Надзейная будучыня рэгіянальнай адукацыі

- 11:01Навіны рэгіёнаў

У шэрагу школ сёння востра адчуваецца недахоп маладых настаўнікаў, якія валодаюць адпаведнай кампетэнцыяй, узроўнем ведаў для эфектыўнай прафесійнай дзейнасці. Прычына незамацавання маладых спецыялістаў у галіне не заўсёды звязана з матэрыяльнымі аспектамі.

Патрабаванні да агульнаадукацыйнай школы штогод павышаюцца, укараняюцца новыя тэхналогіі, метады навучання. Усё гэта патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі, якой у маладых педагогаў не заўсёды хапае. Менавіта таму ў пачатку прафесійнага шляху для іх асабліва важная падтрымка і дапамога больш вопытных калег. Такога меркавання прытрымліваюцца ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і абласным інстытуце развіцця адукацыі, у сувязі з чым для маладых настаўнікаў перыядычна праходзяць спецыяльныя вучэбныя мерапрыемствы, конкурсы, накіраваныя на развіццё прафесійных навыкаў. Адно з такіх мерапрыемстваў — фестываль “Ініцыятыва. Пошук. Творчасць”.

— Сістэма работы з маладымі настаўнікамі ў нас наладжаная. Функцыянуюць школы маладых педагогаў, развіты інстытут настаўніцтва. Шмат робіцца і на абласным узроўні, — расказала начальнік аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу МДАІРА Алена Афанасенка.
Паводле яе слоў, фестываль “Ініцыятыва. Пошук. Творчасць” задуманы як своеасаблівая матывацыя пачынаючых настаўнікаў да ўдасканалення прафесійнага майстэрства. Для ўдзелу прапаноўвалася напісаць эсэ, падзяліцца сваімі развагамі наконт выбару прафесіі, значнасці настаўніцкай працы ў грамадстве. Задумка добрая, таму яна знайшла водгук сярод маладога настаўніцтва. Усяго ў фестывалі паўдзельнічала звыш 250 педагогаў. Лідары раённых этапаў былі дапушчаны да конкурснага адбору абласнога тура. Па яго выніках вызначыліся сем фіналістаў, якіх чакала публічная абарона сваіх работ.
— Фестываль, які накіраваны на павышэнне прафесіяналізму, — гэта не толькі спаборніцтва, але і свята, магчымасць абмяняцца ведамі, таму на фінал мы запрасілі ўсіх удзельнікаў, арганізаваўшы для іх майстар-класы ад больш вопытных калег, — адзначыла Алена Афанасенка.
Асаблівую цікавасць у маладых магілёўскіх педагогаў выклікала выступленне пераможцы Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” Віктара Жука, які выкладае гісторыю ў сярэдняй школе № 11 Маладзечна. Планавалася, што Віктар Эдуардавіч правядзе на сцэне міні-ўрок. Аднак яго метады работы так захапілі аўдыторыю, што ўрок атрымаўся паўнацэнным. Настолькі цікавымі заняткі зрабіла выкарыстанне сучасных падыходаў да навучання. Маркіровачнае чытанне, складанне кросенсаў, разгадванне крыжаванак, прагляд тэматычных відэафрагментаў — усё гэта цалкам захапіла гісторыяй і педагогаў, якія выступілі ў ролі вучняў, і тых, хто назіраў за імправізаваным вучэбным працэсам з залы.
Не менш інфармацыйна насычана прайшлі майстар-класы магілёўскіх педагогаў, якія сталі ўдзельнікамі і лаўрэатамі Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 15 Магілёва Галіна Дудко пазнаёміла калег з інтэрактыўнымі метадамі павышэння пазнавальнай актыўнасці вучняў і магчымасцямі іх прымянення на ўроках. Аб гэтай форме работы маладым педагогам хіміка-біялагічнага профілю расказала і настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 3 Крычава Алена Цілюпа. Выкладчык фізічнай культуры і здароўя Ясенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Максім Мікуліч падзяліўся вынікамі сваёй работы па выкарыстанні на занятках відэакантэнту. Прысутныя на майстар-класе настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 10 Бабруйска Ірыны Матузавай даведаліся аб эфектыўных прыёмах павышэння пісьменнасці навучэнцаў. У рамках майстар-класа настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 2 Магілёва Кацярыны Ляшчэвіч пачынаючыя педагогі вызначалі асноўныя напрамкі дзейнасці, накіраваныя на выхаванне полікультурнай асобы навучэнцаў. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Юрый Каласоўскі расказаў калегам пра тое, як вынікова выкарыстоўваць на занятках элементы актыўнай ацэнкі. А выкладчыца матэматыкі гімназіі № 3 Магілёва Настасся Асэсарава прадэманстравала магчымасці інтэрактыўнай дошкі.
Пасля пазнавальных майстар-класаў удзельнікі фестывалю перамясціліся ў актавую залу МДАІРА, каб падтрымаць фіналістаў. З невялікім хваляваннем яны расказвалі прысутным, чым быў абумоўлены іх выбар прафесіі, як праходзіў самы першы ўрок. Кожнае эсэ стала сапраўдным адкрыццём. Сур’ёзна і з гумарам фіналісты гаварылі пра тое, чаму прыйшлі ў школу, як праходзіла іх прафесійнае станаўленне, у чым яны бачаць прызначэнне настаўніка. Выступоўцаў уважліва слухалі і журы, і гледачы. Сваімі развагамі яны пераконвалі: у сістэмы адукацыі Магілёўшчыны — надзейная будучыня.
Вядома, выбар лепшых даўся журы не проста. Без узнагарод не застаўся ніхто. Тыя, хто не стаў прызёрам, атрымалі дыпломы лаўрэатаў. Педагогі, якія набралі найбольшую колькасць балаў, а гэта настаўніца хіміі гімназіі № 1 Горак Кацярына Залатарская, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 Магілёва Уладзіміра Ланская і настаўнік англійскай мовы гімназіі № 2 Магілёва Дзяніс Тукаеў, акрамя пераможных дыпломаў, атрымалі яшчэ і права прыняць удзел у рэспубліканскай акцыі “Вопытныя педагогі вырастаюць з маладых”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.