На заняткі — у 6 месяцаў!

Малышу спаўняецца шэсць месяцаў, і яго ўжо запісваюць на развіццёвыя заняткі, а ў год адпраўляюць вывучаць англійскую мову. Ці правільна робяць бацькі? Што такое ранні дзіцячы ўзрост і чаму яму неабходна ўдзяляць вялікую ўвагу? Гэтыя пытанні мы абмеркавалі з Аленай Ішмуратавай — дацэнтам кафедры спецыяльнай педагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдатам педагагічных навук. Алена Міхайлаўна праводзіць развіццёвыя заняткі з дзецьмі да 3 гадоў у рэсурсным цэнтры інклюзіўнай адукацыі інстытута.

Не дзіця, а вечны рухавік

— Феномен ранняга ўзросту ў сярэдзіне мінулага стагоддзя сур’ёзна вывучалі японскія вучоныя. І даказалі: да 3 гадоў дзіця хутка ўсяму вучыцца, што лёгка растлумачыць з пункту гледжання фізіялогіі, — расказала Алена Міхайлаўна. — У гэтым узросце галаўны мозг чалавека стварае столькі нейронаў, колькі на працягу ўсяго далейшага жыцця. Яны хутка групуюцца ў залежнасці ад знешняга ўздзеяння на дзіця, і адбываецца яго паскоранае навучанне. Калі малы нарадзіўся, напрыклад, з неўралагічнай праблемай, яе лягчэй будзе выправіць менавіта ў раннім узросце. Таксама ўдасца пазбегнуць другасных парушэнняў. 

Дзіця павінна развівацца ў адпаведнасці з прынцыпамі прыродазгоднасці. Да года ўсе сілы мы кідаем на развіццё эмоцый і ўмення наладжваць сацыяльнае ўзаемадзеянне. Звяртаем увагу на эмацыянальны інтэлект: распазнаванне і заражэнне эмоцыямі, адрозненні ў паводзінах са знаёмымі і чужымі людзьмі, уменне глядзець у вочы і падтрымліваць зносіны з дапамогай мімікі і жэстаў і г.д. Дзяцей ранняга ўзросту называюць вечным рухавіком. Іх рухі накіраваны на развіццё эмоцый, спазнанне навакольнага свету, атрыманне новых уражанняў. Уменне іміта­ваць буйныя рухі (тупаць, пляскаць) дапамагае дзіцяці пасля пры вымаўленні слоў. Развіваючы спачатку эмоцыі і сацыяльнае ўзаема­дзеянне, падтрымліваючы рухальную актыўнасць малых, мы садзейні­чаем іх пазнавальнаму і маўленчаму развіццю.

Бацькі сёння мала размаўляюць з дзецьмі, часта сядзяць у гаджэтах, да якіх і малых прывучаюць. А тыя, як губкі, убіраюць навакольную інфармацыю, бяруць прыклад з дарослых. І гэта пытанне ўсвядомленага бацькоўства.

Згодна з нарматывам пачатку ХХ стагоддзя, дзеці ў год павінны гаварыць прыкладна 10 слоў. Сёння такое можна і не сустрэць. Дзеці пачынаюць гаварыць пазней, бо ў іх пазней паспявае частка кары галаўнога мозгу, што адказвае за маўленне. Растуць яны сярод вялікай колькасці тэхнікі, рэдка знаходзяцца ў цішыні. У зашумленай прасторы складана аддзяліць маўленчыя і немаўленчыя гукі. 

Што да ранняга вывучэння замежных моў, то гэта не вельмі карысна. У дзіцяці можа парушыцца вымаўленне на роднай мове. Многія замежныя мовы лягчэйшыя за рускую ці беларускую, у іх менш фанем. Фанематычны слых дзіцяці лягчэй засвоіць англійскія ці іспанскія фанемы, чым родныя славянскія.

Праграма для кожнага

— Калі маёй дачцэ споўнілася паўтара года, ёй спатрэбілася лагапедычная дапамога. У той час я з сям’ёй жыла ў Маскве, і мы звярнуліся ў цэнтр псіхолага-педагагічнай рэабілітацыі і карэкцыі “Ясенева”, — расказала Алена Міхайлаўна. — Кансультацыю для нас правяла Алена Ана­тольеўна Екжанава — доктар навук, прафесар Інстытута спецыяльнай адукацыі і псіхалогіі МГПУ. Мяне з дзіцем запрасілі на заняткі ў групу кароткачасовага знаходжання, а з часам прапанавалі папраца­ваць там (па першай адукацыі я педагог-дашкольнік). Далей была вучоба ў аспірантуры МГПУ, напісанне кандыдацкай дысертацыі аб развіцці дзяцей ранняга ўзросту ў выяўленчай дзейнасці. Сумесна з расійскімі вучонымі і практыкамі я ўдзельнічала ў распрацоўцы праграмы “Забавушка” для заняткаў з дзецьмі да 3 гадоў. 

Сёння Алена Міхайлаўна працуе ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ, выкладае студэнтам методыку карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі ранняга ўзросту з фактарам рызыкі інтэлектуальных парушэнняў, вядзе заняткі з малышамі па праграме “Забавушка” і па адпаведным дапаможніку.  

— Наша праграма ўніверсальная, падыходзіць для ўсіх дзяцей ад 6 месяцаў, — адзначыла спецыяліст. — Накіравана на базавае развіццё малышоў: эмацыянальнае, сацыяльнае, рухальнае, пазнавальнае і маўленчае. Адштурхоўваемся ад усіх відаў дзейнасці, даступных і цікавых малым, у якіх яны могуць быць самастойнымі, не залежаць ад дарослых. Кожны педагог возьме з праграмы тое, што яму неабходна для работы са звычайнымі дзецьмі і з тымі, у каго ёсць парушэнні. Праграму можна выкарыстоў­ваць і для выхаванцаў 6—10 гадоў з цяжкімі множнымі парушэннямі ў развіцці.  

Па жаданні дзяцей

Карэкцыйна-развіццёвыя заняткі Алена Міхайлаўна право­дзіць два разы на тыдзень у групе з 5—8 выхаванцаў у прысутнасці бацькоў. Курс доўжыцца з верасня па май — чэрвень. Разбежка па ўзросце паміж дзецьмі ў групе складае прыкладна год: так ім камфортна, яны паспяваюць адно за адным. Пабудаваны заняткі як 50-мінутны гульнявы сеанс, падчас якога адбываецца змена розных відаў дзейнасці. 

— Пачынаем звычайна з зарадкі, каб у дзяцей правільна фарміраваліся шкілет і мышцы. Практыкаванні выконваюцца пад музыку, малыя адначасова развіваюць гукаперайманне, паўтараюць пачутыя гукі: як едзе цягнік ці сігналіць машына і г.д., — гаворыць Алена Міхай­лаўна. — Выкарыстоўваю вершы, папеўкі, лагарытмічныя практыкаванні, элементы танцаў, ігру на музычных інструментах. Актыўная дзейнасць чаргуецца з больш спакойнай — лепкай і маляваннем, рэлаксацыяй. Віды дзейнас­ці мяняюцца не часта, ёсць пэўны парадак і рытуалы. Дзяцей не прымушаю штосьці рабіць. Улічваю іх жаданне ў пэўны момант пабегаць ці паляжаць, пагуляць ці паслухаць казку і г.д.

Дзіця павінна пайсці з заняткаў крыху не дагуляўшы, каб у яго было жаданне застацца, а не збегчы.

Мамы даведваюцца ў Алены Міхайлаўны пра гульні і цацкі, мастацкія творы, якія лепш выкарыстоўваць з малымі. Часам ро­бяць адкрыцці: аказваецца, вось што трэба купляць і ў што гуляць з дзецьмі. У педагога назапашана добрая база развіццёвых матэрыялаў. Гэта кнігі, розныя выяўленчыя сродкі, завадныя машынкі, сюжэтныя і музычныя цацкі (драўляныя лыжкі, бубны, званочкі, бразготкі, барабан, звонкія мячыкі, музычныя інструменты). Шмат мячоў, пірамідак, матрошак, ля­лек, кубікаў, канструктараў, прыстасаванняў для перасыпання і пералівання, прыродны матэрыял. Цацак хапае на ўсіх, прычым аднолькавых, каб малыя не сварыліся.

— У пачатку і ў канцы курса навучання праводзіцца дыягностыка дзяцей і кансультацыі для бацькоў, — падкрэслівае Алена Міхайлаўна. — Калі я развітваюся са сваёй групай, даю бацькам работу на лета ў адпаведнасці з індывідуальным профілем развіцця кожнага малыша.  

Інклюзіўная накіраванасць

Для педагога важны не дыягназ дзіцяці, яго часам выстаўляюць бліжэй да паступлення ў школу. Спецыяліст працуе з канкрэтным парушэннем або з фактарамі рызыкі ўзнікнення ў дзіцяці парушэнняў. На праблему могуць указаць медыкі, педагогі і бацькі. Важна не ўпусціць каштоўны час, не чакаць цуду, што само ўсё пройдзе. 

— Адна мама прывяла аднагадовага малыша, які не рэагаваў на навакольны свет, быў засяроджаны на сабе, не ўключаўся ні ў якую дзейнасць, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Мы пачалі займацца ў групе, а потым індывідуальна. Праграму рэабілітацыі пабудавалі як для дзіцяці з аўтызмам (у 2,5 года ў яго пацвердзілася парушэнне). Час мы не ўпусцілі. У далейшым хлопчык пайшоў вучыцца ў звычайную масавую школу.

Праграма “Забавушка” мае інклюзіўную накіраванасць, прадугледжвае, што ўсе дзеці, незалежна ад парушэнняў, займаюцца разам, а пачынаючы з 1,5 года вучацца і пераймаюць адно аднаго. Для аднаго малога другі малы такі ж, як і ён сам, адрозненняў ніхто не бачыць. Калі з ранняга ўзросту прывучаць розных дзяцей быць разам, ім будзе лягчэй у дзіцячым садзе і школе ўспрымаць не падобных да сябе.

— Нельга параўноўваць дзяцей паміж сабой, іх дасягненні, — працягвае Алена Міхайлаўна. — Уменне ўсміхацца, бегаць і скакаць у раннім узросце не менш важнае, чым уменне збіраць складаныя пазлы. Параўноўваць лепш дзіця сённяшняе з тым, якім яно было ўчора. Мая мэта, каб практычныя навыкі, атрыманыя на занятках, выхаванцы пераносілі ў штодзённае жыццё і забаўкі. Шчыра радуюся, калі даведваюся, што дзеці дома просяць бацькоў праспяваць такую ж песеньку, як чулі на занятках, расказаць тую ж казку і пагуляць у тую ж гульню.

— Педагог павінен не толькі вучыць, але і вучыцца, — упэўнена спецыяліст. — Па пытаннях карэкцыйнай педагогікі паміж расійскімі і беларускімі вучонымі даўно наладжана цеснае ўзаемадзеянне, праходзяць сумесныя канферэнцыі, семінары, стажыроўкі. Вучуся я ўсюды і ва ўсіх, нават у выхаванцаў. Адна дзяўчынка не хацела на занятках браць цацку ў руку. Сказаць не можа, глядзіць на мяне, плача і махае ручкай, маўляў, “пакуль-пакуль”. Няўжо яна хоча пайсці дадому? Потым я зразумела: яна махае “пакуль” цаццы, бо тая ёй не падабаецца. Цацку прыбралі, і дзяўчынка супакоілася. Цяпер прыём “пакуль-пакуль, цацка” прымяняю з іншымі дзецьмі.

Надзея ЦЕРАХАВА. 
Фота Ганны МАРТЫСЕВІЧ.