На Віцебшчыне ў 2025 г. працягнуць будаўніцтва чатырох дзіцячых садоў і плануюць пачаць узвядзенне яшчэ двух

- 11:07Актуально

На пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама падвялі вынікі работы педкалектыву рэгіёна за 2024 год і вызначылі задачы на сёлета, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У абмеркаванні прынялі ўдзел намес­нік міністра адукацыі Сяргей Руды і намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў.

Як праінфармаваў кіраўнік сістэмы адукацыі Віцебшчыны Дзмітрый Хома, на працягу года сістэмна і комплексна вырашаліся задачы забеспячэння якасці адукацыі, павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі, падрыхтоўкі для галін эканомікі кваліфікаваных кадраў, прафілактыкі супрацьпраўных паводзін і гібелі непаўналетніх ад знешніх прычын, абароны дзяцей ад усіх відаў гвалту, правядзення арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне бяспечных умоў для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Сістэма адукацыі дастойна прадставіла вобласць падчас прыёму ў Полацку культурна-адукацыйнай патрыятычнай акцыі “Цягнік Памяці”, мерапрыемстваў рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства” ў Віцебску, Оршы, Наваполацку. У Віцебскім раёне быў дадзены старт навагодняй дабрачыннай рэс­публіканскай акцыі “Нашы дзеці”.

Асобна Дзмітрый Хома адзначыў упершыню арганізаваны грамадзянска-патрыятычны лагер “Курган Дружбы”: больш за два тыдні 100 навучэнцаў з Віцебскай і Пскоўскай абласцей разам з педагогамі плённа працавалі на базах Віцебскага і Полацкага кадэцкіх вучылішчаў, а затым прадставілі напрацаваны вопыт на Кургане Дружбы ў Верхнядзвінскім раёне. У 2024 годзе прадстаўнікі паўночнага рэгіёна занялі 1-е месца на турыстычным злёце навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, 1-е месца ў 50-м рэспубліканскім злёце ЮІР, 2-е месца на рэспубліканскім злёце зборнай каманды юных ратавальнікаў-пажарных, сталі пераможцамі рэспубліканскай спартакіяды ў агульнакамандным заліку. Дасягненні вобласці ацэнены спецыяльным прызам асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” за развіццё масавага футбола па выніках 2024 года, які быў уручаны дырэктару абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Сяргею Бабічу.

Навучэнцы каледжаў на пастаяннай аснове паспяхова прадстаўляюць вобласць на рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах і мерапрыемствах, у тым ліку прафесійнай накіраванасці. Сістэма прафесійнай адукацыі зноў стала лідарам па выніках рэс­публіканскага агляду-конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы заваявалі 103 дыпломы (3-е месца ў краіне), на міжнародных алімпіядах — 10 медалёў, на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару — 22 дыпломы. Каманда вобласці заняла 3-е месца на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы. Ахоп профільным навучаннем дасягнуў 86,7 працэнта, сярэдні бал па ЦЭ — 63,8, атрымана 117 стабальных вынікаў.

У бягучым навучальным годзе план прыёму на ўзровень ССА ў падведамныя ўстановы адукацыі склаў 2172 чалавекі, на ўзровень ПТА — 4399 чалавек. Кантрольныя лічбы выкананы, прычым дадаткова на ўзровень ПТА набрана больш за 400 навучэнцаў. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі залічана 2289 навучэнцаў (у 2023 годзе — 1672). Няма выпадкаў прадастаўлення даведкі аб самастойным працаўладкаванні з-за адсутнасці працоўных месцаў, штогод скарачаецца колькасць выпускнікоў, якія атрымалі свабоднае працаўладкаванне па ўважлівых прычынах. На спецыяльнасці педагагічнага профілю ў 2024 годзе паступілі 249 мэтавікаў, з іх 221 — у рэгіянальныя ўстановы адукацыі. Выдатныя вынікі прыёмнай кампаніі ў Першамайскім і Кастрычніцкім раёнах Віцебска, Полацкім, Аршанскім і Пастаўскім раёнах.

На вырашэнне задач стварэння і ўдасканалення адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі накіравана 265,8 тысячы рублёў абласнога бюджэту, выканана задача забеспячэння спецыялізаваным транспартам дзяцей-інвалідаў.

На рамонтныя работы і набыццё абсталявання ў 2024 годзе накіравана больш за 81 млн рублёў. У рамках Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2021—2025 гады ў 2024 годзе ажыццяўлялася будаўніцтва і рэканструкцыя дзевяці аб’ектаў адукацыі, пяць з якіх уведзены ў эксплуатацыю. Капітальныя рамонты праведзены ў 18 установах. Сёлета будзе працягнута будаўніцтва чатырох і плануецца пачаць узвядзенне яшчэ двух дзіцячых садоў, а таксама трох дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Прадугледжаны сродкі на правядзенне капітальных рамонтаў і мадэрнізацый у 16 установах адукацыі. Набыты 41 аўтобус і 399 адзінак гандлёва-тэхналагічнага, халадзільнага і дапаможнага абсталявання. Завершаны работы па стварэнні даступнага асяроддзя з улікам комплекснага падыходу на 6 праграмных аб’ектах, абсталяваны элементы даступнага асяроддзя ў 21 установе адукацыі (Дубровенскі, Гарадоцкі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Аршанскі раёны). Разам з тым Дзмітрый Хома дэталёва прааналізаваў існуючыя праблемы, якія пакуль не дазваляюць у поўнай меры рэалізаваць пастаў­леныя задачы па забеспячэнні якасці адукацыі, і акрэсліў задачы па іх вырашэнні.

У ходзе пасяджэння калегіі адбылося ўрачыстае ўшанаванне лепшых па выніко­васці ўстаноў адукацыі і лепшага сярод структурных падраз­дзяленняў гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў Віцебска, якія ажыццяўля­юць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі. Высокія працоўныя дасягненні шэрага педагогаў адзначаны ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара