Аб надзённых пытаннях арганізацыі вучэбнага працэсу, прафарыентацыйнай і выхаваўчай рабоце карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагаварыла з начальнікам аддзела па адукацыі Клічаўскага райвыканкама Аленай Несцяровіч.
— У красавіку споўніўся год, як вы ўзначалілі сістэму адукацыі раёна. Раскажыце пра свой прафесійны шлях. Што з назапашанага вопыту дапамагае вам у рабоце кіраўніка?
— Пачынала з выхавальніка сельскага дзіцячага сада ў Чэрвеньскім раёне, адкуль я родам. Амаль 20 гадоў прысвяціла школьнай адукацыі. Прайшла ўсе прыступкі прафесійнай дзейнасці: настаўнік беларускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Клічаўскага райвыканкама, галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі… Такі разнапланавы вопыт цяпер вельмі мне дапамагае. Добра ведаю асаблівасці работы па розных кірунках адукацыі. Гэта важна, бо кіраўнік — гэта чалавек, які прымае рашэнні і нясе адказнасць за іх.
— Чым з дасягненняў, напрацовак апошняга часу вы і вашы калегі асабліва ганарыцеся?
— Клічаўскі раён не самы вялікі — 1,4 тысячы навучэнцаў, 19 устаноў адукацыі. Але станоўчых вынікаў працы нямала. У раёне 15 навучэнцаў, якія ўключаны ў банк даных адоранай моладзі Беларусі. Нашы дзеці паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах і конкурсах. Так, на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару ў гэтым годзе атрымалі два дыпломы, на заключным — адзін, па астраноміі. У абласным этапе алімпіяды па вучэбных прадметах заваявалі 5 дыпломаў, на рэспубліканскім узялі дыплом па інфарматыцы.
Дзмітрыеўскай сярэдняй школе Клічаўскага раёна ў верасні мінулага года прысвоены статус Школы міру.
Працягваем рэалізацыю інавацыйных праектаў, пачалі новы эксперыментальны праект. Яго ўвасабляе ў жыццё Дзмітрыеўская сярэдняя школа Клічаўскага раёна. Тэма — “Апрабацыя мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.
— У ліку пераможцаў на рэгіянальным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” — настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 імя П.А.Крываноса Клічава Марыя Жукава. Вядома, такія перамогі — вынік як індывідуальнай, так і калектыўнай працы…
— Сапраўды так. Педагогі нашага раёна і раней бралі ўдзел у абласным этапе конкурсу, а вось у ліку пераможцаў апынуліся ўпершыню. Гэтаму папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Тут важна ўсё: якаснае правядзенне другога этапу конкурсу, арганізацыя, змест, воля да перамогі канкурсанта і, вядома ж, падтрымка і дапамога калег.
Педагагічная грамадскасць нашага раёна складаецца ў асноўным з вопытных педагогаў. Рэгулярна прыходзіць і моладзь. Створаны ўсе ўмовы для станаўлення, замацавання маладых спецыялістаў на рабочым месцы, на належным узроўні арганізавана настаўніцтва, прадугледжана матэрыяльная падтрымка, дапамога з жыллёвым пытаннем. Дарэчы, аб падрыхтоўцы дастойнай змены клапоцімся загадзя. У гэтым навучальным годзе з 6 маладых спецыялістаў, якія прыступілі да работы, 4 — мэтавікі. І на сёння мы ўжо выдалі 2 мэтавыя накіраванні на навучанне будучых педагогаў.
— Пагаворым пра надзённыя пытанні. З якім настроем педагогі і адзінаццацікласнікі рыхтуюцца да здачы цэнтралізаванага экзамену? Што новага прапаноўваецца для школьнага меню? Ці дамовіліся ўжо аб тым, як зменіцца з 1 верасня форма вучняў?
— Пунктам правядзення цэнтралізаванага экзамену ў Клічаўскім раёне вызначана гарадская сярэдняя школа № 1. Мы правялі вялікую растлумачальную работу і з дзецьмі, і з бацькамі, адказалі на хвалюючыя пытанні. У рэпетыцыі выпрабаванняў змаглі паўдзельнічаць усе 68 адзінаццацікласнікаў. Усе аспекты намі прапрацаваны, замінак на іспытах быць не павінна.
Працуем над паляпшэннем школьнага меню. У сакавіку на базе самай вялікай у раёне школы правялі апрабацыю 13 новых страў. Тыя з іх, што найбольш спадабаліся дзецям, пасля вясновых канікул уключылі ў меню ва ўсіх школах раёна. У іх ліку, напрыклад, фрытата, запечаная долькамі бульба, тварожная запяканка з какавай.
Што тычыцца новага элемента школьнай формы, то мы разам з бацькамі навучэнцаў вызначыліся на гэты конт. Ва ўсіх школах раёна дабавяцца пінжакі, спадніцы, штаны, сарафаны сіняга колеру.
— Для выпускнікоў школьны званок хутка прагучыць апошні раз. Як дапамагаеце дзецям у працэсе вучобы вызначыцца з будучай прафесіяй?
— У школах раёна адкрыты 7 класаў педагагічнага і 5 аграрнага профілю, ёсць група ваенна-патрыятычнай накіраванасці. На базе цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі старшакласнікі асвойваюць дзве спецыяльнасці — “Вадзіцель калёсных трактароў” і “Візажыст”.
У гэтым навучальным годзе з 6 маладых спецыялістаў, якія прыступілі да работы, 4 — мэтавікі.
Праходзіць вялікая колькасць прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Частыя госці ў школе — прадстаўнікі каледжаў аграрнага кірунку Клічава, Клімавіч, Жыліч, іншых навучальных устаноў. Запрашаем старшакласнікаў на прафарыентацыйныя экскурсіі. У гэтым навучальным годзе былі, напрыклад, у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, наведвалі прадпрыемствы. Рэгулярна арганізуем факультатыўныя заняткі, удзельнічаем у кірмашах мэтавай падрыхтоўкі, іншых мерапрыемствах.
— 2023 год — Год міру і стварэння. На чым робіцца акцэнт у выхаваўчай рабоце з дзецьмі?
— Вельмі важна, каб яны ведалі гісторыю Беларусі, ганарыліся сваімі продкамі. Возім іх на экскурсіі па знакавых месцах розных часоў — наведваем замкі, мемарыялы, музеі. Дзеці пранікаюцца, натхняюцца, дзеляцца ўражаннямі і фотаздымкамі ў сацыяльных сетках. У дзвюх гарадскіх і дзвюх сельскіх школах працуюць музеі, у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — музейна-выставачная зала. У кожнай установе адукацыі створана экспазіцыя па генацыдзе беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Не менш важныя задачы — выхаванне ў навучэнцаў гордасці за сваю краіну і яе сённяшнія дасягненні, гатоўнасці абараняць нашу незалежнасць, разумення каштоўнасці мірнага жыцця і стваральнай працы. Упэўнена, што сістэмнасць і разнастайнасць форм дзейнасці ў гэтых кірунках, шчыры і неабыякавы падыход педагогаў абавязкова дадуць свае вынікі, мы вырасцім сапраўдных грамадзян нашай краіны.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара