На выпускны — на турыстычны злёт!

- 16:04Нам пішуць

Выпускны для вучняў 4 “В” класа Маларыцкай раённай гімназіі быў незвычайны. Хлопчыкі і дзяўчынкі разам з бацькамі правялі яго ў гарадскім парку райцэнтра ў форме турыстычнага злёту.

— Выпускны ў такім фармаце прапанавалі бацькі вучняў, — расказала класны кіраўнік 4 “В” класа Ларыса Пляханава. — Ён супаў з рэспубліканскім тыднем турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі і быў прымеркаваны да Года малой радзімы. Мерапрыемства атрымалася карыснае і пазнавальнае.

Клас быў падзелены на 3 каманды, кожная з якіх складалася з вучняў, іх братоў, сясцёр, мам і татаў. Каб перамагчы, патрабавалася стаць лепшым у некалькіх выпрабаваннях. Каманды стралялі на трапнасць з пнеўматычнай вінтоўкі, разбівалі палатачны лагер, пераадольвалі перашкоды “Гаць”, “Павуціна” і “Маятнік”. Запомніліся дзецям скачкі па купінах, канатная пераправа і конкурс па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Шмат станоўчых эмоцый выклікала і спартыўнае арыентаванне на мясцовасці.

— Час правялі з вялікай карысцю, — адзначыла выхавальніца групы прадоўжанага дня Марына Зімоха. — Падчас спаборніцтваў вучні праявілі кемлівасць і ініцыятыўнасць, набылі практычныя спартыўна-турыстычныя навыкі, навучыліся вязаць розныя вузлы, разбіваць палаткі, адчуваць сябе адзінай камандай. Упэўнена, што дзеці і надалей застануцца прыхільнікамі актыўнага адпачынку і здаровага ладу жыцця.

Інтрыга ў вызначэнні пераможцы захоўвалася да апошняга моманту. 1-е месца ў турзлёце-выпускным заняла каманда Андрэя Леўчука, 2-е — Аркадзя Глушчанкі, 3-е — Валянціна Кушпецюка.

У чацвёртакласнікаў засталося шмат яркіх і незабыўных уражанняў, бо нікому не давялося сумаваць, кожны ўдзельнік турзлёту змог праявіць сябе.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.