З мэтай узмацнення ролі працоўнага выхавання і павышэння прэстыжу рабочых прафесій 27 устаноў адукацыі заключылі сёлета дагаворы аб супрацоўніцтве з арганізацыямі АПК рэгіёна, паведаміў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Пінскага райвыканкама Віктар Гаўрыловіч.
Не спыняцца на дасягнутым
— У цэлым адукацыйная галіна рэгіёна спрацавала добра, амаль усе задачы выкананы. Але на дасягнутым мы не спыняемся, а мэтанакіравана рухаемся далей. У прыярытэце — даступнасць і якасць адукацыі на ўсіх узроўнях, фарміраванне ў вучняў кампетэнцый будучыні.

— Гэтыя кампетэнцыі так ці інакш развіваюцца ўжо з дашкольнага ўзросту. Што сабой уяўляе сістэма дашкольнай адукацыі раёна?
— Робім усё неабходнае для таго, каб яна была даступнай і задавальняла запыты бацькоў. На сайце аддзела па адукацыі можна азнаёміцца з інфармацыяй пра свабодныя месцы ў канкрэтнай установе. Іх сетка даволі варыятыўная: дзейнічаюць 106 груп, у тым ліку 3 спецыяльныя і 33 інтэграванага навучання і выхавання. Бацькі прыводзяць дзяцей ва ўстановы як на цэлы дзень, так і па гібкім графіку. З улікам запатрабаванасці адкрыты групы кароткачасовага знаходжання выхаванцаў. У цэлым забяспечанасць месцамі ў дашкольных установах складае больш за 98%. Разам з тым па-ранейшаму актуальным застаецца пытанне іх аснашчэння надворным гульнявым абсталяваннем.
5 устаноў удзельнічаюць у адукацыйным праекце “Інфарматыка без разеткі”, які рыхтуе старшых дашкольнікаў да далейшага навучання ў галіне інфарматыкі, інжынерных і прыродазнаўчых навук. У 3 установах рэалізуецца пілотны адукацыйны праект Парка высокіх тэхналогій “Лабараторыя адкрыццяў”. 5 устаноў далучыліся да праекта “Зялёныя школы”.
Ажыццяўляюцца на Піншчыне і новыя адукацыйныя праекты: “PRO-дасведчанасць: эканамічнае і фінансавае выхаванне”, мультстудыя “Свет вачыма дзяцей”, “Нейрагімнастыка ў фізічным выхаванні дашкольнікаў” і інш.
— А чым могуць пахваліцца школы?
— Задача педагогаў — выбудаваць эфектыўную адукацыйную траекторыю вучняў, якая дапаможа ім усвядомлена выбраць далейшы прафесійны шлях. І пачынаецца гэтая работа ўжо ў пачатковай школе, выхаванцы якой не толькі адкрываюць свет ведаў, але і знаёмяцца са светам прафесій.
Правільна пабудаваная дапрофільная падрыхтоўка і прафарыентацыйная работа дазваляюць не памыліцца з выбарам далейшага кірунку вучобы. У школах рэалізуюцца варыятыўныя формы і праграмы атрымання адукацыі. Так, 30% старшакласнікаў вучацца ў профільных класах, каля 51% вывучаюць прадметы на павышаным узроўні, больш за 98% асвойваюць праграму прафесійнай падрыхтоўкі рабочых па 6 спецыяльнасцях.
Адзін з важных паказчыкаў выніковасці работы — дасягненні школьнікаў. На іх рахунку 6 дыпломаў, атрыманых на абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, і 10 дыпломаў, атрыманых на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”. 12 мінулагодніх выпускнікоў атрымалі атэстаты асаблівага ўзору. Стабальныя вынікі на ЦЭ паказалі 3 вучні, на ЦТ — 2. Кожны трэці сертыфікат у перакладзе на 10-бальную шкалу адпавядае 9—10 балам. Амаль 95% выпускнікоў прадоўжылі вучобу, у тым ліку 45% ва УВА. Радуе, што амаль кожны другі дзевяцікласнік выбірае каледж для працягу адукацыі.
Асаблівая ўвага — падрыхтоўцы кадраў, неабходных айчыннай эканоміцы, найперш аграпрамысловаму комплексу. Сёлета больш за 13% учарашніх дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў паступілі ва ўстановы, каб атрымаць прафесію ў галіне сельскай гаспадаркі. Гэта вельмі важна, бо Піншчына — аграрны рэгіён. І попыт на адпаведныя кадры высокі.
З мінулага навучальнага года ў Парахонскай сярэдняй школе дзейнічае профільная група аграрнага кірунку, выхаванцы якой наведваюць факультатыўныя заняткі па ўводзінах у аграрныя прафесіі, арганізаваныя на базе ААТ “Парахонскае”. З 225 выпускнікоў школы, якія атрымалі за апошнія 15 гадоў пасведчанні аб падрыхтоўцы вадзіцеляў, у мясцовай гаспадарцы працуе 81.
З мэтай узмацнення ролі працоўнага выхавання і павышэння прэстыжу рабочых прафесій 27 устаноў адукацыі заключылі сёлета дагаворы аб супрацоўніцтве з арганізацыямі АПК рэгіёна.
Дзякуючы гэтаму, вучні змогуць знаёміцца з вытворчымі працэсамі ў гаспадарках, праходзіць там летнюю працоўную практыку, набываць адпаведныя ўменні і навыкі. Наперадзе сумесныя працоўныя акцыі, праекты па добраўпарадкаванні і азеляненні, прафарыентацыйныя мерапрыемствы.
— Нельга абысці ўвагай і работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі…
— Безумоўна. Сёлета вучні Піншчыны прынялі актыўны ўдзел у навуковым праекце “Агульны шлях да Вялікай Перамогі” сярод школьнікаў Беларусі і Чувашскай Рэспублікі Расіі. Юныя пошукаўцы вывучалі лёсы ўраджэнцаў Чувашыі, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акрамя таго, не менш выніковым стаў удзел у міжнародным гісторыка-асветніцкім конкурсе навуковых работ “Вялікая вайна: даследчы вопыт моладзі”.
Педагогі Піншчыны ўнеслі важкі ўклад ва ўстаноўку манумента да 80-годдзя Вялікай Перамогі ў вёсцы Галева. Школьнікі і настаўнікі прынялі ўдзел у акцыі “Дзеці Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням”: збіралі манеты для помніка праекта “Жывая памяць удзячных пакаленняў” у Маскве.
За школамі замацаваны вайсковыя пахаванні і помнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Вучні сустракаюцца з ветэранамі, якіх у раёне засталося ўсяго двое. Наладжана супрацоўніцтва з ветэранскай арганізацыяй, пагранічным атрадам, ваенным камісарыятам, ДТСААФ, РАУС, пракуратурай. У планах — арганізаваць вучэбна-метадычныя зборы “Адзін дзень у арміі” на тэрыторыі вайсковай часці.
На базе Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа паспяхова працуе ваенна-патрыятычны клуб “Прыпяцкі дазор”. Летась на базе гэтай установы адкрыўся рэсурсны цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, які наведваюць вучні трох школ.
Вынікам вялікай пошукавай работы пра ваеннага разведчыка, Героя Расійскай Федэрацыі, ганаровага грамадзяніна Пінскага раёна Мікалая Касцечку стала прысваенне яго імя Малоткавіцкай сярэдняй школе.
Прафесійны патэнцыял
— Дасягнуць высокай якасці адукацыі немагчыма без высокакваліфікаваных і творчых кадраў…
— Педагагічная сям’я Піншчыны аб’ядноўвае 891 работніка. 79% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 2 педагогі — катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Стабільна высокім застаецца попыт на настаўнікаў матэматыкі, фізікі і пачатковых класаў, педагогаў-псіхолагаў. Кадравы дэфіцыт вырашаем з дапамогай мэтавай падрыхтоўкі і педагагічных груп у школах. Так, 7 з 13 сёлетніх выпускнікоў такіх груп выбралі адпаведныя прафесіі ва УВА. А ў Ставоцкай сярэдняй школе такіх 83%!
За апошнія 5 гадоў у сістэму адукацыі Піншчыны прыйшлі 144 маладыя спецыялісты. Сёлета — 17. Іх замацавальнасць складае 80%.
Прафесійны патэнцыял педагогаў раёна вялікі. Пінкавіцкі дзіцячы сад адзначаны дыпломам І ступені, а Малоткавіцкая сярэдняя школа імя М.М.Касцечкі дыпломам ІІ ступені за высокія паказчыкі ў развіцці адукацыі па выніках работы вобласці за мінулы год у адпаведных намінацыях.
Спадзяюся, педагогі Піншчыны дастойна выступяць на адборачных этапах рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2026”.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва суразмоўніка





