Начальнік аддзела па адукацыі Гарадоцкага райвыканкама: правядзенне атэстацыі ў форме ЦЭ навучэнцам спадабалася

- 16:38Образование

Сістэма выніковай атэстацыі, сумешчанай з уступнымі выпрабаваннямі, навучэнцам спадабалася. Такімі назіраннямі падзялілася з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Гарадоцкага райвыканкама Наталля Сушко.

— У нашым раёне ўсе 99 навучэнцаў 11-х класаў прынялі ўдзел у цэнтралізаваных экзаменах. У тым ліку на першым з іх беларускую мову здавалі 25 чалавек і 74 — рускую. У другім ЦЭ ўдзельнічала 98 навучэнцаў: адзін быў вызвалены, бо стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Калі гаварыць пра размеркаванне выпускнікоў згодна з рэгістрацыяй на экзамене 21 мая, то з усяго прадметнага спектра яны аддалі перавагу матэматыцы і біялогіі. Падвоз з сельскай мясцовасці да пункта правядзення ЦЭ, а гэта Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, ажыццяўляўся пяццю школьнымі аўтобусамі. Удзельнікі прыбылі загадзя, практычна ў 10 гадзін раніцы ў поўным складзе ўжо былі ў каледжы. Перад экзаменам з усімі педагогі правялі матывуючыя і тлумачальныя гутаркі, таксама з навучэнцамі працавалі псіхолагі.

Калі дзеці зайшлі ў аўдыторыі і занялі свае месцы, з імі яшчэ раз быў праведзены інструктаж, як правільна запаўняць бланк адказаў, на што звярнуць увагу, якія могуць быць памылкі пры запаўненні. У вызначаны тэрмін удзельнікі прыступілі да выканання экзаменацыйных заданняў. Характэрна, што ў нас не было выпадкаў, каб навучэнец пакінуў аўдыторыю праз 15—20 мінут пасля пачатку іспыту. Самы хуткі з удзельнікаў першага экзамену  выйшаў праз 1 гадзіну 15 мінут, а пераважна запоўненыя бланкі здавалі бліжэй да завяршэння адведзенага часу. На другім экзамене хутчэй за ўсё ўдзельнікі справіліся з заданнямі па грамадазнаўстве і даўжэй за ўсё рашалі заданні па матэматыцы. На ЦЭ панавала добразычлівая, рабочая атмасфера. Безумоўна, хваляванне ў дзяцей прысутнічала, гэта натуральна для такога значнага жыццёвага моманту. У тэхнічнай частцы незнаёмых і незразумелых для навучэнцаў і задзейнічаных педагогаў пытанняў не было, кожны дакладна ўяўляў свае задачы і парадак дзеянняў. Магчыма, паўплываў і раней набыты практычны вопыт, бо ў нашым раёне праводзіліся два рэпетыцыйныя экзамены. Першая эксперыментальная спроба адбылася ў мінулым кастрычніку, калі да нас прыязджаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, другая — разам з усёй краінай у студзені. 

Па нашых назіраннях, агульнае меркаванне ўдзельнікаў іспытаў пра экзамен пазітыўнае. У цэлым сістэма выніковай атэстацыі, сумешчанай з уступнымі выпрабаваннямі, навучэнцам спадабалася. Хтосьці перакананы, нібыта заданні былі лёгкія, хтосьці сказаў, што з падобнымі заданнямі сустракаўся на рэпетыцыйным экзамене, хтосьці прызнаўся, што давялося падумаць і не ўпэўнены, ці правільна выканаў. Усё ж мы ра­зам з нашымі дзецьмі спадзяёмся на добрыя вынікі.

Пасля экзамену гарадскія навучэнцы па заявах бацькоў былі адпушчаны дадому. Тым, хто жыве ў вёсцы і справіўся раней, давялося крыху пачакаць. Пасля завяршэння адведзенага на экзамен часу быў арганізаваны падвоз гэтых юнакоў і дзяўчат на школьных аўтобусах, прычым, прыехаўшы, кожны суправаджаючы педагагічны работнік адзваніўся нам, каб асабіста пацвердзіць: вучняў прывезлі, яны разышліся па дамах без здарэнняў, і ўсё ў парадку. Бацькі, канечне ж, таксама хваляваліся. Разам з тым відавочны факт: баць­коўская грамадскасць станоўча ацаніла навацыі сёлетняй уступнай кампаніі, у тым ліку цэнтралізаваныя экзамены. Гэты фармат зручны для дзяцей, дазваляе не толькі знізіць эмацыянальную і вучэбную нагрузку, але і больш якасна пад­рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання па прадмеце, выбраным у адпаведнасці з да­лейшымі прафесійнымі намерамі.

Таццяна БОНДАРАВА