Начальнік упраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама: «Галоўнае, што цаню ў настаўніку, — любоў да дзяцей»

- 11:41Планерка

Прайшоўшы шлях педагога­-арганізатара, настаўніка пачатковых класаў, метадыста і загадчыка раённага вучэбна­-метадычнага кабінета, начальнік упраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама Святлана Віктараўна Валько добра разумее педагогаў.

Для мяне гэтая работа блізкая, я ўся ў сістэме адукацыі Слонімскага раёна, ведаю ўсе ўстановы, практычна кожнага педагога, дзяцей. І людзі ведаюць мяне, мае адносіны да работы. Лічу, мне вельмі пашчасціла прайсці ўсе ступені ад простага настаўніка ў раёне, дзе нарадзілася, вучылася і куды вярнулася працаваць пасля заканчэння Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча і Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Не ў кожнага была такая магчы­масць. А яшчэ мне пашанцавала, што поруч са мной заўсёды былі вельмі добрыя кіраўнікі і педагогі, якія дапамагалі і падтрымлівалі ва ўсім, таму не магу іх сёння падвесці. Я заўсёды па жыцці была абавязковым чалавекам: калі нешта рабіць, то на ўсе сто працэнтаў. Вельмі важным лічу самаўдасканаленне, самаадукацыю і асабісты ўклад у агульную справу.

— Якія ў вас крытэрыі ацэнкі работы педагога?

— Галоўнае, што цаню ў настаўніку, — любоў да дзяцей. Гэта адразу бачна па паводзінах навучэнцаў, па іскрынках у іх вачах. Лічу, што выпадковых людзей у педагогіцы не павінна быць. Калі чалавек прыйшоў у дзіцячы садок ці школу, то на першым месцы ў яго павінна быць работа. Бацькі давяраюць нам самае галоўнае — сваіх дзяцей, і мы іх выхоўваем, вучым, клапоцімся пра іх бяспеку. Цаню ў педагогу жаданне развівацца і, безумоўна, вынік. За сваю работу людзі павінны атрымліваць дастойны заробак, што і робіць наша дзяржава.

— Нельга недаацэньваць ролю педагога. Дзякуючы каму дзеці дасяга­юць поспехаў?

— У мінулым годзе нашы выпускнікі паказалі на экзаменах добрыя вынікі, 25 чалавек атрымалі атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым ці сярэбраным медалём. Сёлета навучэнцы годна выступілі на III этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах: заваявана 23 дыпломы. Лідарамі сярод устаноў адукацыі з’яўляюцца гімназія, сярэднія школы № 9 і № 10. Каманда сярэдняй школы № 3 стала лепшай у абласным конкурсе юных фізікаў. Навучэнцы педагогаў Л.В.Кемяжук, Т.В.Ітовіч, Т.У.Свірэпік у 2022 го­дзе перамаг­лі ў заключным этапе алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, “Матэматыка”, “Гісторыя Беларусі”, а навучэнка сярэдняй школы № 8 пад кіраўніцтвам Н.В.Кудравец — у заключ­ным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару. Несумненнай заслугай педагогаў І.У.Захарчук і К.А.Лебедзь стала перамога іх выхаванцаў у фінале рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Сярэдняя школа № 2 прызнана адной з самых спартыўных школ у Гродзенскай вобласці. Ёсць дасягненні і па іншых напрамках.

Мы ганарымся нашай вялікай педагагічнай камандай. У апошні час кадравы склад умацаваўся яшчэ двума настаўнікамі-метадыстамі: гэта настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 3 Т.А.Шаўчэнка і настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 І.У.Захарчук. Штогод на работу да нас прыходзяць маладыя спе­цыялісты. Можна сказаць, што наша каманда — гэта адзінства традыцый і інавацый, вопыту і маладосці.

— Якія напрамкі работы сёння патрабуюць асаблівай увагі з боку ўпраўлення адукацыі?

— У першую чаргу, выніковая атэстацыя выпускнікоў, бо сёлетнія выпускнікі будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен. Зараз у нас распачата актыўная работа на месцах. Вызначаны базы для правя­дзення ЦЭ, арганізуецца вучоба са спецыялістамі і педагогамі, якія будуць задзейнічаны ў пунктах здачы. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі прахо­дзяць бацькоўскія сходы, і законныя прадстаўнікі маюць магчымасць атрымання вычарпальнай інфармацыі ад кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі аб фармаце выпускнога экзамену. Ужо вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні па правядзенні рэпетыцыйнага ЦЭ. Асаблівае значэнне надаём пытанням выхавання падрастаючага пакалення, акцэнтуем увагу менавіта на ўроку і яго выхаваўчым патэнцыяле.

— Важны аспект выхаваўчай работы — фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму ў навучэнцаў. Што ў гэтым кірунку робіцца ў раёне?

— Абноўлены Кодэкс аб адукацыі надаў новы імпульс фарміраванню ў маладога пакалення актыўнай жыццёвай пазіцыі, палітычнай культуры і прававой адказнас­ці, грамадзянскасці і патрыятызму. Сугучна кодэксу была прынята і Комплексная праг­рама выхавання дзяцей і моладзі ў Слонімскім раёне на 2021—2025 гады.

Калі чалавек прыйшоў у дзіцячы садок ці ў школу, то на першым месцы ў яго павінна быць работа. Бацькі давяраюць нам самае галоўнае — сваіх дзяцей, і мы іх выхоўваем, вучым, клапоцімся пра іх бяспеку.

Год гістарычнай памяці дазволіў задзейнічаць велізарны выхаваўчы патэнцыял устаноў адукацыі раёна. Нашы навучэнцы паглыбіліся ў гісторыю, уключыліся ў акцыі, прысвечаныя захаванню памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 6 тысяч вучняў далучыліся да рэалізацыі маштабнага праекта “Цягнік Памяці”. У школьных музеях арганізавана пошукава-даследчая работа па ўвекавечанні памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны. У абласным конкурсе “Віртуальны музей установы адукацыі” калектывамі сярэдніх школ №№ 2, 4 і 5, базавых Дзераўноўскай, Навасёлкаўскай, Вялікашылавіцкай школ завая­ваны дыплом I ступені, 4 дыпломы II ступені, 3 дыпломы III ступені. Краязнаўчая дзейнасць навучэнцаў Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы адзначана на ўзроўні Міністэрства адукацыі. Клуб “Сыны Айчыны” сярэдняй школы № 9 стаў пераможцам рэспубліканскага злёту пошукавых атрадаў “Мы — нашчадкі Перамогі”, ваенна-патрыя­тычнага злёту праваслаўнай моладзі. Навучэнцы пачалі знаёміцца з матэрыяламі па тэматыцы генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Абноўлены і пералік экскурсійных маршрутаў. Педагогі Слонімшчыны выхоўваюць у дзецях патрыятычныя пачуцці, прывіваючы юнаму пакаленню высокія ідэалы дабра, гуманізму і справядлівасці.

— Як школьнікі раёна могуць рэалізаваць свае здольнасці?

— У вольны час дзеці маюць магчы­масць займацца ў аб’яднаннях па інта­рэсах як на базе ўстаноў адукацыі, так і на базе Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Арганізаванымі формамі занятасці ў раёне ахоплена звыш 65% непаўналетніх. У бягучым навучальным годзе пашырана сетка аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю: адкрыты новыя аб’яднанні па інта­рэсах “LEGO-канструя­ванне”, RoboStart (для выхаванцаў дашкольнага ўзросту), “МіліМэтры” (для вучняў пачатковых класаў), а на базе гімназіі № 1 абсталяваны кабінет для заняткаў робататэхнікай.

З верасня 2022 года перафармаціраваны і шосты школьны дзень. Увялі тэматычныя суботы, дзякуючы праекту “Бацькоўскі ўніверсітэт” плануем больш актыўна прыцягваць бацькоў да ўдзелу ў жыцці школы.

— Што вас радуе і якія ў вас планы?

— Не могуць не радаваць паступовае ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі пры падтрымцы Слонімскага раённага выканаўчага камітэта і Слонімскага раённага Савета дэпутатаў і, безумоўна, будаўніцтва новых навучальных устаноў. У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” выдзелены сродкі для будаўніцтва ў мікрараёне Паўднёвы Захад сучаснага дзіцячага сада на 190 месцаў, увод у эксплуатацыю якога запланаваны ў 2023 годзе. Гэта будзе ўнікальны дзіцячы сад з басейнам, сучасным гульнявым і спартыўным інвентаром, безбар’ерным асяроддзем. Завяршаецца будаўніцтва стадыёна ў Жыровіцкай сярэдняй школе. За кошт спонсарскіх сродкаў ААТ “Беллакт” і ААТ “Слонімскі водаканал” закуплены і ўсталяваны сучасны інтэрактыўны цір “Рубеж”, аналагаў якога ў Гродзенскай вобласці няма. Планаў шмат, і мы працуем на тое, каб усе яны былі рэалізаваны.

 

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота з архіва С.В.Валько