Набыць новыя навыкі

- 15:01Выхаванне, Выхаваўчая работа

Тры палатачныя лагеры грамадзянска­патрыятычнага профілю дзейнічаюць зараз у Добрушскім раёне.

Праграму кругласутачнага адпачынку педагогі распрацавалі разам з пагранічнымі заставамі.

Лагер “Мы — юныя пагранічнікі” разгарнуўся на базе Кругавец-Калінінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Дарэчы, і летась хлопчыкі і дзяўчынкі на працягу дзевяці дзён адпачывалі і адначасова вучыліся сакрэтам пагранічнай службы і праходзілі асновы ваеннай падрыхтоўкі на пагранічнай заставе.

Ніўскі дзіцячы сад — базавая школа з пагранічнай заставай “Усохская Буда” супрацоўнічае ўжо 6 гадоў. Падлеткі навучыліся хутка разбіраць і збіраць АК-47 і страляць з пнеўматычнай вінтоўкі. Выкананне страявых практыкаванняў, праходжанне ўрачыстым маршам, выкананне страявой песні — у парадку нормы. Магчыма, таму навучэнцы гэтай установы адукацыі на працягу 3 гадоў утрымліваюць 2-е месца ў абласной ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Камандзір атрада Яраслаў Кочатаў гаворыць, што яго запаветная мара — стаць пагранічнікам:

— Кожны з нас умее страляць з пнеўматычнай вінтоўкі, збіраць і разбі­раць АК, а таксама танца­ваць, спяваць, арыентавацца ў лесе і г.д.

Максім Чыкуноў плануе паступаць у ваенны інстытут. Гаворыць, што падабаецца агнявая пад­рыхтоўка, у якую ўвахо­дзіць зборка і разборка аўтамата Калашнікава на час і стральба. А вось Настасся Ларчыкава ў атра­дзе — ваенкар. Да таго ж дзяўчыне падабаецца вывучаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны:

— Для нашага атрада прыкладам мужнасці і самааддачы з’яўляюцца пагранічнікі, якія аддалі жыцці, але не адступілі ад граніцы. 

У Насовіцкай сярэдняй школе на працягу шэрага гадоў штогод працуе перасовачны турыстычны лагер. У ім збіраюцца дзеці, якія любяць прыроду роднага краю і вячэрнія песні пад гітару… Многія менавіта тут навучыліся ўсталёўваць палаткі, разводзіць вогнішча ў любых пагодных умовах і на ім гатаваць ежу. Дзеці ўпэўнены, што ў такіх сітуацыях лепш пазнаеш сваіх сяброў і аднакласнікаў.

У Добрушскім раёне гэтым летам дзейнічаюць 20 добраахвотніцкіх атрадаў. Маладыя людзі самі прапанавалі навесці парадак на месцах вайсковых пахаванняў. У двух міжведамасных прафілактычных атрадах “Падлетак” — 30 дзяцей, якія патрабуюць асаблівай увагі. На ўвесь летні перыяд у Добрушскім раёне запланавана работа 20 інтэрактыўных і дзвюх спартыўна-гульнявых пляцовак. Як расказала начальнік аддзела адукацыі Добрушскага райвыканкама Ірына Шкаруба, 6 з 32 лагераў у раёне — працы і адпачынку:

— Два такія лагеры маюць тэматычную накіраванасць. Іх удзельнікі па дамовах з прадпрыемствам “Добрушскі камунальнік” займаюцца добраўпарадкаваннем горада да Дня беларускай пісьменнасці. 

Начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Васіль Зубец расказаў, што ў цэлым па вобласці гарантавана бяспечнае знаходжанне дзяцей у лагерах:

— За лета на Гомельшчыне адпачнуць 40 тысяч дзяцей у 935 аздараўленчых лагерах. Санаторна-курортнае лячэнне ў летні перыяд атрымаюць 13,5 тысячы навучэнцаў. Работа лагераў арганізавана па пэўных профілях і кірунках дзейнасці. Акрамя таго, ёсць лагеры працы і адпачынку. У іх прайсці аздараўленне і атрымаць заработную плату змогуць звыш трох тысяч дзяцей. У спартыўна-аздараўленчых лагерах з арганізацыяй трэніровачнага пра­цэсу з карысцю правядуць вольны час звыш 12,5 тысячы выхаванцаў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і школ алімпійскага рэзерву.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.