На выдатна з плюсам

У мінулым годзе Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання па выніках абласнога конкурсу быў прызнаны лепшай установай прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны. Быць лепшым ганарова, пачэсна, але і вельмі адказна, бо лепшыя навідавоку. Разумеючы гэта, калектыў установы пасля заваявання дыплома І ступені працуе не проста на выдатна, а на выдатна з плюсам, у прынцыпе, як і заўсёды.

Дырэктар ліцэя В.С.Нічыпарук.

Калі ўстанова лепшая, зна­чыць спецыялісты, якіх яна рыхтуе, таксама лепшыя. Повар, афіцыянт, повар дзіцячага харчавання, аператар ЭВМ, прадавец, швачка, кравец, цырульнік, камплектоў­шчык дэталей цацак… Кожны выпускнік ліцэя — высокакваліфікаваны спецыяліст. Па словах дырэктара ліцэя Віктара Сцяпанавіча Нічыпарука, мінулагодняя перамога з’яўляецца дасягненнем усяго калектыву, які кожны дзень плённа працуе над падрыхтоўкай май­строў сваёй справы. “Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца, бо ліцэй — прыгожая, утульная, сучасная навучальная ўстанова. Гэта інавацыйны вучэбны комплекс, які дае навучэнцам прафесійна-тэхнічную і сярэднюю адукацыю, з’яўляецца месцам прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў старшых класаў”, — адзначыў дырэктар.

Адным з галоўных паказчыкаў паспяховай работы ліцэя з’яўляецца сацыялізацыя навучэнцаў, іх размеркаванне і працаўладкаванне. Больш высокую кваліфікацыйную катэгорыю юнакі і дзяўчаты могуць атрымаць падчас наведвання факультатыўных заняткаў і творчых аб’яднанняў. Акрамя таго, падчас навучання ўсе жадаючыя разам з асноўнай спецыяльнасцю могуць набыць і іншую прафесію за кошт уласных сродкаў падчас вячэрняга навучання на базе прадпрыем­стваў горада — даўніх партнёраў ліцэя. Напрыклад, повар можа вывучыцца на бармена, аператар ЭВМ — на цырульніка.

— У нас наладжана цеснае су­працоўніцтва з прадпрыемствам па вырабе пластмасавых цацак “Палессе”, таму мы вырашылі інтэграваць дзейнасць швачак, краўцоў з камплектоўшчыкам дэталей цацак. Не кожны зможа займацца камплектаваннем цацак, для гэтага патрэбна добрая маторыка рук. Якраз гэта выдатна атрымліваецца ў швачак. Нашы навучэнцы рэгулярна праходзяць на “Палессі” вытворчую практыку. Гэтая спецыяльнасць, дарэчы, дапамагае нам выка­наць план пазабюджэтнай дзейнасці. У мінулым годзе мы зарабілі 118 тысяч рублёў. Інтэграванасць спецыяльнасцей — гэта вельмі зручна. У выпускнікоў больш магчымасцей атрымаць работу пасля заканчэння ліцэя, зацвердзіць сябе на рынку працы, — падзяліўся Віктар Сцяпанавіч.

У тым, наколькі каплектоў­шчыкам цацак дапамагаюць навыкі швачкі і краўца, мы з калегамі пераканаліся падчас наведвання сусветна вядомага прадпрыемства “Палессе”, у прыватнасці, цэха па зборцы цацак. Спрытныя рукі, уважлівасць да дробязей — менавіта такія якасці патрэбны для хуткай і якаснай зборкі цацак, любімых дзецьмі і бацькамі не толькі ў Беларусі. Акрамя наведвання зборачнага цэха, удзельнікі прэс-туру даведаліся пра ўвесь працэс выпуску прадукцыі, гісторыю і асаблівасці сённяшняй работы прад­прыемства. Цікавую экскурсію правёў Міхаіл Львовіч Гольцман. Асабліва ўразіла выставачная зала з сотнямі яркіх мадэлей аўтамабільнай, будаўнічай, ваеннай тэхнікі, караблёў, настольных гульняў. Для дзяцей дашкольнага ўзросту тут сапраўдны рай.

Высокакваліфікаваныя спецыялісты — гэта не толькі камплектоўшчыкі цацак. Сваё майстэрства падчас наведвання будынка ліцэя журналістам прадэманстравалі швачкі.

Цяпер ва ўстанове гарачая пара — уступная кампанія. Праблемы з наборам навучэнцаў тут не існуе. Багатыя традыцыі, якасная адукацыя, прафесійныя педагогі і майстры вытворчага навучання — вось сакрэт поспеху. Вялікая роля належыць і зладжанай сістэме прафарыентацыйнай работы. Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Людмілы Паўлаўны Мамайка, акрамя традыцыйных дзён адкрытых дзвярэй, рэгулярна праводзяцца тыдні прафесій, у школах актыўна выступаюць агітбрыгады ліцэя з рэкламнымі пастаноўкамі. Падчас такіх сустрэч вызначаюцца схільнасці, здольнасці школьнікаў, патэнцыяльныя будучыя навучэнцы ліцэя знаёмяцца з умовамі вучобы ва ўстанове і перспектывамі працаўладкавання. Прываблівае хлопцаў і дзяўчат і актыўнае жыццё ліцэя ў пазавучэбны час.

І яшчэ адзін факт: за дасягненне найлепшых вынікаў у выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця ліцэй быў занесены на абласную Дошку гонару, а яго кіраўнік па выніках конкурсу “Лепшы дырэктар прафесійна-тэхнічнай адукацыі” атрымаў у мінулым годзе званне “залаты дырэктар”.

Залаты дырэктар, залатыя педагогі, залатыя рукі майстроў вытворчага навучання, залатыя рукі выпускнікоў… Быць лепшым пачэсна і вельмі адказна. Калектыў Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання спраўляецца з гэтай задачай на выдатна з плюсам.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.