На змену планавым праверкам прыйдуць выбарачныя

Планавыя праверкі суб’ектаў гаспадарання ў Беларусі з 2019 года заменяць выбарачнымі на аснове сістэмы рызык. Аб гэтым паведаміў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў у Маскве на сесіі Савета вышэйшых органаў фінансавага кантролю дзяржаў — удзельніц СНД.

“З 2019 года замест планавых праверак у краіне ўводзіцца новая форма кантролю — выбарачныя праверкі, заснаваныя на сістэме ацэнкі рызыкі ўчынення суб’ектам гаспадарання правапарушэнняў і высокай ступені іх негатыўных наступстваў”, — сказаў Леанід Анфімаў.

Ён адзначыў, што адбор суб’ектаў па ўказаных крытэрыях ацэнкі будзе праводзіцца з дапамогай інтэграванай аўтаматызаванай сістэмы кантрольнай дзейнасці ў Беларусі. Паводле слоў старшыні Камітэта дзяржкантролю, гэтая сістэма забяспечвае ўзаемадзеянне кантралюючых і наглядных органаў усіх узроўняў пры планаванні кантрольных мерапрыемстваў, арганізацыі і правядзенні праверак, дае магчымасць весці ўлік праверак і вынікаў, аналізаваць іх дынаміку і тэндэнцыі, вызначаць умовы і фактары, якія ўплываюць на гэтыя працэсы.

Каменціруючы карэспандэнту БелТА гэту навацыю, Леанід Анфімаў адзначыў, што тэма скарачэння праверак суб’ектаў гаспадарання ўжо даволі даўно абмяркоўваецца як у грамадстве, так і ў органах дзяржкіравання. “Ажыццяўляць праверкі без важкіх падстаў — значыць стрымліваць развіццё бізнесу, дзелавой ініцыятывы”, — упэўнены старшыня КДК. Паводле яго слоў, рызыка-арыентаваны метад праверак заснаваны на тым, ці ёсць у суб’екта гаспадарання патэнцыяльныя пагрозы ўзнікнення пазаштатных сітуацый, звязаных з парушэннем заканадаўства ў гаспадарчай і эканамічнай сферы.

Леанід Анфімаў дадаў, што кантрольныя органы Беларусі ўжо цяпер істотна скарацілі колькасць праверак суб’ектаў гаспадарання.