Наблізіліся да крыштальнага жураўля

У Мінску падведзены вынікі гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі—2020” і вызначаны яго пераможцы, якія прадставяць рэгіён на заключным этапе  рэспубліканскага  конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, які пройдзе восенню.

Па словах начальніка цэнтра падтрымкі і развіцця інавацыйнай адукацыйнай практыкі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Людмілы Георгіеўны Венцаравай, сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 84 педагогі з устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — гэта як зусім маладыя настаўнікі (7% канкурсантаў маюць стаж да 5 гадоў работы), так і вопытныя (больш як палова педагогаў — больш за 10—15 гадоў). Сярод канкурсантаў 30% педагогаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 2 настаўнікі-метадысты, 5 выпускнікоў магістратуры і аспірант.

Педагогам давялося прайсці конкурсныя выпрабаванні ў трох турах. У першым туры іх чакалі рэклама метадычнага прыёму “Проста і вынікова”, правядзенне заняткаў у незнаёмым класе, прадастаўленне іх плана і самааналіз, у другім — апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці (завочна), ацэнка ўзроўню навукова-тэарэтычнай, прадметнай і метадычнай падрыхтоўкі ў форме тэсціравання, адкрыты ўрок у незнаёмым класе. У трэцім туры канкурсантам неабходна было правесці майстар-клас у сваёй установе адукацыі, запісаць яго і выслаць для ацэнкі журы.

Свае лепшыя прафесійныя якасці, педагагічны стыль і майстэрства ўдзельнікі конкурсу прадэманстравалі на ўроках у незнаёмых класах. Настаўніца біялогіі і хіміі гімназіі № 146 Мінска Святлана Віктараўна Курловіч правяла ўрок хіміі ў 8 класе “Перыядычнасць змянення ўласцівасцей атамаў хімічных элементаў”. Настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 51 Мінска Ірына Мікалаеўна Герман запрасіла дзевяцікласнікаў на ўрок па тэме “Пабудова дыяграм”. Выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 490 Сняжана Сяргееўна Кучынская арганізавала заняткі з дзецьмі старшай групы “Падарожжа ў чароўны горад Матэматыкі” (адукацыйная галіна “Элементарныя матэматычныя ўяўленні”).

Вельмі цікава прайшоў конкурс—рэклама метадычнага прыёму “Проста і вынікова”, на якім удзельнікі пазнаёмілі педагогаў, якія сабраліся ў зале, з самымі эфектыўнымі, на іх погляд, метадычнымі прыёмамі, якія дазваляюць зрабіць працэс навучання актыўным, цікавым і развіццёвым. Так, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 38 Мінска Алена Мікалаеўна Шэлег паспяхова выкарыстоўвае прыём  GLIMBING GRAMMAR MONTAN. Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 24 Вольга Віктараўна Петрушэня прадставіла метадычны прыём “Эфект 5D”. Сутнасць яго заключаецца ў арганізацыі работы з навучэнцамі, якія валодаюць рознымі тыпамі ўспры­мання інфармацыі. Выкарыстанне прыёму дазваляе ім увайсці ў тэкст, ажывіць яго, прапанаваўшы ўбачыць, пачуць і адчуць карціну прыроды. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 43 Вікторыя Аляксандраўна Даніленка расказала аб выкарыстанні прыёму “Палітра асацыяцый”. Прымяненне гэтага прыёму на ўроках садзейнічае развіццю творчай актыўнасці і лагічнага мыслення навучэнцаў, удасканальвае механізмы запамінання, узбагачае слоўнікавы запас дзяцей.

—         Конкурснае выпрабаванне “Рэклама метадычнага прыёму” выклікала непадробную цікавасць у гледачоў. Педагогі-канкурсанты прадстаўлялі свае прыёмы, якія яны выкарыстоўваюць для павышэння якасці адукацыі. Прычым прыёмы работы ў большасці сваёй былі накіраваны на работу з гаджэтамі, у дыстанцыйным рэжыме, на выкарыстанне сучасных тэхналогій. Сёлета, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, мы праводзілі камп’ютарнае тэсціраванне для ўсіх удзельнікаў конкурсу. У якасці базы па тэсціраванні для настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя ўпершыню быў прапанаваны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Актыўнае супрацоўніцтва было арганізавана і з Мінскім гарадскім педагагічным каледжам. На адкрытыя мерапрыемствы ў межах конкурсу мы запрашалі маладых педагогаў (з гарадскіх школ маладых, членаў студыі прафесійнага ўдасканалення “Рост”). Мы лічым, што конкурсы прафесійнага майстэрства — адкрытая пляцоўка для абмену вопытам, новых перадавых ідэй, якія маладыя і вопытныя педагогі маглі б выкарыстоўваць у сваёй рабоце. У цэлым за ўвесь перыяд конкурсу было праведзена 110 адкрытых урокаў. Больш за 1000 педагогаў маглі наведаць усе адкрытыя конкурсныя мерапрыемствы , — падкрэсліла Л.Г.Венцарава.

Як адзначыла журы конкурсу, усе яго ўдзель­нікі былі матываваны на атрыманне выніку. Увогуле, сёлета быў дастаткова моцны падбор педагогаў. Гэта паказвае, што раённыя ўпраўленні па адукацыі дастаткова сур’ёзна падышлі да правядзення спаборніцтваў. У фінал выйшлі як маладыя педагогі, так і настаўнікі са стажам работы, большым за 25 гадоў. Прайшоўшы праз конкурсныя выпрабаванні, яны паказалі сябе высокімі прафесіяналамі, актыўнымі, творчымі, мабільнымі, здольнымі да самаразвіцця і самаўдасканалення, якія спалучаюць у сваёй рабоце традыцыі з інавацыйнымі падыходамі.

Пераможцамі гарадскога конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2020” сталі:

у намінацыі “Разумнае. Добрае. Вечнае” — настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 168 Валянціна Станіславаўна Драбышэўская;

у намінацыі “Пачатак пачаткаў” — настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 32 Лідзія Анатольеўна Аўсюк;

у намінацыі “Свая вышыня” — настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 191 Максім Уладзіміравіч Асмолаў;

у намінацыі “Вакол свету” — выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Ніна Аляксееўна Ерахавец;

у намінацыі “Правільнае рашэнне” — настаўнік фізікі і матэматыкі сярэдняй школы № 45 Максім Вітальевіч Яўланаў;

у намінацыі “Калі цябе разумеюць” — настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 200 Кацярына Валянцінаўна Ефіменка;

у намінацыі “Звычайны цуд” — настаўнік хіміі ліцэя № 2 Дзмітрый Юр’евіч Коўзун;

у намінацыі “Дзяцінства.Творчасць. Развіццё” — выхавальніца ясляў-сада № 522 Алена Паўлаўна Быкава.

—         У 2005 годзе я ўжо прымала ўдзе­л у конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, праўда, тады я была нявопытнай, — дзеліцца сваімі ўражаннямі настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Станіславаўна Драбышэўская. —  Пасля конкурсу проста не магла працаваць як раней: павялічыўся ўзровень прафесіяналізму,і мне пастаянна хацелася самаўдасканальвацца. Калі я стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, давялося працаваць яшчэ і з педагогамі, гэта значыць ствараць умовы для таго, каб метадычны ўзровень настаўнікаў павышаўся. Лічу, што намеснік дырэктара заўсёды павінен быць прыкладам: калі штосьці патрабуеш ад іншых, павінен умець сам. Таму сёлета разам са сваімі настаўнікамі я прыняла ўдзел у раённым этапе конкурсу і стала яго пераможцай.

Думаю, што конкурс для любога настаўніка — гэта праверка ведаў, уменняў, праверка сілы духу, бо сціслыя тэрміны, вялікая колькасць мерапрыемстваў і высокія крытэрыі ацэньвання. Я вельмі старалася, бо за мяне хварэлі мае дзеці, падтрымлівалі калегі, адміністрацыя раёна. Самым складаным для мяне ў конкурсе было распісаць педагагічны вопыт. А прадстаўляла я работу студыі “Літаратурны вобраз”, якая аб’ядноўвае і дзяцей, і бацькоў, і нават ветэранаў педпрацы, пася­джэнні якой не толькі садзейнічаюць фарміраванню літаратурных уменняў, але і даюць магчымасць вырашыць асобасныя праблемы. Больш за ўсё мне спадабалася даваць урокі ў незнаёмых класах. Падчас конкурснага ўрока я злавіла сябе на думцы, што ты абстрагуешся ад усяго і поўнасцю пагружаешся ва ўрок, не звяртаючы ўвагі ні на што. Майстэрства настаўніка дазваляе ўстанавіць кантакт з вучнямі, выклікаць іх да супрацоўніцтва. І калі ты бачыш, што вочы школьнікаў загарэліся, што пасля ўрока яны могуць падзяліцца сваімі ведамі, то ты разумееш, што жывеш не дарма. Калі бачыш вынік, то гэта і самасцвярджэнне, і самарэалізацыя. Таму лічу, што кожны настаўнік у сваім жыцці павінен паспрабаць свае ўласныя сілы, прайшоўшы праз конкурс “Настаўнік года”.

 Пераможцы ў кожнай намінацыі будуць узнагароджаны ганаровымі граматамі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Віншуем настаўнікаў і жадаем поспехаў на заключным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020”!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота прадастаўлена МГІРА.