Над Арэсай-ракой

- 14:43Родная земля, Рознае

Калісьці на тэрыторыі Любанскага раёна знаходзіліся амаль бясконцыя Мар’інскія балоты. Гэты край славіўся не толькі ўнікальнай экасістэмай, але і непаўторнымі традыцыямі, светапоглядам палешукоў, што жылі тут на выспах-астравах сярод балотнага мора. Пасля меліярацыйных работ мінулага стагоддзя Любаншчына змянілася: ландшафт, раслінны і жывёльны свет, глебы, лад жыцця мясцовых жыхароў — усё стала іншым. Дык што дала гэтай зямлі меліярацыя? Адказ паспрабуем пачуць напярэдадні Сусветнага дня водна-балотных угоддзяў, які адзначаецца 2 лютага, ад навукоўцаў, а таксама настаўнікаў і вучняў Любаншчыны — зямлі, дзе гаспадарыць знакамітая рака Арэса, праўда, ужо не такая паўнаводная, а ў многіх месцах выпрамленая і ператвораная ў звычайны меліярацыйны канал.

Балотнае пытанне

У даўнія часы на Беларусі колькасць балот і колькасць азёр была прыкладна роўнай: па дзесяць тысяч. Калі ў выніку навукова-тэхнічнага прагрэсу і маштабнай меліярацыі азёрам больш-менш пашчасціла, то многія балоты былі асушаны, а на іх месцы з’явіліся калгасныя палеткі. Аднак з-за людской безгаспадарлівасці, недальнабачнасці незайздросны лёс напаткаў і меліяраваныя землі. Калі выкарыстоўваць медыцынскія тэрміны, то сёння гэтым землям, што калісьці былі “лёгкімі Еўропы”, можна паставіць наступны дыягназ: запаленне, якое перарасло ў хранічную форму. Сімптомамі хваробы з’яўляюцца частыя тарфяныя пажары, абмяленне рэк, паніжэнне
ўзроўню грунтавых вод, знікненне некаторых відаў балотнай флоры і фаўны, зніжэнне ўрадлівасці асушаных зямель. Ды і эстэтычны выгляд у некалі забалочаных мясцін не самы прывабны: часта сустракаюцца закінутыя палі, перарэзаныя зарослымі каналамі. Асушаныя землі, безумоўна, неабходна “лячыць”. Але як? За адказам лепш звярнуцца да прафесіяналаў, напрыклад, супрацоўнікаў Інстытута меліярацыі НАН Беларусі. Аднак цікава пачуць і меркаванні людзей, чые продкі на працягу стагоддзяў жылі сярод балот, хто не горш за навукоўцаў ведае стан і патрэбы роднай зямлі.

Услед за Купалам

Выбраць установу адукацыі, дзе ведаюць, якія лекі неабходны для асушаных зямель, было нескладана: падказала знакамітая паэма Янкі Купалы “Над ракой Арэсай”, у якой гаворыцца пра асушэнне балот у ваколіцах вёскі Камуна. Яшчэ адносна нядаўна паэма вывучалася на ўроках літаратуры. Але многія каштоўнасці савецкай эпохі сталі неактуальнымі, пад сумненне пастаўлена і мэтазгоднасць праведзенай маштабнай меліярацыі, і цяпер паэмы ў школьнай праграме няма. Але для настаўнікаў і вучняў Камунараўскай сярэдняй школы імя Янкі Купалы гэты мастацкі твор і да сённяшняга часу з’яўляецца цудоўнай крыніцай вывучэння мінулага роднай зямлі, прымушае задумацца над яе лёсам.
Тэма меліярацыі так ці інакш закранаецца на ўсіх мерапрыемствах экалагічнага, краязнаўчага, грамадзянска-патрыятычнага напрамку, што ладзяцца камунараўскімі педагогамі. І гэта нядзіўна, бо гісторыя вёскі Камуна, яе ўзнікненне і развіццё, адметнасці навакольнай прыроды, асаблівасці ландшафту непарыўна звязаны з асушэннем балот. Узяць, напрыклад, экскурсію па школьнай экалагічнай сцяжыне. Маршрут пралягае праз палі і лясы, на месцы якіх гадоў сто таму панавала суцэльная дрыгва, па якой не тое што летам, нават у самыя лютыя маразы не заўсёды можна было прайсці (напрыклад, урочышчы Забярвечча, Абчынец, Караліха). Кожная адметная мясціна экалагічнай сцяжыны з’яўляецца станцыяй, якіх усяго налічваецца дзевяць. Падчас экскурсіі робіцца адпаведна дзевяць прыпынкаў, у тым ліку і каля помніка, што знаходзіцца на тым самым месцы, дзе ў 1929 годзе камунары паставілі на выспе сярод Мар’інскіх балот першую палатку. Менавіта той момант можна лічыць пачаткам грандыёзнай меліярацыі.

“Мар’іна балота, колькі ў табе красаў!”

З усімі этапамі работы па асушэнні Мар’інскіх балот можна пазнаёміцца падчас наведвання музея Камунараўскай сярэдняй школы. Хоць музей і з’яўляецца гісторыка-этнаграфічным, аднак значная частка яго экспанатаў звязана з працай камунараў, іх штодзённым побытам. А сустракае гасцей Янка Купала. Праўда, не сам Іван Дамінікавіч Луцэвіч, а яго выява на карціне, створаная былым настаўнікам Соснаўскай сярэдняй школы № 1 Анатолем Мікалаевічам Кавалеўскім. Падабенства з песняром настолькі моцнае, што здаецца, гэта не карціна, а фотаздымак. Чэрвень 1933 года, бераг Арэсы, задуменны Купала (напэўна, складае чарговыя радкі сваёй паэмы)… Дарэчы, як некалі ўспамінаў сам паэт, напярэдадні творчай камандзіроўкі на Палессе ён не думаў пісаць гэты твор, аднак калі пабачыў на месцы багны густыя палеткі збажыны, вузкакалейку (фрагмент якой цяпер з’яўляецца музейным экспанатам), то радкі нарадзіліся самі па сабе: “Мар’іна балота, // Колькі ў табе красаў! // На сабе гадуеш // Камуну, саўгасы”.
Гэтыя радкі і натхнілі былога дырэктара школы Анатоля Іосіфавіча Вялічку на стварэнне школьнага музея, цэнтральнае месца ў якім займае раздзел, прысвечаны меліярацыйным работам у гэтым краі. На стэндах раздзела можна ўбачыць фотапартрэты першых камунараў, якія сустракаліся з Купалам. Многія фотаздымкі знаёмяць наведвальнікаў з тым, як яны ўручную капалі каналы, узводзілі жытло.
— Мы стварылі элемент зруба, які служыў камунарам у якасці дома. У музеі захоўваецца частка вузкакалейкі, макет паравозіка, што калісьці бегаў ад Камуны да Соснаў, прылады працы камунараў. Абавязкова знаёмім наведвальнікаў і з летапісам камуны, які разам з вучнямі я пачала складаць адразу пасля прыходу на працу ў гэтую школу, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Камунараўскай сярэдняй школы Людміла Аляксандраўна Варабей.
Падчас камандзіроўкі на Любаншчыну мне пашчасціла наведаць яшчэ адзін музей — музей меліярацыі, які з’яўляецца адзіным на Беларусі і знаходзіцца ў вёсцы Камуна непадалёк ад школы. Асабліва ўразілі кантрасты экспазіцыі. Калі ў будынку музея захоўваюцца першыя прылады працы меліяратараў (напрыклад, драўляныя рыдлёўкі), то на вуліцы стаіць у якасці экспанатаў спецыяльная меліярацыйная тэхніка, якая таксама, як некалі камунары, але ўжо ў пасляваенны час, змагалася з балотамі. Пафарбаваныя ў чорна-аранжавыя колеры гусенічныя трактары, экскаватары знаходзяцца на заслужаным адпачынку. І гэтая састарэлая тэхніка, як і камунары, сумленна выконвала сваю працу. Нам жа застаецца рацыянальна карыстацца яе вынікамі: захоўваць урадлівасць асушаных зямель і ў той жа час не дапускаць іх дэградацыі.

Сапраўдны подзвіг

Цяпер у эпоху камп’ютарных тэхналогій можна толькі ўяўляць (і тое з цяжкасцю) усю складанасць працы камунараў. Шчыра кажучы, нават чорна-белыя фотаздымкі, на якіх адлюстраваны працэс меліярацыі пачатку 1930-х гадоў, не надта пераконвалі. Канечне, усведамляеш, што гэта рэпартажнае, а не інсцэніраванае фота. І ўсё ж неяк не верыцца, што ўручную, з дапамогай рыдлёвак (прычым не заўсёды металічных, а часцей драўляных) і тачак, па пояс у багне ўсяго за некалькі гадоў дэмабілізаваныя воіны Беларускай ваеннай акругі на чале з Эмануілам Натанавічам Модзіным выкапалі дзясяткі кіламетраў меліярацыйных каналаў і ператварылі Мар’інскія балоты ва ўрадлівыя палеткі. Вось дзіва дык дзіва! Нават прадукцыйнасць працы сучаснай меліярацыйнай тэхнікі за такі ж самы час будзе горшай. А тут людзі, да таго ж не асілкі і не спартсмены. Што кіравала камунарамі? Ідэя, а можа, моцная вера ў шчаслівую будучыню сваёй краіны, у важнасць работы, якую выконваеш? Цікава, а мы здольныя на падобны подзвіг?..

Крок за крокам

Здавалася, што асушэнне балот павінна было прынесці ў гэты край новае лепшае жыццё, перш за ўсё мясцовым жыхарам, якія тады жылі на хутарах, акружаных багнай. Аднак асаблівай радасці з нагоды меліярацыі палешукі спачатку не выказвалі. Вось што расказаў настаўнік геаграфіі Камунараўскай сярэдняй школы Аляксандр Мікалаевіч Бакан:
— Калі ў наш край прыехалі камунары, мая бабуля жыла з сям’ёй на хутары. Нягледзячы на не самыя спрыяльныя для жыцця прыродныя ўмовы, людзі рупліва працавалі з ранку да ночы, таму жылі даволі заможна. Вядома, што палешукі — людзі памяркоўныя, асцярожныя, таму камунараўскі імпэт яны раздзялілі не адразу, як і тыя змены, што прыносіла меліярацыя. Пасля асушэння пачалася калектывізацыя, людзей сталі перасяляць з хутароў у вёску. У першыя гады дзейнасці калектыўнай гаспадаркі працаваць на асушаных землях даводзілася ўручную. Гэта ўжо потым з’явіліся трактары, якія можна ўбачыць на фотаздымках у школьным музеі.
А што балота? Няўжо яно проста так змірылася з тым, што прышлыя людзі парушылі яго спаконвечны лад жыцця. Яшчэ ў гады дзяцінства Аляксандра Мікалаевіча гусенічныя трактары часта правальваліся на асушаных палях. Аднак наступ цывілізацыі на прыроду пачаўся, і сілы тут, безумоўна, не былі роўнымі. У хуткім часе непадалёк ад таго месца, дзе некалькі камунараў паставілі першую палатку, была пабудавана вёска, пракладзены вуліцы, з’явілася электрычнасць, пачалі працаваць цагельны, сыраробны і маслабойны заводы. А памяркоўныя палешукі, калі ўбачылі станоўчыя змены, таксама далучыліся да асушэння балот. Як успамінаюць вясковыя старажылы, у першыя гады на асушаных палетках асабліва выдатны ўраджай давала агародніна. Кажуць, што качаны капусты вырасталі вагой да пуда. Але з часам урадлівы слой на тарфяных глебах выветрываўся, пачалася дэградацыя зямель.

Што рабіць?

Каб спыніць гэты працэс, важна рацыянальна выкарыстоўваць тарфяныя глебы, паколькі яны ўразлівыя, адчувальныя да нізкіх тэмператур, падвяргаюцца эрозіі. Захаваць высокую ўрадлівасць тарфяных глеб можна толькі дзякуючы распрацоўцы правільнай стратэгіі абыходжання з асушанымі землямі, а менавіта выкарыстоўвання іх пад лугі. Вырошчванне ж прапашных культур на тарфяных глебах прыводзіць да іх хуткага зношвання, з’яўлення пылавых бур, пападання прадуктаў хімізацыі ў каналы, рэкі. Яшчэ адна з праблем, якая хвалюе сучасных меліяратараў, — гэта падтапленне асушаных пойменных зямель. Так, у Любанскім раёне асушаныя тарфянікі ператварыліся ў пераўвільгатненыя глебы, амаль пясчаныя, з нізкай OLYMPUS DIGITAL CAMERAурадлівасцю. Для вырашэння гэтай праблемы неабходна або рэканструяваць рэчышча Арэсы, або мяняць структуру землекарыстання. Менавіта такімі думкамі падзяліўся дырэктар Інстытута меліярацыі НАН Беларусі кандыдат тэхнічных навук Мікалай Кірылавіч Вахонін.
Наогул, калі знаёмішся з усімі адмоўнымі вынікамі меліярацыі, само сабой напрошваецца пытанне: ці патрэбна яна была для нашай краіны, асабліва ў тых грандыёзных маштабах? Спрэчкі наконт гэтага пытання і цяпер час ад часу ўзнікаюць на інтэрнэт-форумах, у размовах людзей, не абыякавых да лёсу краіны. З аднаго боку, калі б меліярацыя не адбылася, то ў вялікай колькасці захаваліся б некаторыя віды раслін і жывёл, рака Арэса па-ранейшаму была б звілістай, рыбнай і паўнаводнай. З другога боку, дзякуючы меліярацыі, у палескім краі пракладзена сотні кіламетраў дарог, жыццё мясцовых жыхароў стала больш мабільным. Але што гаварыць пра гэта цяпер… Куды важней думаць пра вырашэнне праблем, якія
ўзніклі пасля маштабнай меліярацыі.
— Галоўны негатыўны вынік асушэння балот заключаецца ў змяненні прыродна-тэрытарыяльнага комплексу мясцовасці. Пасля правядзення меліярацыі за 40 гадоў знікла каля 20 відаў раслін і 10 відаў птушак. Самы просты прыклад. У часы майго дзяцінства можна было лёгка ўбачыць балотную чарапашку. Цяпер зрабіць гэта праблематычна, чарапаха занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч Бакан.
Вось некалькі прапаноў ад камунараўскіх педагогаў наконт таго, як палепшыць стан асушаных зямель: неабходна ствараць як мага больш лесаахоўных палос, каб не выветрываўся ўрадлівы слой глебы; меліяраваныя землі трэба забалочваць, хаця б тыя часткі, што не апрацоўваюцца, не засяваюцца сельскагаспадарчымі культурамі; землі можна выкарыстоўваць у якасці лесагадавальнікаў, высаджваць на іх расліны, асабліва не патрабавальныя да вільгаці, напрыклад, сасну.

Любанскія эколагі

Вынікі меліярацыі вывучаюцца і ў сярэдняй школе № 1 Любані. Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Аляксееўна Касцюкавец, экалагічным выхаваннем школа займаецца з 1998 года. Работа ў гэтым напрамку пачалася са стварэння экалагічнага цэнтра, ініцыятарам узнікнення якога з’яўляецца былы дырэктар Аляксандр Аляксандравіч Шулякоўскі. Спачатку гэта быў асобны клас, потым настаўнікі пачалі працаваць над яго ўнутраным афармленнем, стварылі выставу птушак. Цяпер вучні не проста знаёмяцца з выявамі птушак, але і слухаюць аўдыязапісы з іх галасамі, праглядаюць відэафрагменты з іх жыцця. Акрамя таго, у цэнтры размешчана вялікая бібліятэка, тут можна праводзіць якасныя заняткі па біялогіі, экалогіі, геаграфіі. А вось незвычайныя фанерныя аблокі, што стаяць нібыта музейныя экспанаты, адлю-строўваюць этапы экалагічнай работы ў школе.
— Экалагічнае выхаванне ажыццяўляецца праз вучэбную дзейнасць і пазакласную работу. Вучні ўдзельнічаюць у рабоце школьнага лясніцтва, у розных конкурсах, мерапрыемствах, многія з якіх сталі традыцыйнымі. Так, штогод у красавіку мы праводзім экалагічны марафон, падчас якога школьнікі рознага ўзросту прадстаўляюць свае экалагічныя праекты. Калі ў малодшых класах праекты звязаны з вывучэннем пэўных раслін, праблемамі ўтылізацыі адходаў, то старшакласнікі даследуюць уплыў меліярацыі на стан ракі Арэсы, — сказала Наталля Аляксееўна.
Як адзначылі настаўнік біялогіі Андрэй Мікалаевіч Матусевіч і настаўніца геаграфіі Жанна Фёдараўна Шульгач, падчас працы над навукова-даследчым праектам “Маніторынг ракі Арэсы” было праведзена комплекснае вывучэнне яе поймы, даследавана глеба, расліннасць, водны баланс.
— Мы прыйшлі да высновы, што ўзровень грунтавых вод на тарфяных глебах рэзка панізіўся. Гэта выклікала фарміраванне ўнутранай і ветравой эрозіі. Тарфяныя глебы страцілі вільгаць, сталі больш лёгкімі і пачалі дэградаваць. Урадлівасць глеб зніжаецца, іх структура мяняецца, адбываецца абмяленне ракі. Арэса амаль на ўсёй сваёй працягласці выпрамлена і ператворана ў канал, — сказалі настаўнікі.

Калі баліць душа

Падчас нашай размовы педагогі Любаншчыны актыўна дзяліліся сваімі думкамі наконт пераадолення адмоўных вынікаў меліярацыі. Але ці рэалізуюцца гэтыя прапановы? Ці, можа, як заўсёды, людзі, у якіх за лёс роднага краю баліць душа, будуць толькі выказваць думкі пра шляхі вырашэння пэўных праблем, а тыя, хто сваёй дзейнасцю непасрэдна ўплывае на стан зямлі, будуць рабіць так, як лічаць неабходным, кіруючыся эканамічнымі выгадамі, не задумваючыся пра вынікі дзейнасці?
Каб палепшыць стан асушаных зямель, думаю, настаўнікам варта звярнуцца з канкрэтнымі прапановамі да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, ад дзейнасці якіх і залежыць будучыня меліяраваных зямель. Трэба праводзіць сумесныя сустрэчы, круглыя сталы. Не ведаю, наколькі ўсё рэальна, але калі гэта атрымаецца і педагогі будуць пачутыя, то стан асушаных зямель будзе абавязкова паляпшацца. Можа, мы нарэшце навучымся выпраўляць памылкі папярэдніх пакаленняў і самі не будзем рабіць неабдуманых крокаў. А паказчыкам нашага клопату пра родную зямлю з’яўляецца стан ракі Арэсы. Калі яна праз гадоў сто застанецца чыстай і рыбнай, то значыць, тая работа, што праводзіцца па пераадоленні наступстваў меліярацыі, з’яўляецца правільнай і эфектыўнай.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва Камунараўскай сярэдняй школы.