Надаць імпульс рабоце па барацьбе з перашкодамі на ўнутраным рынку саюза

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза заявіў аб неабходнасці надаць імпульс рабоце па барацьбе з перашкодамі на ўнутраным рынку ЕАЭС.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што заканчваецца чацвёрты год дзеяння дагавора аб ЕАЭС з дзесяці адведзеных для зняцця ўсіх перашкод на шляху руху тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы, фарміравання агульных галіновых рынкаў.

“Што тут граху таіць: не ўсё мы зрабілі, што планавалі, таму і лёс у вас цяжкі. Асноўныя праблемы вядомы, таму я хацеў бы заклікаць вас і папрасіць яшчэ раз уважліва абмеркаваць іх і прыняць вывераныя рашэнні, неабходныя для станаўлення паўнацэннага эканамічнага саюза. Гэта асабліва востра гучыць у наш час, і часу ў нас практычна не застаецца для таго, каб расслабляцца, трэба рухацца наперад, маючы на ўвазе тое, што адбываецца на міжнародных гандлёвых рынках. Перш за ўсё трэба надаць імпульс рабоце па барацьбе з перашкодамі на ўнутраным рынку, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае, што мы ведаем, у якім напрамку рухацца, веды і вопыт ужо вялікія ёсць. Але марудна мы вырашаем гэтыя пытанні, а гэтыя бар’еры павінны быць зняты”.

Больш за тое, адзначыў прэзідэнт, былі выпадкі, калі адны бар’еры ўстараняліся, а на іх месцы тут жа ўзводзіліся іншыя. Напрыклад, заканчваецца вызначаны дагаворам аб ЕАЭС двухгадовы перыяд дзеяння выключэнняў з нацыянальнага рэжыму ў сферы дзяржзакупак, першапачаткова задуманы як выключная мера. І тыя ж выключэнні зноў устанаўліваюцца на чарговы двухгадовы перыяд, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

“Заканамернае пытанне: да чаго мы ў такім выпадку імкнёмся — да адзінай эканамічнай прасторы або да выкарыстання прававых пралазаў для нацыянальнага пратэкцыянізму? Мы ўсе павінны дакладна разумець: саюз будзе ўяўляць каштоўнасць для нашых эканомік і знешніх партнёраў, толькі калі ён стане прадказальнай арганізацыяй, якая будзе гуляць па вызначаных намі ж правілах”, — сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ключавым элементам з’яўляецца стварэнне агульных энергетычных рынкаў. Пры гэтым беларускі бок не разумее, чаму ў інтарэсах справядлівай канкурэнцыі ўсе прызнаюць неабходнасць адзіных тарыфаў на чыгуначныя перавозкі, але не ўсе згодны з сіметрычным падыходам у пытаннях транспарціроўкі газу.

“Суб’екты гаспадарання чакаюць, што праз дзесяць дзён у Піцеры кіраўнікі дзяржаў паставяць свае подпісы пад праграмамі фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў, аб чым мы дамаўляліся. Такім чынам, будзе зроблены крок да з’яўлення стабільнай паліўна-сыравіннай асновы саюза. Але для гэтага сёння ў Мінску трэба вырашыць праблемы, якія застаюцца”, — канстатаваў прэзідэнт.

Усё больш важным аспектам сумеснай работы ў ЕАЭС становіцца лічбавы парадак дня, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Краіны падвялі добрую тэарэтычную і прававую базу. Цяпер асноўная задача — вызначыць першачарговыя лічбавыя рашэнні, якія здольны забяспечыць значны эфект для трансгранічнага і міжгаліновага ўзаемадзеяння. “Мінск гатовы да паўнацэннага ўдзелу ў рэалізацыі гэтых ініцыятыў. Мы гатовы ўнесці добры ўклад у рэалізацыю гэтых прапаноў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў вырашэнні гэтых пытанняў неабходна больш актыўная роля Еўразійскай эканамічнай камісіі, якая ўжо не раз звярталася з прапановамі пашырыць свае паўнамоцтвы. “Я асабіста падтрымліваю гэта. Але трэба разумець, што больш паўнамоцтваў — гэта больш адказнасці”, — заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць расійскаму старшынству за намаганні па далейшым пашырэнні інтэграцыі, а таксама за ўключэнне ў інтэграцыйную тэматыку новых напрамкаў супрацоўніцтва.

“У нас засталіся не ахопленыя дагаворам даволі важныя тэмы, такія як экалогія, аднаўляльная энергетыка, якая ўжо стукае ў дзверы, космас, медыцына, спорт і турызм, супрацоўніцтва па якіх унясе дадатковы ўклад у развіццё нашага саюза. Разам з тым пашырэнне парадку дня павінна быць прадуманым і не наносіць шкоды вырашэнню бягучых задач Еўразійскага эканамічнага саюза. Таму мы, зразумела, чакаем ад урадаў узважаных прапаноў наконт гэтага”, — сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Тыгран Саркісян на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі ўрадаў дзяржаў ЕАЭС адзначыў вельмі насычаны парадак дня пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета, якое праходзіла ў Мінску 27 лістапада.

“Традыцыйна на ўзроўні прэм’ер-міністраў мы абмяркоўваем тыя праблемныя пытанні, дзе неабходна дасягнуць кампрамісу. Мы інтэнсіўна развіваем лічбавы парадак дня, і наша пасяджэнне пачнецца менавіта з абмеркавання гэтай тэматыкі і тых ініцыятыў, якія зацверджаны прэзідэнтамі і якія мы пачалі ўжо рэалізоўваць. Лічбавыя трансфармацыі тычацца ўсіх сфер жыццядзейнасці нашых краін. Таму тут мы бачым задаткі павышэння эфектыўнасці нашага саюза”, — сказаў старшыня калегіі ЕЭК.

Ён таксама выказаў меркаванне аб неабходнасці пераадольваць забюракратызаванасць у рабоце. “Ёсць шмат пытанняў, якія з узроўню савета можна перадаць у камісію. Яны вельмі тэхнічныя, і загружаць імі савет сёння немэтазгодна, таму што ёсць вельмі шмат канцэптуальных дыскусійных пытанняў, на якія мы прапаноўвалі б арыентавацца”, — адзначыў старшыня калегіі ЕЭК.

Тыгран Саркісян дадаў, што ў калегіі прысутнічае прынцып роўнапрадстаўленасці, які дае магчымасць усім урадам быць уключанымі ў працэс праняцця рашэння. Акрамя таго, у міжурадавага савета ёсць права вета ў тым ліку на рашэнне калегіі. “Пашырэнне паўнамоцтваў калегіі азначае перш за ўсё павышэнне адказнасці. І гэта прывядзе да павышэння эфектыўнасці работы гэтага органа”, — рэзюмаваў ён.