Кампетэнтнасна арыентаваныя заданні — аснова фарміравання каштоўнасных арыенціраў вучняў пры рабоце з мастацкім тэкстам.
Адным з ключавых пытанняў ажыццяўлення адукацыйнага працэсу ў сучасных умовах з’яўляецца ўвага да выхавання асобы вучняў, асабліва сродкамі такога прадмета, як беларуская літаратура. I гэта зразумела. Вывучэнне айчыннага слоўнага мастацтва ў адпаведнасці з патрабаваннямі інструктыўна-метадычнага пісьма скіроўвае ўвагу настаўніка на ўсведамленне сябе грамадзянінам, праяўленне павагі да нацыянальнай культурнай спадчыны, усведамленне значнасці сацыяльна адказных паводзін, праяўленне міжэтнічнай і міжкультурнай талерантнасці, паважлівае стаўленне да чужога меркавання, а таксама на здольнасць да эстэтычнага ўспрымання навакольнага свету, праяўленне эмацыянальнай сталасці.
Акрамя таго, перад урокамі беларускай літаратуры стаіць задача фарміравання ў вучняў маральных каштоўнасных арыентацый, цэласнай сістэмы поглядаў на свет. Эстэтычнае пачуццё — адно з самых важных пачуццяў чалавека. Яно адлюстроўвае духоўную патрэбу ў прыгожым і ўвогуле характарызуе чалавека як асобу. Неразвітасць эстэтычных пачуццяў запавольвае фарміраванне інтэлекту, маральных якасцей. Уменне бачыць прыгожае, разумець і цаніць яго неабходна кожнаму чалавеку, таму, развіваючы эстэтычныя пачуцці вучняў, настаўнік рыхтуе іх да жыцця.
З прыгожым у жыцці і мастацтве вучні сустракаюцца на ўроках пры аналізе мастацкіх твораў, у якіх асэнсоўваюцца пытанні гуманных адносін да навакольнага свету (беражлівыя адносіны да прыроды, жывёл, рэчаў, культурнай спадчыны краіны), прававой і маральнай культуры (выкананне законаў і маральных норм, прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей), грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі (паважлівыя адносіны да гісторыі і культуры сваёй краіны, жаданне прынесці ёй карысць), паважлівых адносін да працы і інш.
Падмуркам сучаснага ўрока беларускай літаратуры з’яўляецца работа з тэкстам мастацкага твора, які становіцца асновай у працэсе фарміравання каштоўнасных арыенціраў у падрастаючага пакалення. Так, напрыклад, знаёмства з малой прозай Івана Чыгрынава адбываецца на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Для падрабязнага вывучэння і аналізу прапанавана апавяданне “Дзівак з Ганчарнай вуліцы”.
На старшай ступені сярэдняй школы літаратурная адукацыя арыентуе вучняў не толькі на паглыбленае вывучэнне мастацкіх твораў, але і на веданне асноўных звестак пра жыццё і творчасць пісьменніка. Зварот да біяграфіі дае вучням магчымасць лепш зразумець твор, суаднесці яго змест з часам, у які і пра які напісаны тэкст, усвядоміць, што літаратура — гэта мастацкае адлюстраванне рэчаіснасці, што пазіцыя аўтара нярэдка тлумачыцца тымі абставінамі і сітуацыямі, у якіх яму даводзілася пісаць, што праз вобразы герояў аўтар прадстаўляе сваю сістэму каштоўнасцей і акрэслівае каштоўнасны свет грамадства пэўнай
эпохі.
Звярнуўшыся да біяграфіі Івана Чыгрынава, сучасны вучань асэнсуе, чаму пісьменнік у апавяданні імкнецца вытлумачыць няпростыя жыццёвыя сітуацыі і чалавечыя характары.
Для арганізацыі кантролю вучэбных дасягненняў вучняў 11 класа на ўроках беларускай літаратуры прапаную метадычныя ўзоры кампетэнтнасна арыентаваных заданняў (КАЗ) па манаграфічнай тэме “Іван Чыгрынаў”, якія скіраваны на аналіз жыццёвых сітуацый, у якіх апынуліся літаратурныя героі, і прынятых імі рашэнняў; на ўсведамленне і прыманне (непрыманне) духоўна-маральных ідэалаў герояў; на пошук у мастацкім творы арыенціраў для ўласных паводзін у розных жыццёвых абставінах.

КАЗ № 1. Апавяданне “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” І.Чыгрынава
Ключавая кампетэнтнасць: літаратурная, культуратворчая, маўленча-камунікатыўная.
Стымул. “Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся — Слову…” (Янка Брыль).
Задачная фармулёўка. 1. Прыгадайце першапачатковую назву апавядання “Дзівак з Ганчарнай вуліцы”. Раскрыйце яе сэнс. 2. Агучце ключавыя пазіцыі апавядання І.Чыгрынава. 3. Дакажыце, што апавяданне “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” І.Чыгрынава спалучае ў сваім змесце як традыцыю, так і наватарства. 4. Паразважайце над зместам радкоў: “…Бо не кожная рана паддаецца лекам. Асабліва, калі на душы…”. 5. Вызначце, чаму апавяданне “Дзівак з Ганчарнай вуліцы”, напісанае І.Чыгрынавым у 1961 годзе, не страціла сваёй актуальнасці ў першай чвэрці XXI стагоддзя.
Форма прадстаўлення вынікаў. Уявіце, што вы з’яўляецеся арганізатарам анлайн-гульні, прысвечанай творчасці Івана Чыгрынава, і вам трэба падрыхтаваць на аснове зместу апавядання “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” гульню “Што? Дзе? Калі?”, асэнсаваўшы ідэйна-мастацкі змест твора і выказванне Алеся Марціновіча: “Відавочныя задаткі І.Чыгрынава-празаіка: уважлівае асэнсаванне матэрыялу, нешматслоўнасць і разам з тым глыбокі падтэкст, пераканаўчасць псіхалагічных характарыстык персанажаў…”.
Крыніца інфармацыі: апавяданне “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” І.Чыгрынава, “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (т.4, кн.1), дапаможнік “Беларуская літаратура. 11 клас” (аўт. А.Бельскі, М.Тычына).
КАЗ № 2. Вобраз старога Дземідзёнка
Ключавая кампетэнтнасць: літаратурная, каштоўнасна-светапоглядная, маўленча-камунікатыўная.
Стымул. Іван Чыгрынаў адзначыў: “Пакуль жыве народ — датуль дзейнічае ягоная памяць. Яна самая сумленная, што ёсць на свеце, і самая справядлівая…”.
Задачная фармулёўка. 1. Назавіце, хто з’яўляецца галоўным героем апавядання. 2. Акрэсліце асаблівасці характару Дземідзёнка ў адпаведнасці з аўтарскім апісаннем яго знешняга выгляду. Зачытайце яго. 3. Агучце, якую трагедыю перажыў галоўны герой, які адбітак яна пакінула ў яго душы. 4. Вылучыце пяць ключавых пунктаў, якія яскрава характарызуюць адносіны да Дземідзёнка гараджан. 5. Стварыце лесвіцу ўзыходжання Дземідзёнка па жыццёва-пакутніцкіх прыступках да духоўнага самапазнання героя.
Форма прадстаўлення вынікаў. Уявіце, што вы з’яўляецеся супрацоўнікам бібліятэкі і вы ведзяце картатэку “Вобразы-персанажы айчыннай літаратуры”. Запоўніце анкету галоўнага і другарадных (аўтара-апавядальніка) герояў апавядання “Дзівак з Ганчарнай вуліцы”, пазначыўшы наступныя крытэрыі: імя, узрост, знешні выгляд, дзейнасць, рысы характару (станоўчыя і адмоўныя), свядомасць, узаемаадносіны з іншымі персанажамі.
Крыніца інфармацыі: апавяданне “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” І.Чыгрынава, дапаможнік “Беларуская літаратура. 11 клас” (аўт. А.Бельскі, М.Тычына).
КАЗ № 3. Душэўныя пакуты старога Дземідзёнка
Ключавая кампетэнтнасць: літаратурная, культуратворчая, каштоўнасна-светапоглядная, маўленча-камунікатыўная.
Стымул. “Не задумаліся людзі яшчэ, што на зямлі на ўсіх адна душа… Што пачынаць ваяваць — супраць сябе ж ваяваць, што пачынаеш забіваць — сябе ж забіваць… Адна ж душа…” (Аляксей Дудараў).
Задачная фармулёўка. 1. Растлумачце паняцце “душэўны боль”. У якіх творах беларускай ці сусветнай літаратуры мы звярталіся да гэтага аспекта. Прывядзіце тры-чатыры прыклады. 2. Назавіце, якую форму раскрыцця ідэйна-мастацкага зместу апавядання выбраў Іван Чыгрынаў. 3. Вызначце, якую ролю ў сталенні Дземідзёнка, развіцці яго ўнутранага свету адыгрываюць падзеі ў час вайны. 4. Дакажыце, што лёс Дземідзёнка — гэта адбітак асэнсаванага разумення чужога гора, чуласць у адносінах да тых спакутаваных душ, якім вялікае гора і пасля вайны ўсё яшчэ не давала спакою. Свой доказ пацвердзіце трыма-пяццю ёмістымі цытатамі з апавядання. 5. Агучце, у чым Дземідзёнак бачыць сапраўдныя каштоўнасці ў жыцці чалавека. Растлумачце іх.
Форма прадстаўлення вынікаў. Уявіце, што вы літаратурны крытык і вам на аснове зместу апавядання “Дзвівак з Ганчарнай вуліцы” трэба скласці логіка-сэнсавую мадэль “Жыццёвыя пакуты Дземідзёнка” і прадставіць яе на круглым стале, прымеркаваным да юбілею І.Чыгрынава.
Крыніца інфармацыі: апавяданне “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” І.Чыгрынава, дапаможнік “Беларуская літаратура. 11 клас” (аўт. А.Бельскі, М.Тычына).
Такім чынам, кампетэнтнасна арыентаваныя заданні пры вывучэнні манаграфічнай тэмы “Іван Чыгрынаў” у 11 класе дапамагаюць:
— сканцэнтравацца на практычнай дзейнасці і яе сувязі са штодзённым жыццём;
— звязаць вывучаны матэрыял з асабістым сацыяльным вопытам і ўяўленнямі пра сацыяльнае жыццё і паводзіны людзей у грамадстве;
— выявіць адносіны вучняў да мастацкага твора, яго герояў.
Вышэйадзначанае скіроўвае ўвагу падрастаючага пакалення на фарміраненне такіх каштоўнасных арыенціраў, як каханне, сям’я, дом, “станоўчае — адмоўнае”, жыццё, раўнадушша, сяброўства, якасці характару, адданасць роднаму краю, захаванне прыроды.
Яўген ЕСІС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра Гомельскай вобласці ,
член клуба “Крыштальны журавель”.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ і з асабістага архіва аўтара.