Начальнік аддзела адукацыі Асіповіцкага райвыканкама: кадравага голаду мы не адчуваем

- 12:11Планерка

На павышэнне якасці адукацыі, захаванне яе даступнасці, арганізацыю бяспечных умоў адукацыйнага працэсу пры эфектыўным выкарыстанні наяўных рэсурсаў накіравана дзейнасць аддзела адукацыі Асіповіцкага райвыканкама. Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела Ірына Сяргейчык.

Разам з педагогамі

— Ва ўстановах адукацыі раёна вядзецца эфектыўная работа з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, што пацвярджаецца вынікамі іх удзелу ў алімпіядным руху, у разнастайных спаборніцтвах самага рознага ўзроўню, — адзначае Ірына Мікалаеўна. — Сёлета на абласным этапе рэс­публіканскай алімпіяды па вучэбных прадметах школьнікі заваявалі 14 дыпломаў і 2 пахвальныя водзывы. Заключны этап гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў прынёс у скарбонку раёна 4 дыпломы. Дыпломы ІІ ступені заваявалі навучэнец 9 класа Ялізаўскай сярэдняй школы Мікіта Ганчароў па матэматыцы (настаўніца Людміла Савінская), адзінаццацікласніца гэтай жа школы Ксенія Александровіч па рускай мове і літаратуры (настаўніца Галіна Бурак), навучэнка 11 класа гімназіі Асіповіч Ганна Хаванская па фізічнай культуры і здароўі (настаўніца Анжаліка Бруёк). Дарэчы, Ксенія Александровіч адзначана спецыяльным прызам міністра адукацыі. Дыплома ІІІ ступені ўдастоены дзесяцікласнік гімназіі Асіповіч Сцяпан Быхаўцоў па інфарматыцы (настаўнік Яўген Гарадзецкі).

Праявілі сябе нашы школьнікі і на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару. Дыпломамі І ступені адзначаны адзінаццацікласнікі Ганна Чарнова з сярэдняй школы № 3 Асіповіч (кіраўнік — настаўніца геаграфіі Святлана Зайцава), Ягор Прыходзька з Каменіцкай сярэдняй школы (настаўніца біялогіі Ала Шалыпіна), Софія Суета з сярэдняй школы № 4 (настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алена Анціховіч). 

Акрамя таго, у рэспуб­ліканскім конкурсе тэхнічнай творчасці навучэнскай мола­дзі “Інжынеры будучыні” дыплома ІІІ ступені ўдастоена Ганна Чарнова з 3-й асіповіцкай школы (настаўніца Святлана Зайцава).

Ва ўстановах адукацыі навучэнцы разам з педагогамі рыхтуюцца да алімпіяд, конкурсаў, выкарыстоўваючы гадзіны факультатыўных, стымулюючых заняткаў, для іх праводзіцца індывідуальная работа, прымяняюцца магчымасці ІТ-тэхналогій. Падключаем да гэтай дзейнасці лепшых спецыялістаў у раё­не — настаўнікаў, якія з году ў год рыхтуюць пераможцаў, у якіх склалася выніковая сістэма работы, якія дапамага­юць педагогам і навучэнцам рыхтавацца. Задзейнічаны і спецыялісты СППС. Магілёўскі абласны інстытут развіцця адукацыі напярэдадні заключ­нага этапу алімпіяды арганізоўвае падрыхтоўчыя зборы, дзе педагогі-трэнеры, якія маюць вялікі вопыт у алімпіядным руху, право­дзяць заняткі.

Па традыцыі ў аддзеле адукацыі арганізоўваем сустрэчу з вучнямі, якія накіроўваюцца на абласны этап алімпіяды, каб яшчэ раз засведчыць, што ўся сістэма адукацыі раёна вельмі зацікаўлена ў іх паспяховым выступленні. Кожнаму ўдзельніку ўручаюцца блакнот і ручка “ад начальніка” з надзеяй на перамогу.

Акцэнт на якасці адукацыі

— Ірына Мікалаеўна, якія цікавыя праекты рэалізоўваюцца сёлета ва ўстановах адукацыі раёна?

— У бягучым навучальным годзе на базе 5 устаноў адукацыі раёна рэалізуюцца 3 рэс­публіканскія інавацыйныя праекты. Так, на базе сярэдняй школы № 3, дзіцячага сада № 6, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Асіповіч рэалізуецца праект па тэме “Укараненне сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў: рэгіянальная мадэль”. Педагагічны калектыў сярэдняй школы № 1 Асіповіч імя Б.М.Дзмітрыева працуе над праектам па тэме “Фарміраванне мадэлі самаадукацыі навучэнцаў у кампетэнтнасна-арыентаваным адукацыйным асяроддзі на аснове метадаў стратэгіі фарсайта”. Плануецца стварыць сістэму метадычнай работы па ўкараненні гэтай стратэгіі, перавесці асобу навучэнца ў пазіцыю актыўнага суб’екта адукацыйнай дзейнасці для пабудовы дарожнай карты самаадукацыі, якая будзе са­дзейнічаць яго паспяховай самарэалізацыі і ўсвядомленаму прафесійнаму самавызначэнню.

На базе сярэдняй школы № 2 праводзіцца работа па рэалізацыі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта па тэме “Апрабацыя мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.

У асіповіцкай сярэдняй школе № 3 ужо 30 гадоў працуе экалагічнае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Дзеля жыцця на зямлі”. Яго мэтай з’яўляецца творчае і інтэлектуальнае развіццё дзяцей, фарміраванне ў іх экалагічнай культуры, навыкаў рацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў, экалагічнае выхаванне і прапаганда энергаэфектыўнага ладу жыцця. Яго члены пішуць даследчыя работы, абараняюць праекты. Так, 1-е месца на конкурсе “100 ідэй для Беларусі” заняў Кірыл Альховік (настаўніца Святлана Зайцава).

— Што вас хвалюе як начальніка сёння?

— Мэтавым арыенцірам на найбліжэйшы час з’яўляецца павышэнне якасці адукацыі. Намаганні аддзела і ўстаноў адукацыі накіраваны на ўдасканаленне адукацыйнага працэсу, павышэнне эфектыўнасці выхаваўчай работы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і кадравага патэнцыялу. На сёння мы не адчуваем кадравага голаду. Ва ўстановах адукацыі ёсць, праўда, патрэба ў педагогах-псіхолагах. З мінулага года працуем над тым, каб рыхтаваць сваіх мэтавікаў.

У раёне дзейнічае 17 класаў і груп педагагічнай накіраванасці — гэта амаль у кожнай школе. Спадзяёмся, што зможам падрыхтаваць сабе дастойную змену.

Асноўная задача  — стварыць у кожнай установе адукацыі спрыяльную атмасферу, каб дзецям і дарослым было камфортна і бяспечна знахо­дзіцца ў ёй. Бо калі прыхо­дзіш на работу і абстаноўка радуе вока, то хочацца працаваць, тварыць, ісці да новых вяршынь. А нашы кваліфікаваныя спецыялісты, пераканана, падрыхтуюць вучняў да таго, каб яны былі рознабакова развітымі, выхаванымі, сапраўднымі патрыётамі нашай краіны.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва рэдакцыі