На занятках у творчай майстэрні

Летась выпускніца факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, а сёння магістрантка і выхавальніца ясляў-сада № 356 Мінска Лізавета Панькова расказала, што яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт мела пэўны педагагічны вопыт. У нядзельнай школе пры храме яна дапамагала дзецям на занятках па выяўленчым мастацтве.
Спецыяльнасць выбрала невыпадкова, таму што любіць дзяцей, асабліва маленькіх, бо яны вабяць сваёй непасрэднасцю і фантазіяй. Лізавета і сёння дапамагае выхаванцам спасцігаць сродкі мастацкай выразнасці. Толькі робіць гэта ўжо з дапамогай тэхналогіі творчых майстэрань.

Маляваннем Ліза захапляецца з дзяцінства. Стварае карціны для сябе, сваіх родных і блізкіх, а з нядаўняга часу і для сваіх выхаванцаў. Піша пейзажы і нацюрморты акварэллю або алоўкам. Яшчэ адно хобі дзяўчыны — вышыўка.

“На 3 курсе ўніверсітэта я пачала працаваць у дзіцячым садзе. Гэта дапамагала мне лепш разумець тэарэтычны матэрыял, які выкладаўся на лекцыях, прымяняць веды на прак­тыцы, — адзначыла Ліза. — Практычны вопыт спатрэбіцца мне і ў магістратуры, дзе я з гэтага года вучуся па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” з прафілізацыяй “Экспертыза якасці дашкольнай адукацыі” пад кіраўніцтвам Алены Уладленаўны Гарбатавай, дацэнта кафедры методык дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка.

У яслі-сад № 356 я прыйшла як малады спецыяліст па размеркаванні. Калегі прынялі добра, падтрымалі і далучылі да творчага жыцця калектыву. Зараз я выхавальніца ў першай малодшай групе, дзе займаюцца 2—3-гадовыя дзеці. Для мяне галоўнае, каб у групе панавала гармонія і радасць, таму імкнуся нала­джваць цесны кантакт з малышамі, фактычна на працягу дня замяняю ім мам і татаў, стараюся ўдзяляць увагу кожнаму. Мець зносіны з бацькамі, якія вельмі клапоцяцца пра сваіх дзяцей, — асаблівае майстэрства. Але і з імі склаўся поўны давер. У тандэме са мной у групе працуе больш дасведчаная калега, да якой пры неабходнасці я звяртаюся па парады”.

На занятках у рамках гуртковай дзейнасці Лізавета Панькова выкарыстоўвае тэхналогію творчых майстэрань — адну з сучасных форм адукацыйнай дзейнасці, якая дае кожнаму дзіцяці магчымасць рэалізаваць сябе ў творчасці. Педагог вучыць дзяцей успрымаць прадметы мастацтва, ствараць выявы гэтых прадметаў, сюжэтаў, дэкаратыўных кампазіцый рознымі спосабамі, правільна выкарыстоўваць уласцівасці выяўленчых матэрыялаў, прымяняць розныя мастацкія тэхнікі. Педагог прапануе і розныя віды гульняў: з мастацкім зместам, пальчыкавыя і рухавыя гульні на развіццё перцэпцыйных дзеянняў. На занятках у творчай майстэрні дзеці не проста вучацца маляваць — яны набываюць сацыяльны вопыт, у іх фарміруецца эстэтычны густ. Выкарыстоўваць гэтую тэхналогію можна ў розных відах дзейнасці дзяцей — самастойнай або сумеснай з аднагодкамі. Работа будуецца паэтапна, пачынаючы з сярэдняй групы, і паступова ўскладняецца.

“Засваенне мастацкіх сродкаў малюнка ўключае ўменне карыстацца лініяй, колерам, перадаваць характэрную форму прадмета, дакладна адлюстроўваць свае ўражанні аб навакольным асяроддзі, — гаворыць Лізавета. — Для гэтага прымяняем з дзецьмі як традыцыйныя, так і нетрадыцыйныя тэхнікі малявання, праводзім творчае даследаванне і эксперыментаванне. Разглядаем з выхаванцамі творы розных мастакоў, ствараем цэлыя галерэі, прасочваем адметныя рысы ў работах аўтараў. Абмяркоўваем і некаторыя праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння. Так кожнае дзіця адкрывае для сябе новыя веды. Напрыклад, вывучаючы карціну мастака, знаходзіць тлумачэнне, чаму ён выканаў яе ў той ці іншай манеры. Хтосьці з малышоў дае волю фантазіі і дапаўняе аповед казачным сюжэтам, які сам прыдумвае.

На занятках мы выкарыстоўваем звычайныя матэрыялы, якія рэкамендаваны для творчай дзейнасці дашкольнікаў: гуаш, акварэль, алоўкі, фламастары. Ствараецца план (тэматыка) тыдня, згодна з якім дзеці працуюць. Але ёсць заняткі, на якіх яны могуць свабодна сябе выяўляць, дзяліцца эмоцыямі, перажываннямі і ўражаннямі. Атмасфера адкрытасці, добразычлівасці, сумеснай творчасці, зацікаўленасці забяспечвае сама- і ўзаеманавучанне і выхаванне дзяцей. Аднойчы мама аднаго выхаванца расказала, што пасля нашых заняткаў ён папрасіў набыць разнастайныя фарбы, алоўкі, бо вырашыў, што стане мастаком, выказаў жаданне наведаць выставы карцін. Такі вынік парадуе кожнага педагога. Унікаль­насць творчай майстэрні ў тым, што ўсе малышы могуць праявіць свае таленты. Некаторыя робяць гэта асабліва ярка. Іх малюнкі вельмі акуратныя і прыгожыя, з насычанымі колерамі, завершанымі вобразамі. Бацькам такіх маленькіх творцаў я раю ў далейшым адправіць дзіця ў мастацкую школу”.

У магістратуры, дзе вучыцца Лізавета, студэнтам прапанавалі распрацаваць праект дзіцячага сада будучыні. Дзяўчына падзялілася сваёй марай адкрыць прыватны дзіцячы сад, які будзе знаходзіцца за горадам, каб выхаванцы маглі адчуць яднанне з прыродай, гулялі на свежым паветры, вывучалі прыроду, эксперыментавалі і, вядома ж, малявалі з натуры.

Надзея ЦЕРАХАВА.