна ў Полацкай нізіне — старэйшай або малодшай (дакладны адказ ведаюць навукоўцы) сястры Палескай нізіны.
І ўсё ж Прыдзвінне — не Палессе, а Заходняя Дзвіна — не Прыпяць. У адрозненне ад паўднёвых раёнаў Брэстчыны і Гомельшчыны, вясна на поўнач Беларусі заўсёды прыходзіць са спазненнем, лета тут доўга не затрымліваецца, а восень спяшаецца хутчэй саступіць месца зіме. Калі на Піншчыне або Століншчыне адцвітаюць сады — на верхнядзвінскіх яблынях толькі з’яўляюцца белыя пялёсткі; калі на берагах Прыпяці густыя зараснікі вярбы ўжо шумяць маладой лістотай — у пойме Заходняй Дзвіны дрэвы яшчэ не спяшаюцца скідваць коцікі. Гэтым светла-зялёным упрыгажэннем яны нібыта хваляцца перад людзьмі. А сфатаграфавацца ў адмысловых завушніцах на фоне храма, возера або руін старасвецкага палаца для верхнядзвінскай вярбы, здаецца, справа гонару. Дрэвы нібыта знарок траплялі ў аб’ектыў фотаапарата, тым самым ствараючы асаблівую атмасферу майго падарожжа па самым паўночным, лясным, азёрным, рачным і ціхім краі, дзе ідзе няспешнае, размеранае жыццё.

Музейнае жыццё

Цішыню і спакой, якія пануюць на вуліцах цэнтральнай адна-двухпавярховай часткі Верхнядзвінска, незаўважыць проста немагчыма, асабліва калі да гэтага ты некалькі гадзін слухаў гул аўтобуса і рытмічнае пастукванне колаў цягніка. І ўсё ж гэтае першае ўражанне падманлівае. Жыццё на Верхнядзвіншчыне такое ж насычанае і бурлівае, з тымі ж людскімі радасцямі і расчараваннямі, як і ў вялікіх гарадах. Тычыцца гэта і краязнаўчага жыцця. Даследаванне роднага краю, распрацоўка пешаходных і веламаршрутаў, папаўненне музейных экспазіцый — усё гэта неад’емная частка дзейнасці ўстаноў адукацыі Верхнядзвінскага раёна.
Вось, напрыклад, гісторыка-краязнаўчы музей сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска, у якім захоўваецца каля 3,5 тысячы экспанатаў. Такой багатай калекцыі пазайздросціць не толькі кожны школьны музей (а іх у сістэме адукацыі налічваецца каля паўтары тысячы), але і любы дзяржаўны музей сістэмы культуры. За колькасцю экспанатаў хаваецца іх якасць, унікальнасць. Узяць для прыкладу асабістыя рэчы ўдзельнікаў Прошкаўскага падполля, копію пісьма Іманта Янавіча Судмаліса да сваёй жонкі з рыжскай турмы, або багаты матэрыял па Лівонскай вайне з рэшткамі зброі таго часу. Прычым некаторыя экспанаты ствараліся рукамі настаўнікаў, вучняў, бацькоў. Сярод такіх музейных прадметаў муляж сярэдневяковых латаў. За некалькі дзесяцігоддзяў ён пакрыўся ржой і цяпер падобны на арыгінал.
— Збор матэрыялу для будучай экспазіцыі пачаўся яшчэ ў 60-я гады. У старым будынку школы для музея былі выдзелены тры пакоі. У сучаснай школе экспазіцыя размяшчаецца ў дзвюх залах. Прадстаўленыя экспанаты расказваюць пра гісторыю Верхнядзвінска ад старажытных часоў да сучаснасці, выдатна дапамагаюць праводзіць урокі гісторыі, факультатыўныя заняткі па тэме першабытнай гісторыі краю, перыяду ўваходжання ў склад Полацкага княства. Выдатным ілюстрацыйным матэрыялам па гісторыі горада канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя з’яўляюцца арыгіналы чорна-белых фотаздымкаў. Багаты матэрыял сабраны і па гісторыі школы, лёсе яе выпускнікоў і настаўнікаў. Ганарымся мы і калекцыяй прадметаў ранейшага побыту мясцовых жыхароў. Яшчэ адна тэма — Лівонская вайна, падчас якой наш край стаў арэнай баявых дзеянняў, — расказвае кіраўнік музея настаўніца гісторыі Ларыса Іванаўна Дзевяковіч.
Калі гаварыць пра войны, якія пракаціліся праз Беларусь, то ні адна з іх не абмінула Верхнядзвіншчыну. 1812 год, Першая сусветная, Вялікая Айчынная — усе гэтыя падзеі знайшлі адлюстраванне ў музейнай экспазіцыі. Так, баявыя дзеянні 200-гадовай даўнасці асвятляюцца праз аповед пра знакаміты Дрысенскі лагер, які расійская армія разбіла каля сучаснага райцэнтра на процілеглым беразе Заходняй Дзвіны. Пры жаданні можна прай-сціся да месца ўпадзення Дрысы ў Заходнюю Дзвіну і пастаяць на тым самым месцы, дзе некалі чулася ржанне коней, лязгат зброі, наводзіліся пантонныя пераправы. У музеі прадстаўлены план-схема лагера, партрэты военачальнікаў, сярод якіх цэнтральнае месца займае выява генерал-маёра Якава Пятровіча Кульнева. Да перыяду Першай сусветнай вайны адносяцца рэшткі штыка і гільзы ад снарада. Найбольшая колькасць экспанатаў расказвае пра Вялікую Айчынную вайну.
Усе матэрыялы самага вялікага раздзела экспазіцыі ўмоўна можна падзяліць на наступныя тэмы: “Героі Савецкага Саюза”, “Яны вызвалялі наш раён”, “Прошкаўскае падполле”, “Асвейская трагедыя”, “Педагогі-ветэраны”, “Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, “Юныя героі”, “Пётр Міронавіч Машэраў”, “Вайна ў лёсе маёй сям’і”. Па кожнай з гэтых тэм распрацавана асобная экскурсія, а юнымі экскурсаводамі напісана больш за дзясятак даследчых работ, якія станавіліся прызёрамі раённых і абласных конкурсаў і канферэнцый.
— На пачатку збору матэрыялаў па той ці іншай тэме нярэдка стаіць выпадак. Так, падчас аднаго з памятных мерапрыемстваў на Кургане Дружбы, насыпанага на мяжы Беларусі, Расіі і Латвіі, мы сустрэліся з ветэранам 119-й стралковай дывізіі Аляксеем Пятровічам Кажарыным, якая вызваляла Верхнядзвінск у 1944 годзе. Мужчына прапанаваў сабраць звесткі пра лёс яго аднапалчан. Былі знойдзены адрасы, пачалася перапіска. Усяго мы адаслалі амаль 200 лістоў. Ветэраны прысылалі свае фотаздымкі, успаміны, якія цяпер займаюць ганаровае месца ў экспазіцыі. Вынікам перапіскі стала школьная сустрэча з ветэранамі, а Іван Андрэевіч Кісялёў нават правёў для настаўнікаў і вучняў цікавую экскурсію па месцах баявой славы, — паведаміла Ларыса Іванаўна.

Глядзець і ўспамінаць

У музеі захоўваюцца ўспаміны не толькі франтавікоў. Найбольш кранальныя і каштоўныя — сведчанні мясцовых жыхароў, якім пашчасціла выжыць у пачатку 1943 года падчас “Зімовага чараўніцтва” — менавіта так мілагучна і ад таго асабліва жудасна называлася карная аперацыя, якую акупанты праводзілі з мэтай стварэння 40-кіламетровай нейтральнай зоны. І ў сярэдняй школе № 2 Верхнядзвінска, і ў Верхнядзвінскай гімназіі, і ў Сар’янскай сярэдняй школе, і ў Асвейскай сярэдняй школе падчас знаёмства з адметнасцямі роднай зямлі настаўнікі абавязкова дзяліліся ўспамінамі сведкаў “Асвейскай трагедыі”.
— Цяжка ў нашай краіне знайсці больш пацярпелы ад акупантаў раён, чым былы Асвейскі, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Асвейскай сярэдняй школы Кацярына Сяргееўна Аляксеева. — З даваеннага насельніцтва Асвейшчыны да дня вызвалення дажыла адна трэць, а ў суседнім Дрысенскім раёне — каля паловы. Толькі ў Асвейскім раёне падчас аперацыі “Зімовае чараўніцтва” карнікамі было знішчана больш за 6 тысяч мірных жыхароў, значная частка якіх былі дзецьмі. Больш за 3 тысячы чалавек былі адпраўлены ў канцлагеры. Што тычыцца карнікаў, то гэта былі не толькі нямецкія салдаты. У аперацыі ўдзельнічалі паліцэйскія батальёны, сфарміраваныя ў прыбалтыйскіх краінах, быў і адзін украінскі батальён. Вось такая была вайна…
Далей Кацярына Сяргееўна пачала зачытваць вытрымкі з распрацаваных яе калегамі заняткаў “Асвейская трагедыя 1943 года”: “У вёску Каханавічы ўвайшлі партызаны і анямелі — грудных дзяцей карнікі ўкрыжавалі на платах. У вёсцы Росіца спалілі больш за паўтары тысячы чалавек. У вёсцы Ліпаўкі, якая складалася з 96 двароў, у 42-х жылі сваякі Валянціны Васільеўны Пілюшынай. Пасля карнай аперацыі з усяго вялікага роду жанчына засталася адна. Калі палілі людзей у вёсцы Сар’я, жонка франтавіка Аляксандра Шаўрака паспрабавала выратаваць дачку, якой было некалькі месяцаў ад нараджэння. Калі людзей гналі ў хлеў, яна адкінула яе ўбок. Фашыст падняў малую за ножку, ударыў галавой аб кут і кінуў у полымя. Супраць мірных жыхароў ужываліся розныя метады катавання — іх білі гумавымі палкамі, падвешвалі на крукі за сківіцу або рэбры, заганялі вялікія цвікі ў галаву ці грудзі. У вёсцы Пустэльнікі партызаны знайшлі жанчыну, якую фашысты ўкрыжавалі, а потым распалілі ў яе на жываце вогнішча. На спіне 8-гадовага хлопчыка з вёскі Бяляны карнікі выразалі пяціканцовую зорку, а затым кінулі яго ў палаючы дом. Многія жыхары былі адпраўлены ў канцлагеры. Усяго за вайну на Верхнядзвіншчыне было спалена 426 населеных пунктаў, 186 з іх так і не адрадзіліся”. Памятаеце кранальны і рэалістычны “Ідзі і глядзі”? Гэты фільм пра іх, жыхароў Верхнядзвіншчыны…

Асвейскімі сцежкамі

Даследчая работа ў Асвейскай сярэдняй школе грунтуецца не толькі на вывучэнні ваенных падзей. Сярод асноўных аб’ектаў даследавання — возера Асвейскае (другое па велічыні ў Беларусі) і старадаўні парк, у якім расце шмат экзатычных раслін, знаходзяцца рэшткі былога палаца Гільзенаў-Шадурскіх. Калі пра ўсе таемныя куточкі парку ведае Кацярына Сяргееўна Аляксеева, то ўзбярэжжа возера Асвейскага — гэта тэрыторыя даследаванняў настаўніцы біялогіі і хіміі Ірыны Аляксандраўны Жоравай. Разам з вучнямі яна даследавала відавы і колькасны склад птушак, правяла грунтоўную работу па вывучэнні прычын і магчымых наступстваў забалочвання вадаёма.
— У розных частках возера мы замералі ўзровень залягання торфу, даследавалі глебы і расліннасць, выявілі ўчасткі найбольшага забалочвання. Падчас работы выкарысталі даныя навукоўцаў, якія займаліся гэтай праблемай. У выніку даследаванняў і аналізу зрабілі выснову, што працэс забалочвання ідзе вельмі хуткімі тэмпамі, на працягу года забалочваецца прыкладна 0,3% тэрыторыі возера, парушаецца гідралагічны рэжым, змяншаецца колькасць некаторых відаў флоры і фаўны, асабліва вадаплаўных птушак, вадаём зарастае, зніжаецца эстэтычная прывабнасць і рэкрэацыйная каштоўнасць тэрыторыі.
Для спынення гэтых працэсаў, на думку ўдзельнікаў даследчай групы, неабходна праводзіць мерапрыемствы, якія б спрыялі падтрыманню гідрарэжыму возера, паляпшэнню тэхнічнага стану шлюза і дамбы. Для павелічэння глыбіні возера неабходна пачаць здабычу сапрапелю ў заходняй частцы вадаёма, праз канал Дзегцяроўка павялічыць падачу вады, праводзіць тлумачальную работу з вучнямі і мясцовым насельніцтвам, перапрацоўваць забалочаныя ўчасткі ў біягумус, які ў далейшым можна выкарыстоўваць у сельскай гаспадарцы.
Канечне, асвейцаў хвалюе экалагічны стан галоўнай воднай жамчужыны Верхнядзвіншчыны, бо ў кожнага з іх з возерам звязаны самыя цёплыя і самыя светлыя ўспаміны. Кожны асвеец жадае слухаць плёскат хваляў, а не пошум сухой травы, якая імкліва акупіруе маляўнічыя берагі. І, канечне, кожны асвеец марыць пра тыя часы, калі цяністыя прысады старасвецкага парку прывядуць не да змрочных руін, а да адноўленага, уваскрэслага з руін велічнага палаца.
— Палац Гільзенаў-Шадурскіх быў пабудаваны ў ранніх класічных формах. Да нашага часу дайшоў адзіны акварэльны малюнак палаца рукі Напалеона Орды. Цяпер на месцы велічнага будынка толькі фрагменты яго цэнтральнай часткі. А калісьці двухпавярховы палац складаўся з пяці карпусоў з чатырма галерэямі і меў складаную канфігурацыю, выглядаў зверху вялізнай птушкай з распластанымі крыламі. Планіроўка была арыгінальнай: чатыры галоўныя пад’езды, у адпаведнасці з колькасцю пор года; дванаццаць унутраных уваходаў, па ліку месяцаў; колькасць пакояў і залаў адпавядала колькасці тыдняў у годзе; а вокнаў — колькасці дзён. Ад палаца вяло і некалькі падземных таямнічых хадоў, — расказвае Кацярына Сяргееўна Аляксеева.

Помнік каханню

Сапраўдны паўночнабеларускі Версаль… Быў… А ці будзе?.. Дакладны адказ атрымаць складана. Тое ж самае можна сказаць і пра сар’янскі палац Лапацінскіх. У адрозненне ад асвейскага брата, яму пашчасціла значна менш — ён цалкам разбураны. Цяпер пра яго былую веліч нагадваюць толькі гістарычныя дакументы, старадаўнія малюнкі і пошум старой разгалістай ліпы, якая расце на тэрыторыі сар’янскага парку непадалёк таго месца, дзе знаходзіўся палац. Пра што шапоча ліпа? Што імкнецца яна расказаць гасцям? Пра гэта ведаюць у Сар’янскай сярэдняй школе. Ужо многія гады пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Уладзіміра Мікалаевіча Фёдарава тут вядзецца актыўнае даследаванне гісторыі вёскі, вывучаецца лёс землякоў, ствараецца гісторыя мясцовай сельскай гаспадаркі. У выніку даследаванняў напісаны дзясяткі работ, сярод якіх “Зямля бацькоў, Сар’яншчына мая”, “Сядзіба Лапацінскіх у вёсцы Сар’я”, “У вайны не жаночае аблічча…”, “За нашу родную Верхнядзвіншчыну”, гістарычны альманах “Касцёл у вёсцы Сар’я — найпрыгажэйшы помнік псеўдаготыкі на Віцебшчыне”. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мікалаевіча распрацавана адукацыйная праграма “Сар’яназнаўства”, з’яўляецца настаўнік і аўтарам артыкулаў у кнізе “Сар’я”.
Парк, а ў ім падвясны мост праз рэчку Сар’янку (кажуць, яе назва пайшла ад імені першага жыхара Сар’яна або іншаземнага слова “sarra”, якое азначае “жоўтая вада”), непадалёк гаючая крыніца — праз усе гэтыя аб’екты праходзіць экскурсія “Залатое кальцо Верхнядзвіншчыны”, распрацаваная дырэктарам Сар’янскага сельскага Дома культуры, а нядаўна настаўніцай беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы Аленай Іванаўнай Мінчанка.
— Неабходнасць распрацоўкі такога маршруту ўзнікла пасля таго, як у 1999 годзе ў вёсцы Росіца адбылася вельмі значная падзея: кананізацыя святароў, закатаваных разам з мясцовымі жыхарамі падчас “Зімовага чараўніцтва”. Да нас у Росіцу два разы на год пачалі наведвацца пілігрымы з розных куточкаў свету. Тады і захацелася сабраць звесткі пра родную зямлю, каб пазнаёміць гасцей з яе адметнасцямі. На той час я працавала ў Росіцкай базавай школе і вяла краязнаўчы гурток “Непаседы”. Разам з вучнямі распрацавала маршрут па вёсцы і канкрэтна тэматычную экскурсію па росіцкім касцёле. Калі ў 2007 годзе прыйшла працаваць у Сар’ю, то да звестак пра Росіцу дадала і гісторыю Сар’яншчыны, потым Бігосава, а таксама Цінкаўцаў. Так і ўтварылася краязнаўча-экалагічная экскурсія “Залатое кальцо Верхнядзвіншчыны”. Чаму кальцо? Калі злучыць на карце гэтыя аб’екты лініяй, то атрымаецца няправільны чатырохвугольнік працягласцю 44 кіламетры, — расказвае Алена Іванаўна.
Адно з цэнтральных месцаў у экскурсіі займае аповед пра памешчыкаў Лапацінскіх, з дзейнасцю якіх звязана сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё краю да пачатку ХХ стагоддзя. І самы велічны, самы яскравы помнік таго часу — сённяшні Свята-Успенскі праваслаўны храм. Яго гісторыя пачынаецца 17 красавіка 1851 года, у дзень калі памірае жонка Ігнація Лапацінскага Марыя. Нарадзіўшы трэцяе дзіця сына Станіслава, жанчына пачала згасаць на вачах каханага мужа. Ігнацій звяртаецца да самых знакамітых лекараў з Віцебска, Санкт-Пецярбурга. Аднак ні грошы, ні дактары не могуць дапамагчы. Тады Ігнацій, набожны каталік, пайшоў да знахароў, але дарэмна — жонка памірае. У памяць пра сваю каханую ён пачынае ў маі 1852 года будаўніцтва велічнага храма, якое было скончана праз 5 гадоў. Сёння гэта своеасаблівы помнік вернасці і каханню. Каля храма скульптуры Святых дабраверных Пятра і Фяўронні, а да храма вядзе ўпрыгожаная жоўтымі і чырвонымі цюльпанамі алея кахання.

Ад жамчужыны да жамчужыны

Сваё залатое кальцо або больш дакладна “Жамчужыны Верхнядзвіншчыны” складзены і ў Верхнядзвінскай гімназіі ў рамках праекта “Будуем, будуем новы дом!”. Як паведаміла кіраўнік праекта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Уладзіміраўна Якаўлева, аднойчы падчас класнай гадзіны навучэнцы 6 “Б” класа пачалі пералічваць адметныя мясціны раёна. На пытанне класнага кіраўніка “Ці бачылі вы іх сваімі вачамі?” гучалі ў асноўным адмоўныя адказы. Тады было вырашана выправіць гэтую недарэчнасць. Прапанова была падтрымана бацькамі, пачалася работа над рэалізацыяй праекта “Жамчужыны Верхнядзвіншчыны”.
— Было створана пяць груп, удзельнікі якіх адказваюць за выкананне пэўных задач. Так “гісторыкі” адказваюць за выбар экскурсійных маршрутаў, вывучаюць помнікі гісторыі ў літаратурных крыніцах. “Фатографы”, “мастакі” рыхтуюць фотаматэрыялы і замалёўкі для афармлення будучай выставы, “журналісты” пішуць артыкулы ў гімназічную газету “Імгненне”, займаюцца складаннем зборніка эсэ, “група рэкламы” адказвае за афармленне і распаўсюджванне лістовак, якія спрыяюць папулярызацыі праекта. Рэалізацыя праекта дапамагае вырашаць шэраг выхаваўчых задач: згуртоўвае калектыў, фарміруе ў дзяцей навыкі калектывізму, таварыскасці, узаемадапамогі, садзейнічае выхаванню патрыятызму і грамадзянскасці, — падзялілася класны кіраўнік 6 “Б” класа Ганна Генрыхаўна Пятрова.

Цуд прыроды

Верхнядзвіншчына, як і Палессе, славіцца адметнасцю прыроды, ладам жыцця мясцовых жыхароў. Аднак калі на поўдні Беларусі пра нядаўняе цвіценне садоў засталіся напаміны ў выглядзе апалых пялёсткаў, то на верхнядзвінскіх яблынях толькі-толькі пачалі з’яўляюцца белыя плямачкі; калі на берагах Прыпяці вярба ўжо шуміць маладой лістотай, яе верхнядзвінскія сёстры не спяшаюцца скідваць жоўта-зялёныя коцікі-завушніцы. І яшчэ: калі падчас камандзіроўкі па ўсёй краіне ліў лівень, на Верхнядзвіншчыне дожджык толькі накрапваў, а некалькі разоў нават выглянула сонца. Яго промні нібыта сведчылі, што зямля, размешчаная на верхнім беразе Заходняй Дзвіны, на самым версе Беларусі, надзвычай ветлівая і для сваіх гасцей можа падарыць нават такі цуд прыроды, як яркае сонца сярод зацягнутага хмарамі неба.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.