На заняткі — у клас робататэхнікі

Новыя лінгафонныя кабінеты і класы робататэхнікі з’явіліся ў пачатку новага навучальнага года ў гімназіі № 5 і сярэдняй школе № 7 Гродна, Азёрскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна. Гэта стала магчымым дзякуючы ўдзелу навучальных устаноў у міжнародным праекце “Умацаванне сацыяльнай інтэграцыі праз тэхналогіі, камунікацыі і трансгранічнае супрацоўніцтва” праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Літва — Латвія — Беларусь 2014—2020”.

У класе робататэхнікі гімназіі № 5 Гродна.

Акрамя беларускіх школ і гімназіі, у праекце ўдзельнічаюць школа — дзіцячы сад “Вітурэліс” і гімназія імя Мацеюса Густавіса з літоўскага горада Лаздзіяй.

У новых кабінетах гімназіі № 5 яшчэ пахне рамонтам, але дзеці і настаўнікі з задавальненнем выкарыстоўваюць новыя памяшканні для заняткаў і плануюць далейшую дзейнасць.

— Гэты праект — наш першы вопыт удзелу ў міжнародным праекце, — расказвае дырэктар гімназіі Вольга Генадзьеўна Хітрушка. — Спробы былі і раней, але свае мары ажыццявілі на гэтым праекце. Зараз вызначаем дзяцей, якія будуць удзельнічаць у мерапрыемствах, кантактаваць са сваімі равеснікамі з іншых школ. Вырашылі, што гэта будуць навучэнцы 5—8 класаў. Праўда, пандэмія ўнесла карэктывы ў нашы планы жывых зносін, але спадзяёмся на іх рэалізацыю. А сучасныя тэхналогіі і атрыманае абсталяванне дазваляюць праводзіць семінары, трэнінгі, спаборніцтвы дыстанцыйна.

У класе робататэхнікі кожнае месца абсталявана камп’ютарам, ёсць дэманстрацыйны стол, а таксама разнастайныя канструктары LEGO. Афармленне класа зрабілі настаўнікі гімназіі. У лінгафонным кабінеце таксама новыя сучасныя ноўтбукі, праектары, экраны са штатывамі. Кіраўніком дзейнасці класа робататэхнікі будзе педагог-арганізатар гімназіі № 5 Святлана Сяргееўна Санюкевіч, лінгафоннага кабінета — настаўніца англійскай мовы Людміла Іванаўна Раюшкіна.

Галоўная мэта праекта — забяспечыць занятасць і павысіць адукацыйныя магчымасці сацыяльна неабароненых дзяцей, даць ім веды ў галіне інфармацыйных тэхналогій, робататэхнікі і замежнай мовы, заняць іх вольны час. Карыстацца магчымасцямі новых пляцовак могуць усе навучэнцы і жыхары мікрараёнаў навучальных устаноў. Актыўна будзе весціся работа і ў шосты школьны дзень.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.