На вясновых канікулах у Магілёўскай вобласці плануецца аздаравіць звыш 6,5 тыс. навучэнцаў

- 15:15Образование

Цікава і з карысцю пройдуць вясновыя канікулы ў магілёўскіх школьнікаў. У канікулярны перыяд ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі наладжана дзейнасць 264 аздараўленчых лагераў, дзе змогуць адпачыць звыш 6,5 тыс. дзяцей, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Галоўная задача – арганізаваць для вучняў змястоўную занятасць. Ва ўсіх лагерах асаблівая ўвага ўдзяляецца прапагандзе здаровага ладу жыцця, вывучэнню правіл дарожнага руху, пажарнай бяспекі, прафілактычным мерапрыемствам. Запланаваны гутаркі, накіраваныя на псіхалагічную падтрымку дзяцей, гульні на праяўленне яркіх індывідуальных якасцей, – адзначыла галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Алеся Васіленка.

Падчас вясновых канікул паўсюдна прадоўжаць функцыянаваць аб’яднанні па інтарэсах. У кожным рэгіёне запланаваны агульнараённыя і агульнашкольныя мерапрыемствы, правядзенне фізкультурна-аздараўленчых стартаў, наведванне музеяў, бібліятэк, дзе пройдуць гадзіны краязнаўства, краязнаўчыя конкурсы, урокі народнай творчасці. У рамках патрыятычнага выхавання для навучэнцаў арганізуюць выезды ў абласны патрыятычны цэнтр на базе кадэцкага вучылішча. Запланаваны мерапрыемствы ў рамках прафарыентацыйнай работы і працоўнага выхавання, у тым ліку рэалізацыя абласнога праекта «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе».

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва рэдакцыі, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі