На заняткі — у тэатр

Калі збіраешся наведаць урок, то чакаеш, што патрапіш у клас або аўдыторыю. Аднак калі гэта заняткі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, то трапіць можна і ў тэатр. Што адбываецца на гэтых занятках і чаму на іх вучаць? Шукаем адказы разам.

Навучэнцы каледжа праводзяць урок на сцэне Купалаўскага тэатра.

…Утульная зала Купалаўскага тэатра запаўняецца прыгожымі дзяўчатамі ў аднолькавых строгіх сукенках. Яны рассаджваюцца па гля­дзельных месцах і дастаюць ручкі і аркушы паперы. На тварах чытаецца засяроджанасць і адначасова прадчуванне: іх чакае не толькі сустрэча з мастацтвам, але і інтэлектуальная праца. Так пачынаецца дзень тэатральнай педагогікі для навучэнцаў Мінскага гарадскога педкаледжа.

Каледж шукае інавацыйныя падыходы да падрыхтоўкі будучых педагогаў і ўключае знаходкі ў адукацыйны працэс. Адзін з такіх падыходаў — выкарыстанне сродкаў тэатральнага мастацтва. З 2018 года ў педкаледжы рэалізоўваецца адукацыйны праект “Тэатральная педагогіка”, галоўная задача якога — фарміраванне прафесійных кампетэнцый будучых педагогаў сродкамі тэатральнага мастацтва.

Урок на сцэне

У рамках праекта чатыры разы ў год ла­дзяцца дні тэатральнай педагогікі — незвычайныя заняткі, месцам правядзення якіх становяцца розныя тэатры сталіцы. Дзень тэатральнай педагогікі прадугледжвае тры складнікі: урок на сцэне, прагляд спектакля, сустрэчу з госцем дня. Як праходзяць такія заняткі, раскажам на прыкладзе мерапрыемства ў Купалаўскім тэатры. Пасля таго як прагучыць трэці званок, на сцэну выхо­дзяць не артысты тэатра, а прадстаўніцы педкаледжа — навучэнкі 4 курса Марыя Беляковіч і Ганна Лімант і першакурсніцы Юлія Алешка і Ангеліна Баканіна. Яны право­дзяць урок на сцэне “Мастацтва бачыць дэталі”. Змест урока да спектакля ўключае знаём­ства з метадычнымі прыёмамі работы з тэкстам. Прысутныя ў зале ў хуткім часе ўбачаць спектакль “Ноч на Каляды”. Прагляд гэтай пастаноўкі дапамагае ў развіцці навыкаў разва­жаць, крытычна і аналітычна ду­маць, вызначаць дэталі сюжэта, высвятляць, у чым была задума стваральніка, прыходзіць да ўласнай ацэнкі ўбачанага.

Вядучыя звяртаюць увагу на тое, што выхавальнік і настаўнік пачатковых класаў заў­сёды працуюць з кнігай. Але мала навучыць дзіця чытаць, важна навучыць разумець тое, што ён чытае. Педагог ведае, як гэта зрабіць, у яго метадычным арсенале ёсць спецыяльныя інструменты. І будучым педагогам у зале даецца магчымасць папоўніць сваю метадычную скарбонку прыёмамі работы з тэкстам.

Каб атрымаць ад чытання як мага больш, трэба вучыцца бачыць у кнізе тое, што хацеў паказаць яе аўтар. Уменне фармуляваць глыбокае пытанне, удзяляць пільную ўвагу дэталям мастацкага твора — гэта прафесійныя кампетэнцыі педагога. Мікалай Васільевіч Гогаль — прызнаны майстар дэталізацыі, і на прыкладзе яго твораў вельмі добра вучыцца звяртаць увагу на дэталі.  

У кожнага навучэнца-гледача ў зале ў руках спецыяльна падрыхтаваны да ўрока рабочы ліст. Вядучыя згадваюць розныя прыёмы і даюць навучэнцам заданні, якія яны павінны выканаць у рабочых лістах на аснове ўбачанага спектакля. Напрыклад, размаўляюць пра прыём “Успамін” і да­юць заданне запісаць у рабочых лістах дзве паралелі: “Кнігі аб святах” і “Кнігі, дзе герой выконвае даручэнні-выпрабаванні”. Потым на сцэне ўспамінаюць таксаномію і класіфікацыю пытанняў, што такое “тонкія” і “тоў­стыя” пытанні. Гледачы атрымліваюць заданне запісаць па адным пытанні кожнага тыпу. Вядучыя даюць азначэнне паняццю “мастацкая дэталь” і даюць заданне падчас прагляду спектакля знайсці і запісаць псіхалагічныя, апісальныя, сюжэтныя, партрэтныя і іншыя дэталі. Атрымліваюць навучэнцы і дамашняе заданне — напісаць эсэ “Незаўважанае і схаванае…”.

Госць дня — Павел Харланчук-Южакоў.

Потым вядучыя пакідаюць сцэну і пачынаецца спектакль “Ноч на Каляды”, які паставіў рэжысёр Мікалай Пінігін. Гледачы трапля­юць у святочна-прыгодніцкую атмасферу гогалеўскай Дзіканькі, напоўненую жартамі і цудамі. Арыгінальныя рэжысёрскія рашэнні і пераканаўчая ігра акцёраў захоплівае, аднак гледачы стараюцца не забываць пра свае заданні і робяць паметкі ў рабочых лістах.

У трэцяй частцы мерапрыемства навучэнцаў чакае творчая сустрэча. Да дыялогу запрашаецца  акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Харланчук-Южакоў. Ён выконвае адну з галоўных роляў у спектаклі і выходзіць пагутарыць з гледачамі адразу пасля паказу, у сцэнічным грыме і касцюме. Акцёр расказвае, якога гледача чакаюць сёння ў Купалаўскім тэатры, якога гледача хацелася б, каб выхоўвалі педагогі. Артыст прызнаецца, што лічыць галоўным у педагогу ўменне захаваць, а не сапсаваць тое, што закладзена ў чалавеку прыродай.

Настаўнік — акцёр і рэжысёр

У Мінскім гарадскім педкаледжы гэты праект вельмі любяць і педагогі, і навучэнцы, таму што падобныя заняткі парушаюць прывычнае цячэнне штодзённасці і дораць новыя фарбы жыццю.

— Дзень тэатральнай педагогікі — гэта набор сацыяльных, гістарычных, адукацыйных і культурных практык для навучэнцаў, — так апісвае ініцыятыву кіраўнік праекта Святлана Станіславаўна Елісеева. — Мы ствараем для моладзі прастору шматмернага дыялогу з мінулым, будучыняй і цяперашнім. І гэты дыялог разгортваецца ў моўным полі рытму, колеру, гуку, формы, дзеяння, а не толькі слова. Гэта дае прастор для спантанных рэакцый і нечаканых адкрыццяў, дапамагае адысці ад штампаў.

Усе ўдзельнікі праекта пераканаліся: заняткі ў тэатры цікавыя, ды і карысць у іх бачаць значную. Першае і самае галоўнае тое, што дзень тэатральнай педагогікі — гэта сродак развіцця кампетэнцый, неабходных для паспяховай прафесійнай дзейнасці. Мерапрыемства спрыяе выпрацоўцы ўласных поглядаў на будучую прафесію праз прызму тэатральнага мастацтва.

Змест спектакля выкарыстоўваецца як вучэбны матэрыял для дысцыплін прафесійнага кампанента, такіх як “Культура маўлення”, “Асновы выразнага чытання”, “Методыка развіцця маўлення”, “Сусветная дзіцячая літаратура”, “Методыка выкладання літаратурнага чытання”.

Назіраючы за тым, як разгортваецца пастаноўка, як выконваюць свае ролі акцёры, будучыя настаўнікі таксама вучацца. Педагогу, як і акцёру, даводзіцца выступаць перад гледачамі — дзецьмі, бацькамі, калегамі. Уменне ўздзейнічаць на пачуцці і розум публікі, выступаць эмацыянальна і пераканаўча —  усё гэта будзе карысным у прафесійнай дзейнасці педагога, і гэтаму можна павучыцца ў майстроў сцэны. Не менш карыснае ўменне — арганізаваць урок, заняткі, выступленне так, каб дасягнуць сваіх мэт і задач. А гэты навык можна ўдасканаль­ваць, назіраючы за тым, як  рэжысёр выбудоўвае драматургію спектакля. Безумоўна, моцны імпульс такія заняткі надаюць і творчаму развіццю асобы.

Па-другое, такія заняткі аказваюць на­дзвычай моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на моладзь. Дзень тэатральнай педагогікі дае магчымасць перажыць шчырыя эмоцыі, паставіць перад сабой сумленныя пытанні, пражыць сітуацыі, якія не змог зведаць у рэальным жыцці. Гэта такое пазнанне сябе і іншага ў прасторы мастацтва, якое дазваляе гаварыць пра самае патаемнае, не парушаючы асобасных меж.

Па-трэцяе, падобныя мерапрыемствы спрыяюць эстэтычнаму выхаванню. Уменне бачыць, разумець мастацтва, імкненне самастойна ствараць нешта новае — усё гэта робіць духоўнае жыццё чалавека больш багатым і цікавым, дае магутны духоўны стымул.

І, нарэшце, урокі ў тэатрах выхоўваюць навучэнцаў як гледачоў, прывіваюць ім любоў да тэатральнага мастацтва, культуру сустрэч з мастацкім творам. А яшчэ рыхтуюць будучых педагогаў да выхавання новых пакаленняў удумлівых і неабыякавых гледачоў.

У рамках праекта праводзяцца чатыры віды ўрокаў. Урок-адкрыццё ставіць задачай фарміраванне агульнай культуры будучага педагога на аснове патрыятычных перакананняў, духоўных і маральных каштоўнасцей, выхаванне сацыяльнай талерантнасці, цікавасці і павагі да прадстаўнікоў іншых культур.

Перад мерапрыемствам кожны навучэнец атрымлівае рабочы ліст.

 Урок-майстэрня прадугледжвае вывучэнне, аналіз і далейшае выкарыстанне ў сваёй працы педагагічных тэхналогій, перадавога педагагічнага вопыту; развіццё здольнасці да ўдасканалення сваёй дзейнасці, павышэння прафесійнага ўзроўню, да рэфлексіі; адпрацоўку практычных навыкаў; фарміраванне ўменняў разважаць, крытычна і аналітычна думаць, разумець і даследаваць інфармацыю; аналізаваць падзеі; фармуляваць абгрунтаваныя высновы; ацэньваць, інтэрпрэтаваць, карэктна прымяняць атрыманыя вынікі да сітуацый і праблем і інш.

Урок-творчасць накіраваны на развіццё крэатыўнасці, здольнасці да сацыяльнага ўзаемадзеяння, міжасобасных камунікацый, кааперацыі і супрацоўніцтва; фарміраванне ўменняў выслухоўваць і браць пад увагу по­гляды іншых людзей, выступаць на публіцы, дыскутаваць і абараняць свой пункт гле­джання.

Урок-памяць фарміруе грамадзянс­касць, патрыятызм, нацыянальную самасвядо­масць, маральную, эстэтычную, экалагічную культуру, спрыяе  сацыялізацыі і самаразвіццю асобы будучага педагога.

Тэатральная педагогіка ў дзеянні

За час рэалізацыі праекта было праве­дзена некалькі дзён тэатральнай педагогікі. Усе яны прайшлі ў розных тэатрах, былі розныя па змесце, аднак усе эмацыянальныя і захапляючыя.

Старт праекту дала сустрэча пад назвай “Песняры роднай зямлі”, якая прайшла ў сценах Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Урок на сцэне правяла Святлана Станіславаўна Елісеева, выкладчык, кіраўнік практыкі каледжа. Для прагляду быў абраны спектакль “Пясняр”. Навучэнцаў аб’ядналі на ўроку разважанні пра тое, хто такі пясняр, ці ёсць падабенства паміж яго прызначэннем і місіяй педагога, як нараджаецца любоў да роднай зямлі, хто можа разгледзець здольнасці дзіцяці і накіраваць яго на служэнне сваёй Айчыне. Да разважанняў далучыліся і госці мерапрымства — Васіль Дранько-Майсюк, паэт, драматург, аўтар п’есы “Пясняр”, і Валянціна Еранькова, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, рэжысёр спектакля.

Сцэнарый гэтага мерапрыемства атрымаў дыплом І ступені на Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”. Дарэчы, самы першы ўрок у рамках праекта “Тэатральная педагогіка” прайшоў 1 верасня і зарадзіў новую традыцыю — менавіта так пачынаць новы навучальны год.

У 2019 годзе першы ўрок новага навучальнага года таксама прайшоў на сцэне — у Драматычным тэатры беларускай арміі. Тэма ўрока  — “Самая цудоўная краіна на свеце…”. Заняткі праводзілі навучэнцы каледжа, глядзелі спектакль “Я — твой афіцэр”. Спектакль і ўрок прымусілі задумацца пра служэнне сваёй Айчыне, пра вернасць абавязку, гатоўнасць зрабіць у жыцці самы складаны выбар, пра каштоўнасць сапраўднай дружбы і любові.

Праект пашырае кола ўдзельнікаў. Да ініцыятывы далучаюцца педагогі і навучэнцы педагагічных класаў сталічных школ. Ва ўроках на сцэне разам з выкладчыкамі і навучэнцамі педагагічнага каледжа  бяруць удзе­л навучэнцы школ і гімназій  Мінска. Напрыклад, дзень тэатральнай педагогікі пад назвай “Увесь гэты свет — збор казак…” прайшоў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Урок на сцэне правяла выкладчык каледжа Таццяна Іванаўна Паўлючук, а ўдзельнічалі ў ім навучэнцы пачатковых класаў.

Урок-майстэрня дэманстраваў метадычныя прыёмы работы з казкай, на прыкла­дзе твора С.Казлова “Як Вослік, Вожык і ме­дзведзяня Новы год сустракалі”. Каментарыі выкладчыка дапамагалі разабрацца ў асаблівасцях прыёмаў “Чытанне з прыпынкамі”, “Паглыбленне ў казку”, “Няскончаны сказ”, “Сінквейн” і інш. Прагляд казкі “Па шчупаковай волі…” даў магчымасць павучыцца ў прафесійных акцёраў тэатралізацыі, увасабленню аўтарскага прачытання казкі, а таксама практычнаму выкарыстанню прапанаваных метадычных прыёмаў.  

— Усё, што адбываецца ў педагагічным каледжы, прафесійна арыентавана. Наша галоўная задача — падрыхтаваць добрага прафесіянала, спецыяліста. І ўсе мера­прыемствы, якія праходзяць ва ўстанове, накіраваны на вырашэнне гэтай задачы, у тым ліку праект “Тэатральная педагогіка”. Такімі ўрокамі мы павышаем метадычную дасведчанасць будучых выкладчыкаў, акрамя таго, гэта кожны раз выбітная падзея, сапраўднае свята для дзяцей, якое дорыць неверагодны зарад эмоцый, — расказвае дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая. — Нядаўна праект атрымаў грант Мінгарвыканкама. Мы ганарымся нашым праектам, які пацвердзіў сваю важнасць, запатрабаванасць, выніковасць, і гатовы развіваць яго далей.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.