На вяршыні — юныя хімікі

- 11:03Якасць адукацыі

Па выніках 51-й Міжнароднай хімічнай алімпіяды ўсе беларускія ўдзельнікі заваявалі медалі. У гэтым годзе Міжнародная хімічная алімпіяда праходзіла з 21 па 29 ліпеня ў Парыжы (Францыя). У інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел 309 навучэнцаў старшых класаў сярэдніх школ з 80 краін свету.

Нацыянальная зборная каманда нашай краіны была прадстаўлена чатырма ўдзель­нікамі, усе яны з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Хімія” ў 2018/2019 навучальным годзе.

Па выніках алімпіяды беларуская каманда заваявала чатыры медалі. Сярэбранымі прызёрамі спаборніцтваў сталі Максім Сысоенкаў, выпускнік гімназіі № 50 Мінска, і Яўген Маліч, выпускнік Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Бронзавыя медалі — на рахунку Алега Караткова, выпускніка Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, і Івана Мамчыца, выпускніка гімназіі № 10 Мала­дзечна. Віншуем!

Кіраўнікі каманды — кандыдат хімічных навук дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Мікалаевіч Хвалюк і старшы выкладчык кафедры арганічнай хіміі БДУ магістр хімічных навук Дзяніс Рыгоравіч Шклярук.

У фаварытах традыцыйна прад­стаўнікі паўднёва-ўсходняй Азіі (Кітай, Тайвань, Сінгапур, В’етнам). Абсалютнымі пераможцамі гэтага года сталі прадстаўнікі Кітая і Карэі.

Міжнародная алімпіяда па хіміі (IChO) — штогадовае спаборніцтва па хіміі для школьнікаў з розных краін свету. Асноўная задача алімпіяды — павышаць цікавасць навучэнцаў да хімічных навук ва ўсім свеце. Кожную краіну прадстаўляе каманда, якая складаецца не больш чым з чатырох школьнікаў і двух настаўнікаў. Афіцыйна міжнародная алімпіяда —  асабістае першынство. Удзельнікі павінны быць не старэйшыя за 20 гадоў і не вучыцца ва УВА.

 Першая Міжнародная хімічная алімпіяда адбылася ў Празе ў 1968 годзе. З тых часоў мерапрыемства праводзіцца кожны год, за выключэннем 1971 года. Дэлегацыямі, якія прынялі ўдзел у першых спаборніцтвах, былі ў асноўным краіны былога Усходняга блока.

Алімпіяда складаецца з двух тураў: эксперыментальнага і тэарэ­тычнага. Абодва туры доўжацца да 5 гадзін і праводзяцца ў розныя дні. На тэарэтычным туры можна зарабіць 60 балаў, а на практычным — 40. Кожны тур ацэнь­ваецца незалежна адзін ад аднаго, а сума вынікаў іспытаў вызначае агульны вынік удзельніка.

У сваім каментарыі для газеты Дзяніс Рыгоравіч Шклярук адзначыў, што на тэарэтычным туры было прапанавана 9 задач, якія ўключалі пытанні арганічнай, неарганічнай хіміі, аналітычнай, фізічнай хіміі, хіміі палімераў, квантавай хіміі. Агульны аб’ём тэарэтычнага тура — 66 старонак тэксту.

Практычны тур складаўся з трох частак: арганічнага сінтэзу, цітравання, вызначэння сярністага газу ў белым віне. “Хачу адзначыць, што ўсе беларускія ўдзельнікі добра справіліся з практычным турам. Гэтаму папярэднічала карпатлівая падрыхтоўка на хімічным факультэце БДУ, дзе ўсе плённа папрацавалі. Што тычыцца тэарэтычнага тура, то тут нашы школьнікі памылкі рабілі з-за няўважлівасці і некарэкт­ных выпраўленняў”, — адзна­чыў Дзяніс Рыгоравіч.

Міжнароднае журы, якое складаецца з двух настаўнікаў кожнай з краін-удзельніц, абмяркоўвае задачы і перакладае іх на мову, зручную для ўдзельнікаў з той ці іншай краіны. Кіраўнікі каманд паралельна з арганізатарамі правяраюць рашэнні заданняў членаў сваёй каманды і выстаўляюць адзнакі. Гэтыя адзнакі параўноўваюцца з тымі, якія паставілі  арганізатары на працэдуры апеляцыі (на алімпіядзе яе называюць “арбітраж”). Канчатковая афіцыйная адзнака кожнаму ўдзельніку ставіцца толькі пры ўзаемнай згодзе бакоў.

А краіна, якая жадае ўдзельнічаць у Міжнароднай хімічнай алімпіядзе, павінна накіраваць назіральнікаў на дзве алімпіяды, якія папярэднічаюць першаму году ўдзелу гэтай краіны.

Адметна, што 2019 год ЮНЕ СКА абвясціла Міжнародным годам перыядычнай табліцы элементаў. Гэта глабальная ініцыятыва, закліканая падкрэсліць яе важнасць у галіне навукі, тэхнікі і ўстойлівага развіцця чалавецтва. Акрамя таго, 2018/2019 навучальны год у Францыі з’яўляецца Годам хіміі ад школы да ўніверсітэта. Даследчыкі, інжынеры, прафесары і студэнты арганізоўваюць шматлікія мерапрыемствы і ўрокі ў школах, універсітэтах, хімічных кампаніях, а таксама ў музеях і месцах навуковай культуры, каб падкрэсліць ролю хіміі ў навуцы і тэхніцы.

Наступная Міжнародная хімічная алімпіяда пройдзе з 7 па 16 ліпеня 2020 года ў Стамбуле (Турцыя).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.