На ўсе жыццё адна дарога

Мудры, сціплы, добры, уважлівы, карэктны, вытрыманы, сумленны — гэты спіс можна бясконца працягваць… І гэта ўсё характарыстыка аднаго чалавека — майстра вытворчага навучання Высокаўскага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага каледжа Уладзіміра Андрэевіча СЕЛІВОНІКА. Мабыць, не многія ўстановы адукацыі могуць ганарыцца тым, што ў іх ёсць людзі, якія працавалі і працуюць па сённяшні час на адным рабочым месцы больш за 45 гадоў і ні аднаго разу не пашкадавалі аб сваім выбары. Уладзімір Андрэевіч прыйшоў на работу ў Высокаўскае тады яшчэ СПТВ-27 5 жніўня 1971 года пасля заканчэння Пінскага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума і сёння, як салдат у страі, на сваім рабочым месцы.

Працуючы ў нашай установе адукацыі не адзін год, я часта прыкмячала, як асоба майстра вытворчага навучання аказвае ўздзеянне на фарміраванне ўнутранай матывацыі да навучання ў навучэнцаў. Паспяховае вырашэнне задач у навучанні, выхаванні і развіцці будучых кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў у значнай ступені залежыць ад прафесійнай і педагагічнай кваліфікацыі майстра вытворчага навучання. Калі майстар уяўляе сабой цікавую асобу, добра ведае свой прадмет, пастаянна цікавіцца навінкамі, умее зацікавіць сваім прадметам, дастаткова камунікабельны, то ў навучэнцаў фарміруюцца ўстойлівыя станоўчыя эмоцыі ад зносін з майстрам, устанаўліваецца дастаткова цесны псіхалагічны кантакт, што садзейнічае не проста павышэнню якасці навучання, але і развіццю асабістага патэнцыялу на індывідуальным узроўні. Веды, навыкі і вытворчы вопыт можа перадаць сваім выхаванцам толькі той майстар, які сам дасканала валодае прафесійным майстэрствам. Уплыў і слова майстра толькі тады будуць эфектыўныя, калі навучэнцы будуць адчуваць, што дае веды сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Майстар для навучэнцаў — гэта, перш за ўсё, прадстаўнік выбранай прафесіі, узор для пераймання.

Усё гэта можна ўбачыць у асобе Уладзіміра Андрэевіча і яго шматгадовай працоўнай дзейнасці.

Асаблівую ўвагу Уладзімір Андрэевіч удзяляе падрыхтоўцы да вучэбных заняткаў. Імкнецца прывіць навучэнцам навыкі высакаякаснага выканання работы, эфектыўнага выкарыстання вучэбнага часу, эканомнага расходавання матэрыялаў, беражлівых адносін да абсталявання і інструментаў, вучыць іх сучасным прыёмам і метадам работы. Ды што там казаць, для некаторых навучэнцаў заняткі Уладзіміра Андрэевіча — сапраўдная школа для мужчыны, бо ён вучыць іх, у прамым сэнсе слова, трымаць малаток у руках, забіваць цвікі, прыбіраць за сабой сваё рабочае месца, рабіць разнастайныя загатоўкі і дэталі. У яго няма дрэнных навучэнцаў, у кожным выхаванцу ён умее знайсці самае лепшае. Некаторыя з іх нават не здагадваліся, што здольны на многія справы, што з дапамогай такога вопытнага майстра яны могуць столькі ўсяго зрабіць сваімі рукамі. Да яго на заняткі прыходзяць няўмелыя першакурснікі, а ўжо праз некалькі месяцаў — гэта ўпэўненыя ў сваіх здольнасцях навучэнцы.

Прафесійнае майстэрства не абмяжоўваецца рамкамі праграмы. Уладзімір Андрэевіч з’яўляецца кіраўніком гуртка, на занятках якога навучэнцы займаюцца стварэннем экспанатаў тэхнічнай творчасці. Вырабы, створаныя рукамі гурткоўцаў, кожны год экспануюцца на выставах тэхнічнай творчасці. Майстар з’яўляецца пастаянным удзельнікам злёту рацыяналізатараў.

Уладзімір Андрэевіч не ўяўляе сваё жыццё без навучэнцаў, немагчыма палічыць, колькі вучэбных груп ён выпусціў у жыццё, колькі высакаякасных спецыялістаў, якія вучыліся ў таленавітага майстра, працуе сёння ў гаспадарках вобласці і краіны. Ён не лічыцца з асабістым часам, да яго прыходзяць па параду і навучэнцы, і калегі. Уладзімір Андрэевіч умее цаніць жыццё і людзей, з якімі жыве і працуе.

Ён помніць і заўсёды з падзякай успамінае сваіх першых калег, з якімі пачынаў працоўны шлях, у якіх вучыўся, — гэта Р.Р.Казак і Л.І.Місіюк. За ўсе гады прыйшлося працаваць з многімі людзьмі, але ў адносінах з усімі Уладзімір Андрэевіч заўсёды трымаўся і трымаецца з годнасцю прафесіянала, мужчыны. І сёння, працуючы побач з такім Майстрам сваёй справы, да яго ідуць па параду маладыя майстры вытворчага навучання. Уладзімір Андрэевіч умее аказаць дапамогу пачынаючым майстрам, якія прыйшлі ў сістэму прафесійнай адукацыі без вопыту вучэбна-выхаваўчай работы, паспяхова рабіць першыя крокі ў рабоце і ў майстэрнях, і з вучэбнай групай. Многія маладыя майстры, якія прыйшлі да нас на работу, — гэта выпускнікі яго груп, вучні майстра, які выхаваў дастойных прафесіяналаў. Уладзімір Андрэевіч па праве адзначаны разнастайнымі ўзнагародамі і мясцовай адміністрацыі, і абласнога ўпраўлення адукацыі, і Міністэрства адукацыі Беларусі. У 2007 годзе ён атрымаў нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”, заслужыўшы яго сваёй працай, адданасцю прафесіі, вернасцю выбранаму шляху.

Ларыса БІШЧУК,
выкладчык Высокаўскага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *